Судзьдзя 12 хвілінаў чытала сьпіс зброі і боепрыпасаў, канфіскаваных з дому Аляксандра Вярховіна. У ім — зброя часоў першай і другой сусьветнай вайны, дзясяткі мінных узрывальнікаў, сотні куль і патронаў.
У судзе пачатак «небясьпечнай калекцыі» будаўніка з Талачына датуюць 1976 годам. Але вядома пра яе стала, толькі калі Вярховіну выбухам адарвала руку. Жонка і дарослыя дзеці плакалі, калі судзьдзя абвясьціла прысуд — 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Адзін год адразу зьнялі па амністыі.
«Гэта перадалося на генным узроўні, — сказаў Вярховін у сваім апошнім слове. — Маё зьбіральніцтва і калекцыянаваньне было данінай павагі, памяці тым людзям, якія са зброяй у руках абаранялі сябе і сваю краіну...»
«Любому нармальнаму чалавеку было б страшна жыць побач»
«Выпадак гэты нестандартны, — кажа пракурор Іван Ёдзіс. — У такой колькасьці ў нас не знаходзілася. Любому нармальнаму чалавеку было б страшна (побач. — РС) жыць. І вам было б страшна, калі б вы ведалі, што ў суседа склад снарадаў, якія ў кожны момант могуць выбухнуць».
Аляксандар Вярховін у клетцы на лаве падсудных зусім не падобны да мажнага, упэўненага і задаволенага жыцьцём вусатага мужчыны з фота ў сваім профілі ў «Одноклассниках».
Выбух у Талачыне на Сацыялістычным завулку, 6 прагрымеў 8 верасьня 2014 году. У горадзе кажуць, што выбух быў магутны, аднак пажару не было. Аляксандру пашкодзіла руку, абпаліла твар, ён трапіў у рэанімацыю.
Цяпер Аляксандар — інвалід, у яго нэрвовы цік, няма большай часткі левай рукі, і сам ён у судзе кажа, што «няма сіл больш гэта ўсё выносіць».
55-гадовы будаўнік Вярховін нарадзіўся ў Талачыне, займаў кіраўнічыя пасады і да арышту працаваў майстрам участку. «Яго ведае ўвесь горад», — кажуць тут. Суседзі характарызуюць як чалавека сямейнага, спакойнага і ня надта гаваркога. Жонка Ганна працуе ў банку. Малодшая дачка Ірына — настаўніца. Ёсьць яшчэ старэйшы сын Андрэй.
Дом Вярховіных, у якім захоўваўся арсэнал і адкуль гаспадар паехаў у рэанімацыю, дбайна дагледжаны, побач ахайны гарод. Уся сям’я цяпер адмаўляецца гутарыць з журналістамі і вельмі незадаволеная цікавасьцю да справы.
Калі б сам не паказаў, сьледчыя б не знайшлі
«Кожны вар’яцее па-свойму. І там таксама сонца сьвеціць, — камэнтуюць у калідорах суду прысуд чалавеку, «якога ведае ўвесь Талачын».
Пракурор Ёдзіс прасіў для абвінавачанага 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, прапанаваўшы адзін год зьняць па амністыі. Гэта максымальны тэрмін па артыкуле 295. ч. 2 КК РБ, паводле якога судзяць Вярховіна.
Пракурор зьвяртае ўвагу на тое, што, пачынаючы з 1976 году, Вярховін нічога не рабіў дзеля таго, каб пазбавіцца ад свайго арсэналу. А некаторыя боепрыпасы, якія знайшлі на Сацыялістычным завулку, былі адразу зьнішчаныя, бо «маглі выбухнуць у любы момант», — кажа ў судзе Іван Ёдзіс.
Ад найгоршага пакараньня Вярховіна ратуе поўнае прызнаньне віны, інваліднасьць, станоўчыя характарыстыкі і добрая праца сталічнага адваката Рамана Юльскага.
«Усё абвінавачаньне грунтуецца на прызнальных паказаньнях Вярховіна», — выступае Юльскі ў судовых спрэчках. Ён настойвае, што ў сьпісе «калекцыйныя экспанаты, іржа часоў Другой сусьветнай».
