Сёньня апошні дзень, калі Грэцыя павінна выплаціць больш за 1 мільярд 600 мільёнаў эўра ў рамках пагашэньня крэдыту Міжнароднага валютнага фонду. Але сродкаў на гэта ў бюджэце няма, і ўлады выстаўляюць сустрэчнае патрабаваньне — або новая крэдытная праграма, або сьпісаньне даўгоў. Фінансавыя ж інстытуцыі адмаўляюцца ўліваць грошы ў стратную эканоміку без папярэдніх рэформаў.
5 ліпеня на рэфэрэндуме грэкі вырашаць, чым адказаць крэдыторам. У выпадку, калі грамадзяне скажуць «не» мерам жорсткай эканоміі, краіну можа напаткаць дэфолт і выхад з эўразоны. На сёньня Грэцыя, роўная ў людзкіх рэсурсах Беларусі і ўдвая меншая за яе па тэрыторыі, вінная донарам фантастычную суму — без малога 350 мільярдаў эўра. Агульны валавы зьнешні доўг Беларусі амаль у 10 разоў меншы — звыш 40 мільярдаў даляраў.
Міжнародныя аглядальнікі зьвяртаюць увагу, што сфармаваны на пачатку году ўрад Алексіса Цыпраса фактычна займаецца шантажом як фінансавых інстытуцыяў у прыватнасьці, так і ўсяго Эўразьвязу ў цэлым. Так, сёньня Цыпрас заявіў, што пакіне сваю пасаду, калі на маючым адбыцца рэфэрэндуме жыхары падтрымаюць патрабаваньні крэдытораў, якія пад чарговыя траншы вылучаюць «непрымальныя ўмовы»: «Калі народ захоча беднасьці, Кабінэт міністраў будзе вымушаны паважаць гэты выбар, але ня будзе служыць народу».
Крыху раней «выключна нахабнай» была названая спроба Атэнаў выставіць пазоў на 280 мільярдаў эўра да Нямеччыны за «нацысцкую акупацыю падчас Другой усясьветнай вайны», што шакавала афіцыйны Бэрлін. З крытыкай на адрас Цыпраса і ягоных мэтадаў падбухторваньня грамадзянаў да антыэўрапейскіх настрояў выступаюць і іншыя чальцы Эўразьвязу, якія не разумеюць, чаму краіна столькі гадоў карыстаецца «асаблівым статусам».
Зрэшты, папулісцкія мэтады Алексіса Цыпраса не ўнікальныя, яшчэ раней падобную мэтодыку апрабаваў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Шмат гадоў ён атрымліваў расейскія крэдыты, якія ў масе сваёй не вяртаюцца, карыстаўся зьніжкамі на энэргарэсурсы ўзамен на ляяльнасьць да Крамля, пры гэтым просячы пазыкі і на Захадзе. Якраз цяпер разглядаецца магчымасьць атрыманьня сродкаў адразу з трох бакоў: Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС, асобна — Расеі, а таксама Міжнароднага валютнага фонду. А калі ўзьнікаюць пытаньні наконт негатовасьці крэдытаваць неканкурэнтаздольную эканоміку, якую Менск упарта адмаўляецца рэфармаваць, Лукашэнка настройвае электарат супраць «ненажэрных крывасмокаў» — і ня важна, з усходу яны ці з захаду.
Хоць беларускія апэтыты і непараўнальныя з грэцкімі, але мэтады выцягваньня грошай са спасылкай на беднасьць — падобныя. Як удакладняе колішні супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Аляксандар Пласкавіцкі, розныя толькі асобы «вымагальнікаў» — хітры Лукашэнка і буйны Цыпрас:
«Яны абодва папулісты, толькі розных кірункаў. Той буйны, наш — хітры. Наш таксама бывае буйны са сваімі, але на зьнешнім рынку ён ня буйны, ён лагодны; ён грошыкі выманьвае, а не вымагае. Безумоўна, усе папулісты ў нечым падобныя, але ж гэта як параўноўваць усіх іншых людзей. Розныя бываюць — больш інтэлігентныя, менш інтэлігентныя. Бадай, на гэтым усё і заканчваецца. І той, і другі толькі ў тым адзін да аднаго падобныя, што яны шукаюць папулярнасьці. Але і народ розны, і шукаюць па-рознаму».
Адсутнасьць паразуменьня з суседзямі па адзінай Эўропе можа прывесьці да выхаду Грэцыі з эўразоны. Гэта, у сваю чаргу, пагражае частковым дэфолтам, а значыць, «згараць» мільярды эўра ў капіталах банкаў, якія крэдытавалі эканоміку краіны. Зрэшты, нават у выпадку частковага сьпісаньня дзяржаўны доўг Грэцыі складае 340 мільярдаў эўра, што ўтрая перавышае дапушчальную для Эўразьвязу лічбу: максымальны памер не павінен перавышаць 60% ад ВУП краіны, а там гэты паказьнік на ўзроўні 175%.
Дык ці ўдасца Алексісу Цыпрасу на рэфэрэндуме схіліць народ на свой бок, даўшы адпор крэдыторам? Аляксандар Пласкавіцкі лічыць, што хутчэй у якасьці флюгера будзе выступаць сам кіраўнік ураду:
«А ён нікога не перацягвае, ён жа папуліст — калі народ палічыць інакш, то і ён будзе іншы. Як толькі народ зьменіць думку на карысьць таго, што трэба працаваць, а не вымагаць грошы, тады, магчыма, і ён будзе рабіць тое самае. А цяпер ён чуе, што народ не хацеў бы працаваць — адпаведна, таксама кажа: „Не, не пайду з тым народам, які захоча працаваць“. То бок ён ведае, што пакуль гэты народ не сасьпеў, каб працаваць, ну, і гаворыць так, як нібыта ён такі самастойны. А народ любіць самастойных лідэраў. Быццам бы самастойных».
Беларуская афіцыйная прапаганда ў супрацьстаяньні фінансістаў і ўладаў Грэцыі — на баку апошніх. Так, БелТА тыражуе для падпісчыкаў зьвесткі пра тое, як «тысячы дэманстрантаў па ўсёй краіне выступілі супраць прапановаў міжнародных крэдытораў»: «Удзельнікі акцыяў у Атэнах і Салоніках падтрымалі ўрад краіны пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра Алексіса Цыпраса. Пратэстоўцы выйшлі на мітынг з транспарантамі: «Не — мэмарандумам», «Не — шантажу», «Нашы жыцьці не належаць крэдыторам».
У 2010 годзе Грэцыя некалькімі траншамі атрымала крэдыт у памеры блізу 250 мільярдаў эўра ад Міжнароднага валютнага фонду. Надышоў час грошы паступова вяртаць, але грэкі настойваюць, што з аб’ектыўных прычынаў зрабіць гэта нерэальна, таму даўгі трэба сьпісаць.