Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грэцыя не дамовілася з крэдыторамі і не заплаціла. Чакаецца дэфолт


Грэцыя ня выплаціла чарговы доўг. Апоўначы ў сераду скончыўся тэрмін плацяжу на 1,55 млрд эўра, які краіна павінна была ажыцьцявіць на карысьць Міжнароднага валютнага фонду — чарговае пагашэньне па крэдыце, атрыманым ёй ад МВФ яшчэ ў 2010 годзе.

Упершыню ў гісторыі фонду дэфолт па даўгах дапускае краіна, якая ўваходзіць у групу 34 найбольш індустрыяльна разьвітых у сьвеце, якіх аб’ядноўвае Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця. Да гэтага часу пратэрміноўкі па даўгах МВФ дапускалі ў розныя гады толькі адносна нешматлікія краіны, якія разьвіваюцца: ад Судана, Замбіі або Самалі да Панамы, Конга або Кубы. Хоць яшчэ днём у аўторак здавалася, што Грэцыя ў апошні момант зможа дасягнуць пагадненьня з крэдыторамі.

Інтрыга захоўвалася на працягу ўсяго дня. Зраніцы высьветлілася, што напярэдадні ўвечары, ужо пасьля шматтысячных дэманстрацыяў праціўнікаў дамовы з крэдыторамі, якія прайшлі ў Атэнах і Салоніках, крэдыторы прапанавалі Грэцыі нейкі апошні варыянт пагадненьня зь імі. І калі ўрад яго прымае, то ў Брусэлі чакаюць у аўторак пісьмовага пацьверджаньня таму ад прэм’ер-міністра Грэцыі. А таксама — яго гатоўнасьці падтрымаць кампанію на карысьць галасаваньня «за» пагадненьне з крэдыторамі на нацыянальным рэфэрэндуме, які мае адбыцца 5 ліпеня, хоць усе апошнія дні прэм’ер Алексіс Цыпрас казаў толькі пра адваротнае.

Пратэсты на плошчы Канстытуцыі (Сынтагма), перад будынкам парлямэнту ў Атэнах. Грэцыя, 30 чэрвеня 2015 году
Пратэсты на плошчы Канстытуцыі (Сынтагма), перад будынкам парлямэнту ў Атэнах. Грэцыя, 30 чэрвеня 2015 году

Тым ня менш, да сярэдзіны дня ў Атэнах, мяркуючы па паведамленьнях, ішлі інтэнсіўныя кансультацыі, якія ўключалі і кантакты з Брусэлем. Іх вынікам стала ... сустрэчная прапанова Грэцыі крэдыторам: гаворка ішла аб новай, ужо трэцяй за апошнія пяць гадоў, праграме фінансавай дапамогі краіне. Аднак на гэты раз мелася на ўвазе толькі адна яе крыніца — эўрапейскі Антыкрызісны фонд, які і зьяўляецца на сёньня найбуйнейшым крэдыторам Грэцыі (амаль 45% агульнай сумы бягучага дзяржаўнага доўгу краіны, які складае прыкладна 312 млрд эўра).

Аднак на новыя саступкі Грэцыі крэдыторы згаджаліся пайсьці не раней, чым краіна наглядна прадэманструе пэўныя посьпехі ў рэфармаваньні ўласных фінансаў. І галоўным зь іх лічылася дасягненьне так званага «першаснага прафіцыту» дзяржбюджэту — калі выдаткі казны аказваюцца меншымі за яе даходы, калі не лічыць працэнтных плацяжоў па дзярждоўгу. І па выніках 2013 году Грэцыя такі прафіцыт прадэманстравала.

Пасьля чаго ўвесну 2014-га нагадала крэдыторам пра абяцаную ёй рэструктурызацыю доўгу. І было вырашана пачаць адпаведныя перамовы «ў бліжэйшы час». Праўда, фарсіраваць іх відавочна ніхто ня меў намеру — бо гаворка ішла пра грошы эўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў. Пакуль зьбіраліся, у Грэцыі прайшлі парлямэнцкія выбары. І зь лютага гэтага году крэдыторам давялося мець справу ўжо з новым грэцкім урадам, які адразу агаломшыў іх заявамі пра намер дамагчыся перагляду ранейшых дамоўленасьцяў краіны па сваіх даўгах.

На гэтым фоне, падчас амаль пяці месяцаў беспасьпяховых перамоваў тэма рэструктурызацыі, мяркуючы па паведамленьнях, закраналася неаднаразова, аднак крэдыторы былі цяпер няўмольныя: спачатку — новае пагадненьне па праграме фінансавай дапамогі і толькі потым — ўсе размовы пра рэструктурызацыю назапашанага доўгу. На гэтым, у прыватнасьці, настойвала і Нямеччына, галоўны крэдытор у эўразоне. Урад Грэцыі, са свайго боку, фактычна зыходзіў з адваротнага. І нядзіўна, што перамовы мінулага тыдня завяршыліся ў выніку аб’явай пра рэфэрэндум.

Работнікі Дзяржаўнай друкарні рыхтуюць бюлетэні для рэфэрэндуму 5 ліпеня ў Атэнах. Грэцыя, 30 чэрвеня 2015 году
Работнікі Дзяржаўнай друкарні рыхтуюць бюлетэні для рэфэрэндуму 5 ліпеня ў Атэнах. Грэцыя, 30 чэрвеня 2015 году

Праз тры гадзіны пасьля таго, як Атэны прадставілі ў аўторак свае сустрэчныя прапановы, міністры фінансаў краінаў эўразоны прызначылі экстраную тэлеканфэрэнцыю для іх разгляду. Аднак яшчэ да яе пачатку канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што новыя прапановы Грэцыі могуць абмяркоўвацца толькі пасьля таго, як у краіне пройдзе рэфэрэндум. І чаканьне вынікаў нарады міністраў фінансаў страціла сэнс. Цяпер эўрагрупа мае намер правесьці наступную нараду ўжо раніцай у сераду, заявіў яе кіраўнік Ерун Дэйсэлблум, міністар фінансаў Нідэрляндаў.

Час, аднак, няўмольна набліжаўся да паўночы — скрайняга тэрміну, калі Грэцыя павінна была зрабіць чарговы плацёж Міжнароднаму валютнаму фонду. Неўзабаве па завяршэньні нарады эўрагрупы віцэ-прэм’ер Грэцыі Яніс Драгасакіс заявіў у інтэрвію дзяржаўнаму тэлебачаньню: Грэцыя зьвяртаецца да МВФ з просьбай падоўжыць тэрмін гэтага плацяжу, а да Эўрапейскага цэнтральнага банку — з просьбай павысіць ліміт экстранага крэдытаваньня грэцкіх банкаў цэнтральным банкам. Ліміт, які ўсталёўвае менавіта Эўрапейскі банк і які ён адмовіўся ў чарговы раз павышаць ў мінулую нядзелю, пасьля чаго ў краіне і былі абвешчаныя банкаўскія «канікулы». Зрэшты, віцэ-прэм’ер не паведаміў, якая была рэакцыя на гэтыя просьбы.

Людзі стаяць у чарзе да банкамата Нацыянальнага банка ў Салоніках, каб зьняць наяўныя грошы. Пасьля гэтага грэцкі ўрад даў загад зачыніць усе банкі Грэцыі на тыдзень з-за росту асьцярогаў адносна дэфолту і выхаду краіны з эўразоны. Грэцыя, 27 чэрвеня 2015 году
Людзі стаяць у чарзе да банкамата Нацыянальнага банка ў Салоніках, каб зьняць наяўныя грошы. Пасьля гэтага грэцкі ўрад даў загад зачыніць усе банкі Грэцыі на тыдзень з-за росту асьцярогаў адносна дэфолту і выхаду краіны з эўразоны. Грэцыя, 27 чэрвеня 2015 году

Яшчэ ў сярэдзіне дня міністар фінансаў Грэцыі Яніс Варуфакіс, адказваючы на пытаньне журналістаў пра тое, ці пералічыць краіна сёньня належныя грошы МВФ, коратка кінуў: «Не». Але ў той момант кансультацыі па новых прапановах яшчэ ішлі на ўсю моц.

Роўна апоўначы з аўторка на сераду завяршыўся тэрмін дзеяньня праграмы фінансавай дапамогі Грэцыі на агульную суму 130 млрд эўра, распачатай у 2012 годзе. Паколькі цяперашнія перамовы з крэдыторамі праваліліся, краіна не атрымала ад іх апошняга з крэдытаў праграмы — на 7,2 млрд эўра. Па той жа прычыне «замарожаныя» яшчэ прыкладна 16 млрд эўра, якія ў прынцыпе маглі быць даступныя Грэцыі, калі б падаўжэньне праграмы было ўзгоднена з крэдыторамі. І цяпер краіна ўпершыню за апошнія пяць гадоў аказваецца без антыкрызісных крэдытаў наогул.

У тую ж хвіліну скончыўся скрайні тэрмін, калі Грэцыя павінна была пералічыць 1,55 мільярда эўра ў кошт бягучага абслугоўваньня свайго доўгу перад МВФ. Створаны тым самым першы за ўсю 70-гадовую гісторыю Міжнароднага валютнага фонду прэцэдэнт дэфолту па даўгах перад ім сярод індустрыяльна разьвітых краінаў сьвету. У апошні раз такое здарылася з Зымбабвэ ў 2001 годзе. А 13 ліпеня Грэцыі трэба будзе ажыцьцявіць ужо новы плацёж па сваіх даўгах МВФ. Праўда, на гэты раз — утрая меншы, 455 млн эўра.

Праграма разьлічаная на два гады, тлумачыцца ў паведамленьні кабінэта міністраў Грэцыі, і яна ўключае ў сябе раўналежную рэструктурызацыю ўжо назапашанага краінай доўгу. Менавіта гэта было фактычна галоўным патрабаваньнем Грэцыі да крэдытораў на тых самых перамовах, правал якіх на мінулым тыдні і прывёў да аб’явы рэфэрэндуму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG