Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казько: Ажыятаж вакол прэміі Гедройця — ад беднасьці


Віктар Казько
Віктар Казько

Намінант на прэмію Ежы Гедройця Віктар Казько лічыць, што маладая беларуская літаратура апынулася ў мастацкай паўзе, бо кожны мае магчымасьць выдаць кнігу за свой кошт.

«Я спачуваю журы, якое вымушана лапаціць вялізную колькасьць макулятуры ў пошуках пробліскаў чагосьці сапраўднага», — сказаў Свабодзе 75-гадовы празаік.

— Спадар Віктар, наколькі важная прэмія імя Гедройця для беларускага літаратурнага працэсу?

— Вядома, яна спрыяе. У нас увогуле няма мэцэнацтва. І я ня ведаю, у чым тут бяда, таму што ў той жа Расеі інстытут мэцэнацтва вельмі добра разьвіты. А ў нас — нічога. Я вельмі ўдзячны прэміі імя Гедройця за тое, што хоць адзіная значная ўзнагарода знайшлася. Але і моцна засмучаны, бо менавіта праз тое, што гэтая прэмія адзіная са значным фондам, яна выклікае вельмі вялікі ажыятаж вакол сябе. А мы яшчэ не падрыхтаваныя да такой матэрыяльнай адзнакі літаратурнай працы. Гэта наша беднасьць. 42 аўтары рынуліся ўдзельнічаць, як колісь на штурм дэфіцыту ў Савецкім Саюзе. Гэта ня тое што насьцярожвае, а засмучае. Усё гэта з-за нашай беднасьці. І даў бы Бог, каб такія прэміі множыліся. Усё ж наша літаратура заслугоўвае веданьня і адзнакі ў сьвеце.

— Што Вы маеце на ўвазе, калі кажаце «ажыятаж вакол прэміі Гедройця»?

— Я маю на ўвазе падспудныя плыні і цячэньні, змаганьне. Ну, і вялікую колькасьць удзельнікаў прэміяльнай гонкі... Я спачуваю журы, якое вымушана лапаціць вялізную колькасьць макулятуры ў пошуках пробліскаў чагосьці сапраўднага.

— У 1982 годзе Вы атрымалі дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа за аповесьць «Суд у Слабадзе». Што яна для Вас значыла? Ці дала нейкую падтрымку — маральную і матэрыяльную?

— У той час гэта была прэмія-карміліца. Атрымаць яе мне было вельмі нечакана, бо я быў амаль пачаткоўцам. Ставіўся да сваёй творчасьці без аплёмбу. Пісаў, як мог, як дыхаў. У матэрыяльным пляне дзяржпрэмія ў параўнаньні з прэміяй Гедройця была невялікая, асаблівых матэрыяльных выгодаў не давала, але трохі карміла, корміць і цяпер.

— Ці цяпер Вам бы прыдаліся тыя грошы, якія атрымлівае галоўны пераможца прэміі імя Гедройця?

— Мне ня вераць, але я падкрэсьліваю, што стаўлюся да яе вельмі і вельмі спакойна. Таму што я ведаю сябе, ведаю свае творы, свае заняткі. Мне больш надае дыханьня сама праца. Нічым, апроч пісаньня прозы, я займацца не магу. І таму я імкнуся рабіць як мага больш і раблю гэта для сябе. А калі гэта цікава яшчэ некаму, то, значыць, я іду на ўзроўні. Разам з тым не магу адмаўляць, што любая літаратурная прэмія надае ўпэўненасьці ў сабе. Але ад таго, ці дадуць прэмію, лепш пісацца ня будзе.

— Як Вы лічыце, ці ёсьць канфлікт пакаленьняў у беларускай сучаснай літаратуры?

— Гэты канфлікт быў заўсёды. Старыя наракаюць на маладых, а маладыя — на старых. Але ў Беларусі яшчэ справа ў тым, што адбыўся літаратурны разрыў паміж пакаленьнямі. Маё пакаленьне сыходзіць ціха — і Кудравец, і Барадулін, і Бураўкін. Яно застаецца ў мінулым. Ну, а малодшае пакаленьне трапіла ў культурную паўзу, калі зьніклі арыенціры, калі не адчуваецца ўзровень, калі бракуе мастацкасьці, калі можна выдавацца за свае грошы. Гэтая плынь так званай літаратуры, амаль што самвыдаўскай,— гэта вельмі адчуваецца і будзе адчувацца яшчэ доўга.

— Вы крытычна ацанілі маладую беларускую літаратуру. А ці ёсьць нешта, што Вы як празаік запазычваеце ў маладых літаратараў?

— Запазычваю, але не з пакаленьня маладых пісьменьнікаў, а з новага часу ўвогуле. Гэты час зусім іншы, зусім іншае стаўленьне да рэчаіснасьці, да мінуўшчыны. Наконт маладых я хачу сказаць наступнае — нельга, як у часы рэвалюцыяў, скідваць з возу клясыкаў, імкнучыся быць толькі самімі. Гэтая самаснасьць, з аднаго боку, шкодзіць, а зь іншага — празь яе мне, напрыклад, вельмі цікава сачыць за сучаснай прозай. Яна сёньня пачынаецца вельмі рана, вельмі рана надыходзіць і прафэсіянальнасьць, майстэрства. Але першы твор можа напісаць кожны, арыентуючыся на падзеі свайго жыцьця. Пісьменьніцтва як справа ідзе ўжо потым. Таксама важна тое, як засвоена культурная скарбніца мінулага. Сёньняшняе ня можа абапірацца толькі на самаснасьць. Мяне часам раздражняюць усе гэтыя «андэрграўнды» і «постмадэрнізмы», але што зробіш. Без засваеньня таго, што творыцца ў літаратуры вакол цябе, існаваць літаратурным жыцьцём таксама немагчыма. На жаль, у Беларусі пісьменьнікі розных генэрацыяў мала ведаюць адно аднаго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG