Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паведаміў па выніках пасяджэньняў саміту «Ўсходняга партнэрства, што беларуская дэлегацыя ў Рызе напісала дадатковую заяву да выніковага дакумэнту — Супольнай дэклярацыі.
Спадар Макей патлумачыў, што гэтая агаворка датычыць пункту пра анэксію Крыму Расеяй:
«Нашы партнэры лічаць, што нейкія эмацыйныя гучныя заявы дапамогуць вырашыць праблемы, якія патрабуюць штодзённых настойлівых вялізных намаганьняў. Яны паспрабавалі ўключыць гучныя заявы, якія абвінавачваюць нейкія бакі, у заключную дэклярацыю Рыскага саміту. І паспрабавалі прадставіць гэта такім чынам, што ўсе праблемы „Ўсходняга партнэрства“ залежаць ад зьнешніх фактараў».
Паводле спадара Макея, у дадатковай заяве Беларусі гаворыцца пра тое, што Беларусь не прымае пэўныя параграфы, у якіх прысутнічаюць канфрантацыйныя пасылы на адрас трэціх краін — Расеі.