Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іосуб: «Дэфолт Грэцыі нас не закране»


Пратэсты ў Грэцыі. Атэны, 30 чэрвеня 2015 году
Пратэсты ў Грэцыі. Атэны, 30 чэрвеня 2015 году

Беларусь мала ўцягнутая ў міжнародныя фінансавыя рынкі, таму беларусам ня варта баяцца грэцкага дэфолту, — перакананы экспэрт.

Старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб перакананы: тое, што адбылося ў Грэцыі, — безумоўна, дэфолт. Бо само слова «дэфолт» літаральна азначае няздольнасьць выконваць свае фінансавыя абавязаньні. А 30 чэрвеня Грэцыя пратэрмінавала сваю выплату ў МВФ, што па сутнасьці дэфолт і ёсьць.

Таксама фінансавы аналітык адзначыў, што за ўсю пасьляваенную гісторыю ў адносінах да МВФ было каля пяці выпадкаў нясплаты пазыкаў. Але ўсе гэтыя выпадкі тычыліся найбяднейшых краінаў трэцяга сьвету. Цяпер маем першы выпадак у гісторыі, калі краіна з разьвітай эканомікай не выплачвае своечасова грошы ў МВФ:

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Калі казаць пра наступствы, самы важны момант у тым, што дэфолт ня быў нечаканы, ён быў прадказальны, да яго рыхтаваліся. Калі адбываецца тое, што чакалася, на гэта фінансавыя рынкі асабліва востра не рэагуюць. Асноўная рэакцыя ўжо адбылася раней. Эўра падаў з траўня мінулага году (тады эўра каштаваў 1,40 даляра). Пік падзеньня прыпаў на сакавік 2015 году, калі за 1 эўра давалі 1 даляр 5 цэнтаў. І з таго часу эўра вагаецца ў „бакавіку“, ходзіць уверх-уніз. То бок няма яскрава акрэсьленай тэндэнцыі ні на яго ўмацаваньне, ні на яго аслабленьне.

Наступствы для ўсясьветных фінансаў будуць такога кшталту: адбудуцца ўцёкі з рызыкоўных актываў. То бок будуць прадавацца акцыі, аблігацыі з краінаў, якія разьвіваюцца, рынкі якіх лічацца найбольш рызыкоўнымі. Гэта можа закрануць і беларускія эўрааблігацыі (што можа прывесьці да росту іх даходнасьці). Гэта будзе азначаць, што калі б тэарэтычна Беларусь паспрабавала цяпер пазычыць грошы на ўсясьветных фінансавых рынках, ёй бы яны абышліся даражэй, чым раней.

А так, калі ўлічыць, што Беларусь мала ўцягнутая ў міжнародныя фінансавыя рынкі, непасрэдна дзяржаву і жыхароў Беларусі гэта амаль не закране».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG