Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талака пісакаў, або Каго і чаму друкуюць на Свабодзе


Робэрт Брайтуэйт Марціна, «Урок пісаньня Кіта» (1852)
Робэрт Брайтуэйт Марціна, «Урок пісаньня Кіта» (1852)

Круты праект

Штодзённая праца ў беларускай рэдакцыі РС — суцэльная талака, у якой канчатковы прадукт (у эфіры і на сайце) залежыць ад дружнага высілку як праскай, так і менскай часткі рэдакцыі ды рэгіянальных карэспандэнтаў. Некаторыя мае калегі час ад часу знаходзяць адхланьне ад калектывізму ў больш ці менш індывідуальных праектах. Ёсьць такі індывідуальны праект і ў мяне — рубрыка «100 словаў». Але гэта куды круцейшая талака за ўсе іншыя. Тут на роўных выступаюць некалькі дзясяткаў аўтараў — як масьцітыя пісьменьнікі, так і нікому не вядомыя рупліўцы роднага слова, якія запаўняюць шырокую творчую палітру ад літаратурнага змагарства да змагарнай грамафоніі.

Вяршыня, якая нам па плячо

Можна сказаць, што ў рубрыцы «100 словаў» беларускі літаратурны дэмакратызм дасягнуў свае вяршыні. Але нават вяршынная дэмакратыя мае свае аўтарытарныя моманты. Гэтыя моманты тычацца кваліфікацыі допісаў у рубрыку. Голая праўда такая, што мы не публікуем кучы допісаў, бо яны нам або не падабаюцца, або не падыходзяць, або адно і другое. У мяне, як галоўнага кваліфікатара, на жаль, няма часу, каб весьці карэспандэнцыю з кожным з магчымых аўтараў. Я некалькі разоў быў увязаўся ў такія перапіскі і зразумеў, што калі буду працягваць, то часу не застанецца на нішто іншае. Выбачайце, не крыўдуйце і... пішыце яшчэ. Аднойчы апублікуем.

Аўтарава крыўда

Некаторыя аднак крыўдуюць. Адзін аўтар паскардзіўся: «Першую тэму напісаў 6 чэрвеня ў 08.57., але не заўважыў і выслаў 127 словаў. Другую тэму „Этнічная мазаіка“ (99 словаў) выслаў 8 чэрвеня ў 17.27. Трэцюю тэму „Героі суседняй дзяржавы“ (85 словаў) выслаў 9 чэрвеня ў 18.32. Але, ні адна тэма не зьявілася ў праекце „100 словаў“. На мой погляд, рабіў усё правільна і не парушыў правілы. Мне здаецца. што за словамі „пра самае цікавае“ ў праекце хаваецца цэнзура, а магчыма новы праект зроблены для „сваіх“, раптам зьявіліся тэмы рэдактараў: Яна Максімюка, Аляксея Знаткевіча... Як даведацца, у чым справа?»

Аўтараў тэкст

«70 год таму, у маі 1945 г. Панцеляймон Панамарэнка (Першы сакратар ЦК КП(б)Б) далажыў Сталіну пра „эвакуацыю“ беларускага насельніцтва з Польшчы ў БССР і польскага — у Польшчу. Пры гэтым адзначалася, рэзкае павелічэньне колькасці грамадзян жадаючых пакінуць СССР. На тэрыторыі сучаснай Беларусі заўсёды існавала сапраўдная „этнічная мазаіка“ і шматканфэсійная структура насельніцтва. На гербе БССР у 1926-1937 гг. былі яшчэ надпісы на чатырох дзяржаўных мовах: беларускай, польскай, рускай і ідыш. Як жывуць сёньня нацыянальныя меншасьці ў Беларусі? Куды імкнецца нацыянальная палітыка ўладаў пры адсутнасьці правоў нацыянальных меншасьцяў, без свабоды слова і друку, ва ўмовах імітаванай дэмакратыі ў дзяржаве?»

