«На перамогу я, хутчэй за ўсё, не разьлічваю, бо ўваход у шорт-ліст — гэта цуд, з аднаго боку, а зь іншага боку — заканамернасьць. Цуд — таму што я нідзе не прэзэнтаваўся, не абвяшчаў пра сябе. А заканамернасьць... Ну, магу сказаць, што некаторыя тэксты, як там пазначана ў кнізе, яны ўжо здабывалі прэміі. І, па сутнасьці, аналягаў гэтай кнігі няма, і ня толькі ў беларускай літаратуры», — распавёў Андрэй Гуцаў Радыё Свабода.
Зь іншых твораў, намінаваных на прэмію імя Гедройця, Гуцаў чытаў толькі твор Віктара Казько «Час зьбіраць косьці»: «Майстар, не паспрачаесься. У астатніх я чытаў толькі ўрыўкі».
Андрэй Гуцаў у курсе канфлікту, зьвязанага з рэцэнзіяй Марыі Мартысевіч на кнігу Віктара Казько.
«Што сказаць пра гэты канфлікт? Ці трэба было разьмяшчаць адмоўныя рэцэнзіі на сайце прэміі? Ну дык я не скажу, што і на мяне рэцэнзія ўхвальная. Некаторыя заўвагі, выказаныя Мартысевіч, маюць падставу. А зь іншага боку, яна не пакідае ад сапраўднага майстра каменя на камені — гэта таксама залішне. Канчаткова падвесьці рысу пад гэтай рэцэнзіяй, пад гэтым скандалам — гэта для мяне справа не аднаго дня. Апошняга вэрдыкту я выказаць не магу», — падкрэсьлівае Гуцаў.
Ляўрэатаў прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі абвесьцяць сёньня ў менскім гатэлі «Renaissance». Пачатак а 19-й гадзіне.
Сёлета на гран-пры конкурсу прэтэндуюць шэсьць аўтараў:
1. Тацяна Барысік «Жанчына і леапард» (Менск, «Кнігазбор»)
2. Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі» (Менск, «Галіяфы»)
3. Антон Францішак Брыль «Ян Ялмужна» (Менск, «Кнігазбор»)
4. Андрэй Гуцаў «Кніга зданяў» (Менск, «Кнігазбор»)
5. Сяргей Дубавец «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (Менск, «Каўчэг»)
6. Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (Менск, «Кнігазбор»)