У пракуратуру Салігорскага раёну 28-гадовы Аляксандар накіраваў скаргу на дзеяньні мясцовых супрацоўнікаў ДАІ, якія, прад’яўляючы яму абвінавачаньні ў дробным правапарушэньні, адмовіліся размаўляць на беларускай мове і ня здолелі скласьці пратакол па-беларуску.
«У мяне на лабавым шкле прымацаваныя бел-чырвона-белы і ўкраінскі сьцягі, але фармальнай падставай для складаньня пратаколу сталі шторкі на вокнах аўтамабіля. Калі супрацоўнікі ДАІ спынілі мяне, я адразу папярэдзіў, што буду зьвяртацца да іх на беларускай мове і патрабую таго самага ў дачыненьні да сябе, як гэта прадугледжваецца моўным заканадаўствам. Але па-беларуску гаварыў толькі я, а яны — па-расейску. У выніку пратакол за шторкі таксама быў складзены па-расейску і на расейскамоўным блянку», — распавёў Аляксандар Малочка Радыё Свабода.
У скарзе на імя пракурора раёну адзначаецца, што склад правапарушэньня Аляксандрам Малочкам не аспрэчваецца, але яго просьба аб запаўненьні пратакола на беларускай мове супрацоўнікамі ДАІ Сінельнікавым і Вялічкам была праігнараваная. Супрацоўнікі ДАІ не забясьпечылі грамадзяніну паслугі перакладчыка, як таго патрабуе заканадаўства.
Ад салігорскай пракуратуры Аляксандар Малочка патрабуе належнай ацэнкі дзейнасьці супрацоўнікаў дзяржаўтаінспэкцыі.
«Паводле закону „Аб дзяржаўнай службе“ права займаць дзяржаўныя пасады ў Рэспубліцы Беларусь маюць толькі асобы, якія валодаюць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі. Атрымліваецца, што супрацоўнікі ДАІ, якія спынілі мяне, не адпавядаюць фармальным крытэрам для сваіх пасадаў», — кажа Аляксандар.
Аляксандар Малочка кажа, што напісаў заяву ў пракуратуру «зь цікавасьці», каб паглядзець на рэакцыю чыноўнікаў:
«Насамрэч, я не перакананы, што, напрыклад, беларускамоўная ДАІ патрэбная беларускаму народу. Пасьля камунікацыі з супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных спраў я зразумеў, што яны ўвогуле не разумеюць, у чым сэнс маіх прэтэнзіяў. Яны завучана паўтараюць, што ў краіне дзьвюхмоўе, таму расейская мова ня можа быць праблемай».