Традыцыйна на восеньскія Дзяды ля гэтага памятнага знака на праспэкце Дзімітрава зьбіраюцца актывісты апазыцыі, каб згадаць ахвяраў тэрору. Цяпер ля пахілага крыжа прынесеныя імі вянкі неахайна зваленыя ў груд.
Як удалося высьветліць, прынамсі некаторыя з тых, хто рэгулярна зьбіраецца каля Крыжа памяці, ведаюць пра яго стан. Кажуць, што нібыта адзін з актывістаў зьвярнуўся да ўладаў з просьбай дапамагчы ў яго аднаўленьні. Іншыя актывісты зьбіраюцца абвясьціць збор сродкаў на новы крыж.
У 2007 годзе гэты крыж паваліла навальніца. Тады магілёўская суполка «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» зьвярнулася ў Кастрычніцкі райвыканкам па дапамогу ў аднаўленьні памятнага знаку. Просьбу задаволілі. Крыж укапалі, тэрыторыю ля яго ўпарадкавалі. Паклалі плітку.
Праўда пра мясьціну, над якой узвышаецца крыж, адкрылася пры канцы 1980-х гадоў. У кар’еры бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Як успамінае магілёўскі актывіст Міхась Булавацкі, была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага гарвыканкаму.
«Там адкапалі каля сотні шкілетаў. Неўзабаве працы прыпынілі. Парэшткі пахавалі на розных гарадзкіх могілках, — згадвае Міхась Булавацкі. — Гэта акурат быў той час, калі стваралася ў Магілёве суполка „Мартыралёгу Беларусі“, і яна пачала сваё расьсьледаваньне. Апытвалі сьведак. І высьветлілася, што перад вайной прывозілі туды людзей і расстрэльвалі. Раней тут быў калгасны жывёльны могільнік, яго абнесьлі агароджай і паставілі вартаўніка.
Пасьля нашых расьсьледаваньняў над кар’ерам усталявалі крыж. Да яго на першыя мітынгі зьбіраліся тысячы людзей. Тады і гарвыканкам падтрымліваў такія ініцыятывы. Райвыканкам абяцаў паставіць помнік на гэтым месцы. То бок супраць гэтай мясьціны і яе трагічнай гісторыі няма пярэчаньняў. Варта, без сумневу, каб яна была пазначаная крыжам».
Міхась Булавацкі кажа, што ўсталяваны крыж асьвяцілі сьвятары трох канфэсіяў. «Як выявілася, — кажа актывіст, — на гэтым месцы першымі палеглі сьвятары: праваслаўныя і каталіцкія».
Тысячы да крыжа цяпер не прыходзяць. Нешматлікія актывісты прыбіраюць прылеглую тэрыторыю ад бытавога сьмецьця. Прыходзяць да крыжа і родзічы забітых тут людзей. Некаторыя пакідаюць зьвесткі пра расстраляных.
Гадоў пяць таму, паводле старшыні магілёўскай суполкі «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларысы Шукайлы, абмяркоўвалася пытаньне, каб усталяваць замест крыжа памятны знак. Заяўлялася, што нібыта зрабілі ўжо і макет. На сам знак патрабавалася каля тысячы даляраў. Грошай такіх не было, таму казалі, што іх давядзецца зьбіраць талакой. Цяпер пра памятны знак ня згадваюць.