Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Міжнароднай канфэрэнцыі працы разгледзяць беларускае пытаньне


5 чэрвеня ў рамках 104-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы, якая праходзіць 1–13 чэрвеня ў Жэнэве, зноў будзе абмеркавана сытуацыя з правамі працоўных у Беларусі.

У працы канфэрэнцыі ўдзельнічае афіцыйная ўрадавая дэлегацыя Беларусі на чале зь міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар’янай Шчоткінай. У складзе дэлегацыі таксама старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда.

Лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук прысутнічае на канфэрэнцыі ў якасьці віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай канфэдэрацыі прафсаюзаў.

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Беларускае пытаньне» зьявілася на парадку дня МАП у 2003 годзе. Тады Адміністрацыйная рада МАП пачала расьсьледаваньне парушэньня правоў прафсаюзаў у Беларусі ў сувязі са скаргай незалежных прафсаюзаў. Па выніках расьсьледаваньня Беларусь неаднаразова ўносілі ў спэцпараграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў. Праз гэта ў чэрвені 2007 году Беларусь выключылі з Генэральнай сыстэмы прэфэрэнцыяў Эўразьвязу.

Для вяртаньня прэфэрэнцыяў урад Беларусі павінен выканаць 12 рэкамэндацыяў МАП. У тым ліку — даць незалежным прафсаюзам магчымасьць рэгістраваць пярвічныя арганізацыі.

У студзені 2014 году Беларусь наведала місія на чале з дарадцам гендырэктара МАП Кары Тапіёлам, каб «скласьці поўную карціну сытуацыі з правамі прафсаюзаў і дапамагчы беларускім уладам рэалізаваць ранейшыя рэкамэндацыі сьледчай камісіі МАП».

У чэрвені 2014 году на сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы Беларусь сёмы раз занесьлі ў адмысловы параграф МАП як краіну, дзе груба парушаюцца правы прафсаюзаў.

Штогадовая Міжнародная канфэрэнцыя працы — найвышэйшы орган МАП, на ёй прымаюцца ўсе акты арганізацыі, паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG