Усё выглядала вельмі аптымістычна шэсьць гадоў таму, калі мы з рэдакцыйным калегам Юрыем Дракахрустам хадзілі па Кангрэсавым цэнтры ў Празе, дзе адбываўся ўстаноўчы саміт Усходняга партнэрства. Надвор’е ў той дзень было сонечнае, і яно таксама настройвала на аптымізм.
7 траўня 2009 году, падпісаўшы дэклярацыю аб далучэньні да Ўсходняга партнэрства — як ні сьмешна гэта можа сёньня прагучаць — Беларусь нарэшце пачала ісьці ў Эўропу. У лукашэнкаўскую эпоху я ня бачу ніякай іншай даты, якая магла б сур’ёзна паспаборнічаць з гэтай за званьне «Пачатак паходу Беларусі ў Эўропу». Канешне, да таго часу Беларусь ужо была (або пабывала) у эўрапейскіх арганізацыях (прыкладам, АБСЭ, Рада Эўропы) — але толькі ў такіх, у якіх была і Расея. А ў траўні 2009-га Менск уступіў у нешта, куды не ўступіла Масква (і куды Маскву нават не запрашалі). Адчуваеце розьніцу?
Гэтую розьніцу ў 2009 годзе выразна адчула беларуская апазыцыя, якая перад устаноўчым самітам Усходняга партнэрства падняла крык, што, маўляў, Эўропа «здрадзіла» сваім ідэалам, убачыўшы партнэра ў «апошнім дыктатары Эўропы». Стварылася парадаксальная сытуацыя: пачаў ажыцьцяўляцца ці ня самы вядомы лёзунг антылукашэнкаўскай апазыцыі — «Беларусь у Эўропу!» — а яна, апазыцыя, пачала даваць задні ход. Некаторых, праўда, удалося абразуміць, і яны нават адмысловую заяву ў Празе падпісалі, у якой віталі ідэю Ўсходняга партнэрства і выказалі ўдзячнасьць Эўразьвязу за ўключэньне Беларусі ў гэтую праграму...
Як тады, так і цяпер застаецца загадкай, чым насамрэч (у практычным вымярэньні) зьяўляецца Ўсходняе партнэрства — чакальнай заляй для кандыдатаў на поўнае сяброўства ў Эўразьвязе ці ўсяго ветлівай формай адказу «не» для шасьці краінаў «цывілізацыйнага разлому» (як сказаў бы Сэмюэл Гантынгтан)? Мяркуючы па інтэрвію прэзыдэнта Эўрапейскай Рады Дональда Туска нашаму радыё, якое ён даў перад самітам Усходняга партнэрства ў Рызе, Брусэлю сёньня бліжэй да гэтага другога вызначэньня. Што тычыцца Ўкраіны, Грузіі і Малдовы — яны, несумненна, прытрымліваюцца першага...
А чым зьяўляецца Ўсходняе партнэрства для Беларусі?
Як па мне, прамарнаваным дашчэнту шасьцігадовым шанцам Беларусі ўзмацніць сваю палітычную суб’ектнасьць у Эўропе.
Я кажу тут не пра тое, што Беларусь павінна ў рамках гэтай праграмы падпісваць дэклярацыі з асуджэньнем расейскай зьнешняй палітыкі наагул і анэксіі Крыму ў прыватнасьці (Realpolitik ёсьць Realpolitik, і ніхто ў Брусэлі ўсур’ёз ня стане асуджаць Менск за адмову падпісацца пад такімі дэклярацыямі). Тым больш што цана такім дэклярацыям, калі па шчырасьці, ня большая, чым кошт паперы, на якой іх размнажаюць...
Я маю на ўвазе перш за ўсё кучу прамарнаваных Менскам нагодаў палепшыць агульную камунікацыю паміж Беларусьсю і Эўропай, як візавую, так і бязьвізавую, як палітычную, так і культурна-цывілізацыйную. Не выходзячы з палітычнага ценю сваёй усходняй суседкі, афіцыйны Менск усё ж мог бы выйсьці са свайго сьветапогляднага савецкага засьценку і хоць трохі адчуць сябе спадкаемцам эўрапейскасьці, калі не ў палітычных каштоўнасьцях, дык хоць бы ў паводзінах саміх палітыкаў...
Яшчэ адна згадка з траўня 2009... У Кангрэсавым цэнтры ў Празе падчас саміту Ўсходняга партнэрства мы зь Юрыем Дракахрустам ня толькі прысутнічалі пры значнай (для мяне — гістарычнай) палітычнай падзеі, але і наглядалі ды параўноўвалі два стылі палітычных паводзін. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, эўракамісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр, кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу Хавіер Саляна — усе яны ахвотна кантактавалі з журналістамі і адказвалі на пытаньні, як перад самітам, так і пасьля яго, калі ўжо ніякіх прэс-канфэрэнцый і выхадаў да журналістаў не прадбачвалася. Мне ўдалося запісаць кароткія размовы зь неверагодна стомленымі Салянам і Фэрэра-Вальднэр ужо пасьля заканчэньня саміту, калі ўсе рыхтаваліся для агульнага здымку. Калі ж я падышоў да беларускай дэлегацыі (віцэ-прэм’ер У. Сямашка, міністар замежных справаў С. Мартынаў, амбасадар У. Сянько) і папрасіў кароткага камэнтару наконт таго, што для Беларусі значыць гэты саміт, пачуў усяго: «Нет, спасібо!». Гэта, канешне, дробязь, але з такіх якраз дробязяў і складаецца беларуская замежная палітыка ў Эўропе (бо большага ніхто не дазваляе — ні Масква, ні Брусэль, ні самі ведаеце хто ў Менску). Нават калі палітыку няма чаго сказаць альбо яму загадалі маўчаць і ён баіцца сказаць лішняе, ён усё ж не павінен адшываць журналіста вось так. Эўрапейцы так ня робяць ;)
Ды хай там, я тут пра іншае...
Беларуская замежная палітыка апошніх 20 гадоў сталася ня столькі ахвярай неспрыяльнага геапалітычнага раскладу для краіны, колькі закладніцай самаўпраўства аднаго чалавека, які як палітык аказаўся вельмі спрытным і ўвішным, але гэтыя ягоныя спрыт і ўвішнасьць насамрэч нагадваюць шчыраваньне мухі над вялізнай катлетай (калі ўжыць тут вядомы вобраз). Муха ўсё яшчэ ў змозе пажыўляцца гэтай катлетай, хоць мяса робіцца ўсё больш пратухлае і дзе-нідзе ў ім ужо заварушыліся чэрві...
Так вось і на гэтым эўрапейскім саміце ў Рызе. Мы пачуем бзык беларускай мухі, занепакоенай тым, каб, крый Божа, асвоеная ёю катлета не прапала. А на мэню іншых яна ўсяго паглядзіць здалёку, моўчкі каўтаючы сьлінку.