«Ідзе зьмена пакаленьняў у літаратуры, а яна заўсёды адбываецца канфліктна, таму што маладзейшыя імкнуцца скінуць старэйшых з „карабля гісторыі“, і гэта натуральна, таму што мяняецца эстэтыка, мяняецца сам сьвет вакол нас і наша ўспрыманьне гэтага сьвету. А герархія літаратурная застаецца застылай з 50–70-х гадоў. Можа, у гэтым сэнсе Марыя якраз падняла праблему гэтай зьмены герархіі, якая нічым на сёньня не апраўданая. Усе беларускія пісьменьнікі сядзяць у адным маленькім слоіку, захоўваючы колішнія расклады, хто важнейшы, хто менш важны... Мне здаецца што гэта проста было цікава — цікавая дыскусія. Можна спрачацца, як Марыя гэта напісала, але напісала як магла. Можа, камусьці хацелася больш піетэту да старэйшых пісьменьнікаў, але піетэт — такая штука, якая не прадаецца і не купляецца — яна або ёсьць, або яе няма. Але гэта была цікавая дыскусія», — сказаў Дубавец Свабодзе.
Сяргей Дубавец лічыць, што для беларускай літаратуры існаваньне прэміі Гедройца вельмі важнае, бо гэта шмат каго стымулюе да пісаньня, да спаборніцтва, да асваеньня нейкіх сучасных жанраў, тэмаў, стыляў:
«Гэта ўсё разьвівае літаратуру. Тым больш што гэта прэмія такога эўрапейскага кірунку, а гэта вельмі здарова для Беларусі».
Але для яго асабіста ўдзел у прэміі і ўваход у шорт-ліст «абсалютна няважны».
На перамогу ў гэтым годзе Дубавец не разьлічвае. Прачытаць кнігі ўсіх намінантаў не пасьпеў.
Ляўрэатаў прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі абвесьцяць сёньня ў менскім гатэлі «Renaissance». Пачатак а 19-й гадзіне.
Сёлета на гран-пры прэтэндуюць шэсьць аўтараў:
1. Тацяна Барысік «Жанчына і леапард» (Менск, «Кнігазбор»)
2. Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі» (Менск, «Галіяфы»)
3. Антон Францішак Брыль «Ян Ялмужна» (Менск, «Кнігазбор»)
4. Андрэй Гуцаў «Кніга зданяў» (Менск, «Кнігазбор»)
5. Сяргей Дубавец «Сіні карабель у блакітным моры плыве» (Менск, «Каўчэг»)
6. Віктар Казько «Час зьбіраць косьці» (Менск, «Кнігазбор»)