Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Беларусь не падпіша дакумэнты з антырасейскімі выказваньнямі


«Беларусь прынцыпова ня стане падпісваць дакумэнты саміту "Ўсходняга партнэрства", у якіх будзе адкрыта ўтрымлівацца антырасейская пазыцыя», — пра гэта, як паведамляе БелаПАН, заявіў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы сёньня на VII зьезьдзе Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

«Здавалася б, украінскія падзеі павінны былі ня многіх, а ўсіх навучыць, які крохкі сьвет, як трэба берагчы гэты сьвет. Трэба вырашаць праблему Ўкраіны, Грузіі. Але не, сабраліся на Ўсходнім партнэрстве — у кожным дакумэнце давай ганьбіць Расею, ня прама, дык ускосна. Мы катэгарычна заўсёды былі супраць таго, каб „Усходняе партнэрства“ было супраць кагосьці», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Калі Эўразьвяз хоча з намі супрацоўнічаць ва «Ўсходнім партнэрстве», давайце будзем гэта рабіць. Але Расея ня ўдзельнічае ва «Ўсходнім партнэрстве», чаму завочна, без Расеі, мы яе павінны дубасіць, у тым ліку за Крым? На нас крыўдзяцца, што мы гэта не падтрымалі. Гэта мая прынцыповая пазыцыя», — падкрэсьліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёньня галоўная задача — спыніць гібель людзей на ўсходзе Ўкраіны, а ўжо потым «разьбірацца, хто вінаваты». Беларусь стала «месцам міру для Ўкраіны», і цяпер трэба ўтрымаць там мір, дадаў кіраўнік Беларусі.

Па выніках рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства», у якім беларускую дэлегацыю ўзначальвае кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, плянуецца прыняць сумесную дэклярацыю краінаў-партнэраў і Эўразьвязу.

Напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на дыпляматычныя крыніцы паведаміла, што Беларусь і Армэнія адмовіліся падпісваць першапачатковы варыянт дэклярацыі з-за наяўнай там фразы аб «незаконнай анэксіі» Крыму Расеяй.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка па прыезьдзе ў Рыгу пракамэнтаваў адпаведнае паведамленьне Reuters наступным чынам: «Я думаю, што сытуацыя з анэксіяй Крыму прызнаная ўсім сьветам. І калі Беларусь павінна выпрацаваць сваю пазыцыю і калі яна дастаткова нерашучая, я думаю, што гэта праблема Беларусі. Гэта не зьяўляецца праблемай Эўрапейскага Зьвязу ці Ўкраіны».

22 траўня перад пачаткам саміту эўракамісар па эўрапейскай палітыцы суседзтва і пашырэньня Ёханэс Ган заявіў журналістам: «Мы падрыхтуем такі варыянт дэклярацыі саміту, які задаволіць усіх».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG