Канада не пагодзіцца на аднаўленьне «Вялікай васьмёркі», прынамсі да таго часу, пакуль Уладзімер Пуцін застаецца прэзыдэнтам Расеі, заявіў у чацьвер у інтэрвію агенцтву Associated Press прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпэр.
Канада, паводле слоў прэм’ер-міністра, рашуча не прыме любую магчымасьць вяртаньня Ўладзімера Пуціна за агульны стол зь лідэрамі сямі вядучых заходніх дзяржаў.
«Рашэньне аб вяртаньні Расеі запатрабуе кансэнсусу, гэтага кансэнсусу ня будзе», — папярэдзіў канадзкі лідэр. Ён растлумачыў у інтэрвію, што, на яго думку, у сваіх уяўленьнях Пуцін зыходзіць з таго, што «халодная вайна» працягваецца, і расейскі лідэр лічыць, што ён здольны зьмяніць яе зыход.
«Спатрэбіцца на гэта пяць месяцаў або пяцьдзесят гадоў, ні Канада, ні Захад не прызнаюць акупацыю Расеяй Крыму або іншай часткі тэрыторыі Ўкраіны», — падкрэсьліў прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпэр. Ён даў інтэрвію за два дні да пачатку саміту «Вялікай сямёркі» ў Баварыі.