«Нельга казаць пра тое, што працягласьць учыненьня злачынства сьведчыць пра неабходнасьць прызначыць цяжкае пакараньне. Гэта папрок дзяржаўным органам, якія не адсочвалі адпаведным чынам дадзеныя пытаньні, — намякае адвакат на тое, што падобны арсэнал захоўваўся ў цэнтры Талачына 40 гадоў. — Яны знаходзіліся ў яго закапанымі ў хляве. Ня факт, што сьледчыя органы знайшлі б. Знаходзячыся ў цяжкім стане (пасьля выбуху. — РС)... ён сам паказваў, дзе знаходзяцца тыя ці іншыя прадметы».
«Цяжка знайсьці цёмную пляму ў біяграфіі Вярховіна, — кажа адвакат Юльскі. Сапраўды, за Вярховіна хадайнічалі з працы, яго станоўча характарызуюць суседзі. Ён ані разу не трапляў у поле зроку праваахоўных органаў і за 55 гадоў свайго жыцьця атрымліваў толькі штрафы за перавышэньне хуткасьці.
«Такі супрацоўнік патрэбны на працы», — сьцьвярджае адвакат.
Суд прызнае Вярховіна вінаватым у незаконным «вырабе, набыцьці, захоўваньні, перавозцы і нашэньні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў» і дае 5 гадоў, зьняўшы год па амністыі.
Руку адарвала «рэхам вайны» і развалам Савецкага Саюзу
«Зброя... — гэта не пачвара і ня монстар, ад якога трэба хавацца і ўцякаць і ня ведаць, як яму супрацьстаяць. Яе трэба ведаць, паважаць, каб ведаць, як абараняцца і як супрацьстаяць, — кажа Вярховін у сваім апошнім слове.
Зброю трэба ведаць, паважаць, каб ведаць, як абараняцца і як супрацьстаяць
Зь ягонага выступу на судзе, як і з матэрыялаў сьледзтва, вынікае, што хлапечую жарсць да зьбіраньня патронаў і пошукаў зброі ён пранёс праз усё жыцьцё. Прамова ў Аляксандра на паперцы, але гаворыць ён, амаль не зазіраючы ў яе.
«Мы належым да пакаленьня дзяцей і ўнукаў тых людзей, якія са зброяй у руках адстойвалі сваю незалежнасьць, — пачынае Вярховін. — Яны выкарыстоўвалі зброю, каб супрацьстаяць злу і абараняцца, яны свой характар перадалі нам. Я зь дзяцінства ўсмактаў гэта ў сябе».
«Па сьледзтве відаць, што мая актыўная дзейнасьць была ў 90-х гадах», — кажа ён.
«Я не псыхоляг, мне цяжка даваць заключэньні, чаму гэта. Развал Савецкага Саюзу, бардак, які рабіўся тады, сумятня ў галаве, у краіне, усё пераплялося. Чалавек у 30 гадоў аказаўся не патрэбны ні сваёй краіне, нікому. Што рабілася — страх божы. Такія зьявіліся выразы — сацыялістычная спрытнасьць. Мне дзіка рабілася ў тыя часы ад такіх дачыненьняў», — распавядае Вярховін.
Сваё стаўленьне да зброі ў апошнім слове цяпер ужо асуджаны Вярховін называе «дзіцячымі паняцьцямі». Кажа, што прызнаў свае памылкі, але «запозна, не хапіла часу».
«Усё, што я атрымаў, я атрымаў па заслугах. — кажа Вярховін, пацьвярджаючы сваё раскаяньне. — Гасподзь пакінуў мне жыцьцё і галаву на плячах. Напэўна, каб я ўсьвядоміў яшчэ раз, зразумеў, зрабіў высновы і за той кавалак жыцьця, што мне застаўся, выправіў памылкі. Першым двум задачам я даў рады ў СІЗА».
«Хачу папрасіць прабачэньня ў родных, сяброў, знаёмых і незнаёмых нават людзей, якім я сваімі дзеяньнямі прынёс гора, няшчасьце, бяду. Усе даруйце», — заключыў Вярховін.
Здавайце добраахвотна — нічога ня будзе
Міністэрства ўнутраных спраў рэгулярна праводзіць акцыі, падчас якіх можна добраахвотна здаць нелегальную зброю і боепрыпасы, і ніякага пакараньня ня будзе. Сёлета акцыя «Арсэнал» прайшла ў сакавіку.
Агулам за паўгода 2015 году было выяўлена 748 адзінак незарэгістраванай зброі, 20,6 тысяч боепрыпасаў. 615 адзінак зброі і 34,3 тысячы боепрыпасаў здалі добраахвотна.