Ня тое, чаго мы чакаем

Ну вось, шаноўны аўтар, мы апублікавалі ваш тэкст, за які моцна дзякуем, як і за два іншыя. Але ён нам да рубрыкі не падышоў. Вы напісалі пра добра вядомае ўсім слухачам і чытачам РС. І нават словам не заікнуліся, навошта вы гэта напісалі. Значыць, мы і далей ня ведаем, ці давялося вам жыць на адной вуліцы або ў адным доме зь людзьмі іншай этнічнасьці? Якія яны былі? Вы іх любілі, ненавідзелі, не заўважалі? А калі заўважалі, то дзе і як? Вось гэта быў бы матэрыял у рубрыку. А вы проста ўзялі і напісалі вытрымку з нейкага падручніка або зь Вікіпэдыі.

Адклікаемся да старажытнасьці

Але не губляйце надзеі. І не крыўдуйце на Максімюка-«цэнзара». Калі б можна было навучыць пісаць, падказваючы аўтару тэмы, стыль і правілы, сьвет поўніўся б літаратурнымі геніямі. Такога мы аднак не назіраем. Таму я не перапісваюся з дапісчыкамі ў рубрыку «100 словаў», бо не магу навучыць іх пісаць. Старажытныя казалі, што ў разьвіцьці творчай асобы існуюць тры этапы: эдукацыя, імітацыя і крэацыя, то бок самастойнае тварэньне. Паўтару і я: чытайце тэксты ў рубрыцы, вызначайце па іх, якія тэмы і ў якой форме нам прапанаваць, і спрабуйце пісаць падобна, гэта значыць, імітаваць апублікаваных аўтараў. Авось атрымаецца і ў вас.

Адна прафэсійная рыса

Паколькі мы вырашылі, што рубрыка «100 словаў» мае абнаўляцца шэсьць разоў на тыдзень, мне часам даводзіцца апэляваць да «сваіх», рэдакцыйных калегаў, каб падставілі плячо і напісалі тэкст, якога на канкрэтны дзень якраз не хапае. Мае калегі — прафэсіяналы: яны ў змозе напісаць цікавы тэкст нават тады, калі не адчуваюць «натхненьня». І гэтай прафэсійнасьцю мы ратуемся, каб у рубрыцы не было «дзірак». Тэксты рэдактараў зьявіліся ня «раптам» — яны прысутнічалі ад самага пачатку. І як падстрахоўка для падтрыманьня жыцьцяздольнасьці рубрыкі, і проста як арыгінальныя і вартыя паказаньня шырэйшаму колу чытачоў назіраньні над нашым сьветам і нашымі сучасьнікамі.

Яны атрымалі imprimatur

Сказаўшы гэта, я хачу зьвярнуць увагу на некалькі вельмі цікавых тэкстаў ад «вонкавых» аўтараў, якія на штодзень літаратурнай і журналісцкай працай ня бавяцца. Прыкладам, «Гэты сьвет патрабуе цябе» Насты Дашкевіч; «Перамагчы» Аляўціны Макулінкі; «Дэзарыентацыя» Кастуся Сырэля; «Жывое чуе жывое» Ларысы Раманавай; «Русыфікатары» Ігара Кузьмініча; «Каб падбадзёрыць хворых сяброў» Наты Куліцкай; «Уладарніца Кроснаў» Аляксандра Таўстыкі; «Пра майго Дзеда Мароза» Лі. К.; «Жыцьцё з заплюшчанымі вачыма» Антона Шустава. У іх ёсьць тое, чаго мы чакаем у рубрыцы найбольш — суб’ектыўнасьць і прыватнасьць у бачаньні навакольнага сьвету. Шкада часу, каб разглядаць і гаварыць тое, што ўжо пабачылі і сказалі іншыя.

У спадзяваньні на калектыўнага «гедройця»

Яшчэ раз дзякую ўсім, каго мы ў «100 словах» надрукавалі і каго (яшчэ) не. Магчыма, з тэкстаў гэтай рубрыкі ўзьнікне кніжка. Пад канец году будзем ведаць напэўна — кніжцы быць! Або — ня быць! Няведаньне, як вырашыцца гэтая дылема, зьядае маё сэрца, як каларадзкі жук зжырае бульбоўнік без агратэхнічнага дагляду. Ды нічога. Вера ў мяне мацнейшая за сумневы. Я веру, што мы зможам ня толькі ажыцьцявіць гэтую кніжку, але і падаць яе на прэмію Гедройця. Калі не як раманісты, то як эсэісты. А потым, калі нам адцяпаюць тыя 10 тысяч, мы абвесьцім конкурс — як падзяліць грошы.

Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG