Чым бліжэй пачатак выбарчай кампаніі, тым больш у пошце Свабоды лістоў пра тое, якой яна будзе: хто ў ёй наважыцца ўдзельнічаць у якасьці кандыдатаў на прэзыдэнцкую пасаду, а галоўнае — ці выйдуць на Плошчу людзі пасьля таго, як афіцыйна будзе абвешчана пра чарговую перамогу аднаго ўсім вядомага прэтэндэнта.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Сяргей Восіпаў зь Менску піша:
«Чуў па Свабодзе, як людзі на вуліцы адказвалі на пытаньне пра тое, ці можна ў Беларусі зьмяніць уладу, не выходзячы на Плошчу. Хачу адказаць на гэта і сам. Справа ў тым, што Лукашэнка — гэта не Януковіч, не Шэварднадзэ і нават не Назарбаеў. Ён доўга назіраць за тым, як натоўп набліжаецца да ягонай рэзыдэнцыі, ня будзе.
Зь іншага боку, і беларусы — не ўкраінцы і не грузіны. Яны сотнямі тысяч пад кулі і гумовыя дубіны не палезуць. Тым больш што зусім нядаўна ва ўсіх на вачах адбываўся кіеўскі Майдан, а цяпер як вынік таго Майдану ва Ўкраіне працягваецца вайна. Так што выбары-2015 вялікага значэньня мець ня будуць. Гэта разумеюць і людзі, і ўлада. Ня будзе ў нас ні выбараў, ні Плошчы. Цікава, ці разумее гэта апазыцыя? Няўжо яны зноў будуць стукацца галавой аб каменны мур, пасылаючы нешматлікіх наіўных хлопцаў і дзяўчат, якія ім вераць, на бескарысныя ахвяры?».
Тыя палітыкі і грамадзкія актывісты, якія наважыліся ўдзельнічаць у сёлетніх выбарах, ужо цяпер, яшчэ да пачатку кампаніі, адзін за адным запэўніваюць, што клікаць людзей на Плошчу ня будуць. Гэтак заявілі, у прыватнасьці, Тацяна Караткевіч і Сяргей Калякін.
Высокая імавернасьць таго, што іншыя патэнцыйныя кандыдаты выкажуцца наконт Плошчы гэтаксама. Які лёс чакае тых, хто адважыцца клікаць людзей на вуліцу, улада выразна паказала ў 2010 годзе. І гэты ўрок апазыцыйныя палітыкі памятаюць.
Іншая справа: ці ня здарыцца так, што клікаць ніхто ня будзе, а народ на Плошчу ўсё ж выйдзе?
✉ ✉ ✉
Кастусь Сырэль з Вушачаў даслаў новы ліст, у якім пераказвае размову, міжволі падслуханую ў мясцовай паліклініцы, дзе яму давялося нядаўна лекавацца ў дзённым стацыянары:
«На прыём заходзіць немалады мужчына. Я яго ня бачу, але ўзрост адчуваецца па голасе. З усёй яго размовы зь лекаркай маю ўвагу найбольш прыцягнуў такі фрагмэнт (падаю яго ў сваім пераказе).
— Колькі вам год?
— Ну, факцічаскі 85, але я пішуся трыццаць другога году.
— Як так?
— А так, што пасьля вайны я «памаладзіўся» на два гады, каб у войска не ісьці. У вайну ж у раёне ўсе архівы згарэлі, таму ўзрост кожны пісаў такі, які хацеў, калі ўзнаўлялі дакумэнты. Па зьнешнім выглядзе і са слоў. А факцічаскі — як бацькі скажуць. Пасьля, праўда, давялося два гады лішніх адпрацаваць да пэнсіі, але гэта мне ніпачым было, я крэпак яшчэ быў і не заўважыў тыя два гады.
— А чаму нас не наведваеце? Раней наведвалі, я вас памятаю. А цяпер што здарылася?
— Дык хадзіць цяжкавата, пакуль ад вёскі да аўтобуса дойдзеш... А прыватніка наняць дужа дорага.
Лекарка мерае ціск, слухае сэрца.
— Што ж, сапраўды нядрэнна для вашага ўзросту. А як страўнік? Не непакоіць?
— Ды не, нічога. Я яшчэ з суседам і чарачку ўкулю пасьля лазенкі.
— Во як!
— Гэта факцічаскі таму, што я пасьля вайны дужа многа травы еў. Як увесну вылезе шнітка ды крапіва маладая, так і пайшло. І аж да буракоў ды журавінаў. І яшчэ — амэрыканскую чорную соль елі, што адтуль прысылалі. Дужа карысная соль была! Калі з жыватом што якое, дык той сольлю ратаваліся, а чым яшчэ?
Ну і ну! Вось гэта для мяне навіна! Я шмат чаго ведаю пра амэрыканскую дапамогу па ленд-лізе падчас вайны, нават пісаў пра яе на Свабоду, але пра чорную соль дагэтуль ня ведаў!
Калі хто ня ведае, што за соль, патлумачу. Паводле хімічнага складу гэта марская соль, камбінаваная з актываваным вугалем, таму яна мае выгляд крышталяў чорнага колеру. Ня ведаю, як у нас, але ў ЗША яна і па сёньня прадаецца ў крамах. Утрымлівае каля 80 мінэральных злучэньняў і сапраўды лічыцца вельмі карыснай. Падчас вайны ў ліку 18 мільёнаў тон розных грузаў амэрыканцы паставілі ў СССР па ленд-лізе больш за 2 мільёны тон харчоў, але, зразумелая справа, амэрыканская тушонка і шакаляд да беларускай вёскі не даходзілі. Соль — іншая справа. Здаецца — дробязь, але і яна была неабходная і шмат каму дапамагла. Перамога кавалася ў тым ліку і з такіх дробязяў. 40 мільёнаў доз пэніцыліну, прысланых Амэрыкай, таксама дробязь — яны зьмесьцяцца ў адным таварным вагоне. Але колькі мільёнаў салдацкіх жыцьцяў яны ўратавалі?».
У 70–80-я гады, калі яшчэ былі жывыя многія ўдзельнікі той вайны, мне па журналісцкіх справах часта даводзілася сустракацца і размаўляць зь імі. Калі заходзіла гутарка пра франтавы побыт, вельмі многія ўспаміналі добрым словам менавіта амэрыканскія тавары і прадукты — тушонку, галеты, шакаляд, чаравікі. Усе ведалі, зь якімі цяжкасьцямі даводзілася сутыкацца амэрыканскім маракам, дастаўляючы гэтыя грузы ў савецкія парты, і расказвалі пра гэта з удзячнасьцю колішнім саюзьнікам. Што праўда, афіцыйная савецкая прапаганда такія ўспаміны ня надта вітала. Як, зрэшты, і цяперашняя прапаганда — расейская. Гэта, бачыце, нібыта прыніжала выключную ролю Савецкага Саюзу ў той вайне і ў перамозе. Хоць якое ў тым прыніжэньне?
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by