Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памяць пра дыктатараў як прынада для турыстаў


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Можна будаваць Дыснэйлэнд, скульптуры зь пяску, музэі мёду, а можна прапаноўваць экстрэмальны турызм у Чарнобыльскую зону альбо завабліваць спадчынай дыктатараў, артэфактамі свайго таталітарнага мінулага.

АЛЬБАНІЯ

Альбанія — прыклад краіны, якой трэба змагацца за станоўчы турыстычны імідж. Будуць турысты — будзе больш грошай у казьне.

Задумайцеся: сёньня турыстаў завабліваюць у Альбанію, як у «апошнюю краіну за жалезнай заслонай». У нашым пакоі на Корфу ў рэклямных буклетах так і было напісана, чорным на белым. Так, жалезная заслона існавала, але, здавалася б, калі гэта было? Няважна. Альбанія засталася ў сьвядомасьці эўрапейцаў замкнутай на сем замкоў краінай Энвэра Ходжы. І наш гід грэк з Корфу, паказваючы на альбанскі бераг, да якога менш за два кілямэтры, паўтараў пра «апошнюю краіну за жалезнай заслонай».

Калі вы ўсё ж паедзеце туды, вам пакажуць архітэктурныя пабудовы грэцкіх і бізантыйскіх часоў, але цяжэць над усім будзе спадчына часоў жалезнай заслоны.

Энвэр Ходжа сорак гадоў будаваў у Альбаніі бэтонныя бункеры, уласна кажучы, каўпакі для абароны. Па бункеру на кожных чатырох жыхароў. Семсот тысяч здолеў пабудаваць, да мільёну не дацягнуў, памёр. Марское ўзьбярэжжа было ўсьцяж забудаванае бункерамі. Толькі ў 2012 годзе альбанскае начальства прыняло рашэньне дэмантаваць іх, перш у тых месцах, дзе бываюць турысты.

Так што Альбанія — краіна параноі, што знайшла ўвасабленьне ў бэтонных каўпаках. Ці варта гаварыць, колькі не было пастаўлена жылых дамоў ды іншых карысных будынкаў? Тырана — сталіца, дзе вялізная статуя Сталіна стаяла яшчэ ў 1991 годзе.

Альбанія — краіна-велізарны склад зброі, якую назапашваў Ходжа адначасова з будаўніцтвам бункераў. У 1997-м здарылася небывалае паўстаньне, склады разрабавалі, 610 тысяч адзінак толькі стралковай зброі. Якая потым трапіла ў суседняе Косава. Ледзь ня ў кожнага альбанца ў руках апынуўся «калашнікаў». Што было адлюстравана, між іншым, у новым альбанскім кіно.

Адзін фільм атрымаў Вэнэцыянскага льва. Малады немец падарожнічае па Альбаніі. Уласна кажучы, ён набыў за трыццаць марак бункер, бэтонны каўпак, які на савецкім грузавіку сталінскіх часоў яму вязе да марскога порту ягоны мясцовы раўналетак. Сонца, неба, прыгожае мора і занядбаны няўтульны берагавы краявід, уздоўж якога бясконцым ланцугом — бэтонныя бункеры. Дзьве дамінанты: кілямэтрамі груды сьмецьця ды шэрыя бэтонныя каўпакі, і гэта на фоне жылых кварталаў, уласна спальнай забудовы. Нэндза ў альбанскіх хрушчоўках, «калахі» пад ложкам, сталінская статуя, якую вязе цераз горад, вызваліўшыся ў порце ад бункера, старэнькі «ЗіС». Ёсіф Вісарыёнавіч ляжыць у кодабе на сьпіне, рука тырчыць у неба, быццам той «калашнікаў».

У мяне на Корфу быў куплены ў аэрапорце летні нумар «часопіса для чытаньня» «Książki», які выдае вядомая «Gazeta Wyborcza». Апроч іншага, расказваецца пра гарады Эўропы. Адна маладая полька жыве ў Тыране. Піша, што горад засыпаны сьмецьцем, ніхто не прыбірае. Нярэдка выбухаюць бомбы. Звычайна без ахвяраў, але бывае кагосьці «разарве». Альбанцы ставяцца да гэтага халодна: калі загінуў, то, напэўна, заслужана. У Тыране ніхто не забівае пачцівых людзей, супакойвае полька. Але ці захочацца вам паехаць у Тырану пасьля такой «рэклямы»?

РУМЫНІЯ

Другі вядомы прыклад — Румынія. Дракула і Чаўшэску. Хоць таксама – замкі, манастыры. Але над іміджам трэба працаваць. Па BBC World сёлета пастаянна бачыў рэкляму вельмі прыгожых румынскіх краявідаў: наведайце чароўную краіну!

БЕЛАРУСЬ

Мы можам скакаць вышэй за галаву, але застанемся тым, кім былі. Надзяваць маскі, надзімаць шчокі? А калі мы нават не спрабуем нічога — тым больш застаемся жыхарамі краіны, дзе ня стала СССР, дзе «імпэрыю зла» скасавалі. Які выдатны брэнд! Суседзі могуць толькі пазайздросьціць. Такая ўдача выпадае бадай раз на тысячу гадоў! І так усё змарнаваць! Зрабіць Белавескую пушчу «рэзыдэнцыяй» Дзеда Мароза, штучна прыцягнутага сюды за вушы. Ператварыць у балаган.

Роля сур’ёзнага брэндавага аб’екту перададзеная «лініі Сталіна», мы чапляемся за імя тырана, не дазваляем яму «кануць у Лету». Начальства палічыла, што быць краінай Хатыні, як раней, — занадта змрочна. І сёньня ўсіх цягнуць на лінію Сталіна. Што, вы яшчэ не былі? Абавязкова трэба пабываць, кроў з носу! Знаёмая была ў вядомым санаторыі «Парэчча» — каля самай літоўскай мяжы. Адтуль пастаянна возяць на лінію Сталіна. За трыста кілямэтраў! Такі наш крыж, сталінскі.

Бэтонныя бункеры Энвэра Ходжы былі сапраўдныя, але зрабіліся бутафорыяй. Лінія Сталіна таксама стваралася зь дзяржаўніцкім тварам, але выглядала бутафорыяй адразу. Ну, а мы працягваем надзімаць шчокі: айцец народаў — бацька беларусаў, мы самыя адданыя дзеці яго. Ня здрадзілі, не адцураліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG