Кіраўнік руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк папрасіў Аляксандра Лукашэнку спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Пра гэта палітык сказаў у навагоднім відэазвароце, апублікаваным на Youtebe-канале руху.
У звароце Зянон Пазьняк нагадаў, што раней зьвяртаўся да Лукашэнкі з просьбай выпусьціць палітычных зьняволеных:
«Зьяўляецца фактам тое, што палітычныя зьняволеныя выпускаюцца. Больш ста беларускіх вязьняў выпушчаныя з турмаў. Гэта вельмі добрыя дзеяньні. І сёньня, віншуючы ўсіх нас з Новым годам і зьвяртаючыся да Лукашэнкі, я хачу сказаць наступнае. Першы крок зроблены, павінен быць другі крок: трэба спыніць рэпрэсіі, трэба спыніць кідаць у турмы невінаватых людзей! Спыніцеся, выпусьціце іх!.. Гэта мая просьба. Гэта паўплывае на ўсіх. Гэта будзе спрыяць добрым справам», — сказаў Зянон Пазьняк сярод іншага ў сваім навагоднім віншаваньні.
У Беларусі налічваецца больш за 1200 палітвязьняў. За апошнія паўгода ў выніку васьмі хваляў памілаваньняў на волю выйшлі больш за 200 зь іх.
- 30 сьнежня Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ аб памілаваньні 20 чалавек. З памілаваных 11 — жанчыны, 14 чалавек маюць хранічныя захворваньні, у 10 асуджаных ёсьць дзеці, адна жанчына мае 4 дзяцей.
- 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 чалавек, асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Сярод памілаваных 11 жанчын і 18 мужчын.
- 20 лістапада памілавалі яшчэ 32 палітвязьняў: 8 жанчын і 24 мужчыны.
- 7 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 палітвязьня: 2 жанчын і 29 мужчын.
- 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства 17 верасьня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 палітвязьняў.
- 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў. Сярод іх 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
- 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 палітвязьняў, у іх ліку 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
- 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на рак экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Беларуская праваабарончая супольнасьць 28 сьнежня прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ 12 чалавек. За кратамі ў Беларусі застаюцца 1265 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай.
Форум