Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая сямёрка»: Кітай не заменіць Расею


Удзельнікі саміту каля замка Эльмаў
Удзельнікі саміту каля замка Эльмаў

«Вялікая сямёрка» працягне палітыку санкцый у адносінах да Расеі і ня будзе пашыраць кола сваіх удзельнікаў.

«Вялікая сямёрка» ў складзе лідэраў Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Італіі, Канады, ЗША, Францыі і Японіі, да якіх далучыліся старшыня Эўрапейскай камісіі і прэзыдэнт Эўрапейскай рады, сабралася 7 чэрвеня ў замку Эльмаў у Баварыі на двухдзённую сустрэчу, каб абмеркаваць стратэгічныя пытаньні сусьветнай палітыкі.

Расея была запрошаная ў гэты клюб сусьветных лідэраў у 1998 годзе, але пасьля падзей у Крыме і ва Ўкраіне была выключаная са складу ўдзельнікаў.

Пратэст, арганізаваны глябальнай дабрачыннай арганізацыяй Oxfam
Пратэст, арганізаваны глябальнай дабрачыннай арганізацыяй Oxfam

Саміт G7 суправаджаюць масавыя пратэсты, эпіцэнтар якіх прыпадае на курортны горад Гарміш-Партэнкірхен. Галоўныя патрабаваньні пратэстоўцаў — маладых людзей, як правіла, левых, антыглябалісцкіх перакананьняў — зводзяцца да заклікаў скончыць з усімі відамі дамоваў аб зонах свабоднага гандлю. «Наш сьвет не зьяўляецца таварам!» — скандуюць удзельнікі пратэстаў. Маніфэстацыі і мітынгі ў межах бачнасьці і чутнасьці ўдзельнікаў саміту забароненыя, для забесьпячэньня бясьпекі палітыкаў у раён правядзеньня форуму сьцягнутыя 17 тысяч паліцыянтаў.

Абама і Мэркель падчас рабочай вячэры
Абама і Мэркель падчас рабочай вячэры

Напярэдадні саміту, які пачаўся 7 чэрвеня ў сярэдзіне дня, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзыдэнт ЗША Барак Абама правялі асобную сустрэчу, наведаўшы непадалёк ад замка баварскую вёску Крун. Вынікам сталі кароткія публічныя заявы абаіх лідэраў наконт непарушнай дружбы дзьвюх краінаў і важнасьці іх саюзу «нягледзячы на любыя перашкоды і рознагалосьсі». Пад «рознагалосьсямі» Ангела Мэркель мела на ўвазе скандал з праслухоўваньнем ЗША тэлефонных размоваў грамадзянаў Нямеччыны, уключаючы самую спадарыню канцлер. Барак Абама выклікаў ухвальную рэакцыю баварцаў абяцаньнем набыць баварскія скураныя штаны да каленяў.

Саміт адкрыўся прывітальнай прамовай гаспадыні Мэркель, пасьля чаго прайшло рабочае пасяджэньне кіраўнікоў краінаў G7 разам з кіраўніцтвам Эўракамісіі і Рады Эўропы, а таксама кансультацыі па тэме «гандаль і стандарты». У вечаровай праграме была позьняя вячэра з абмеркаваньнем пытаньняў зьнешняй палітыкі і бясьпекі, перш за ўсё — крызісу ва Ўкраіне і узаемадзеяньняў з Расіяй, якую пасьля захопу Крыму не запрашаюць на саміты G7.

На першай працоўнай сэсіі саміту
На першай працоўнай сэсіі саміту

Ангела Мэркель, нагадаўшы ў апошнім перад самітам інтэрвію прэсе пра ролю Пуціна ў зьнішчэньні хімічнай зброі Сырыі, заявіла тым ня менш: «Расея зьяўляецца важным удзельнікам шматлікіх міжнародных працэсаў, у прыватнасьці, перамоваў па ядзернай праграме Ірану, па праблемах Сырыі і па іншых. І кантакты з Расеяй па гэтых тэмах праходзяць, але ў іншых фарматах. Канфэрэнцыя ААН па зьменах клімату таксама натуральна будзе ўзаемадзейнічаць з Расеяй. У нас ёсьць і іншыя спосабы для выпрацоўкі рашэньняў з удзелам Расеі, але тут, на пасяджэньнях G7, супольнасьці, якая базуецца на адзінстве і агульнасьці каштоўнасьцяў, зносіны з Расеяй пасьля вядомых падзей у Крыме, пасьля анэксіі Крыму немагчымыя, бо немагчыма гаварыць пасьля гэтага з Расеяй як з партнэрам».

Яшчэ больш катэгарычную пазыцыю выказаў прэм’ер-міністар Канады Стывэн Гарпэр, які заявіў, што Расеі нельга дазволіць вярнуцца ў «Вялікую сямёрку», пакуль прэзыдэнтам гэтай краіны будзе Ўладзімір Пуцін. Гарпэр адзначыў, што замежная палітыка Расеі грунтуецца на хлусьні, нагадаў выпадак, калі Пуцін схлусіў у вочы яму асабіста, і дадаў аб расейскіх палітыках у цэлым: «Пакуль яны да нас будуць ставіцца так, як быццам усе мы ідыёты, зь імі ня варта весьці дыялёг».

Эльмаў, Баварыя
Эльмаў, Баварыя

Пазыцыю прыхільнікаў вяртаньня Расеі ў клюб G7, а таксама тых, хто лічыць правільным прыцягнуць да пасяджэньняў «Вялікай сямёркі» Кітай, выказаў дырэктар Інстытуту нямецкай эканомікі, важнай для ўраду Нямеччыны экспэртнай супольнасьці, Міхаэль Гютнэр: «Можа быць, усё ж варта прапанаваць удзел у G7 і іншым краінам, важным з эканамічнага пункту гледжаньня? Як можна вырашаць стратэгічныя пытаньні сусьветнай эканомікі без уліку меркаваньня Кітаю? Закрыты клюб — рэч добрая, але ён можа стаць носьбітам нэгатыўных тэндэнцый, калі іншыя важныя краіны доўга будуць заставацца па-за яго рамкамі. Тое самае адносіцца і да Расеі. Я не вітаў выключэньня Расеі з „васьмёркі“. Я лічыў, што ніхто ня быў абавязаны быць прыязным у адносінах да Пуціна, калі б ён быў за сталом. Ён павінен быў адкрыта пачуць, што менавіта іншым не падабаецца і што для іх непрымальна».

І ўсё ж для ўдзельнікаў саміту G7 важнымі зьяўляюцца агульныя каштоўнасьці ды згуртаванасьць і ўзгодненасьць пазыцый на іх аснове. Вядома ўжо, што палітыка санкцый у адносінах да Расіі будзе пацьверджаная ўдзельнікамі форуму ў Эльмаў. «Лідэры дзьвюх краін абмеркавалі крызіс ва Ўкраіне і сышліся на тым, што працягласьць дзеяньня санкцый павінна быць дакладна ўвязаная з поўным выкананьнем Расеяй Менскіх пагадненьняў і павагай да сувэрэнітэту Ўкраіны», — гаворыцца ў заяве Белага дома, апублікаваным пасьля сустрэчы Барака Абамы і Ангелы Мэркель.

Сёньня на сустрэчы ў Эльмаў пройдзе абмеркаваньне праблемаў клімату і энэргазабесьпячэньня, далей адбудуцца сустрэчы ўдзельнікаў з кіраўнікамі афрыканскіх краінаў і міжнародных арганізацый. Завершыць саміт прэс-канфэрэнцыя Ангелы Мэркель.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG