Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вялікая зьдзелка» ад Лукашэнкі


Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

З заяваў, зробленых прэзыдэнтам Лукашэнка ў інтэрвію амэрыканскаму інфармацыйнаму агенцтву Bloomberg, мабыць, самым гучным была канстатацыя таго, што без амэрыканцаў ва Ўкраіне ўрэгуляваньня ня будзе. Гэтую фразу вынесьлі ў загалоўкі многія выданьні, а пасажы, якія тычацца гэтага сюжэту, былі адразу ж апублікаваныя на прэзыдэнцкім сайце.

На першы погляд, выклік Маскве. Хаця як паглядзець. Уласна кажучы, сама Масква напаўафіцыйна заяўляе, што ўкраінскі ўрад кіруецца з Вашынгтона. Ну а калі так, то ад каго ж залежыць ўрэгуляваньне?

Зрэшты, варта адзначыць, што такая заява Аляксандра Лукашэнкі — далёка не першая. У 2010 годзе напярэдадні выбараў падчас сустрэчы з амэрыканскімі экспэртамі ён казаў пра зацікаўленасьць у захаваньні амэрыканскай прысутнасьці на постсавецкай прасторы. Гаварылася гэта тады, калі ніякай вайны ва Ўкраіне не было. І гэта, як і цяпер, не было прадыктавана толькі жаданьнем сказаць суразмоўцам тое, што яны хацелі б пачуць (хоць гэтае жаданьне прэзыдэнту таксама зусім не чужое).

Тут прысутнічалі і прысутнічаюць два моманты. Па-першае, павага да сілы і гатоўнасьці яе ўжываць. Пры тым, што амэрыканская палітыка ў дачыненьні да афіцыйнага Менску прыкметна больш жорсткая, чым палітыка ЭЗ, палітычная філязофія Вашынгтону здаецца беларускаму лідэру больш зразумелай і блізкай, чым эўрапейская. Яго вядомая фраза аб «адсутнасьці яец» была сказана менавіта пра эўрапейскіх, а не пра амэрыканскіх кіраўнікоў. Гатоўнасьць ЗША дамагацца сваіх мэтаў рознымі, у тым ліку і сілавымі, сродкамі імпануе беларускаму лідэру куды больш, чым бесьперапынны пошук кансэнсусу ў ЭЗ і прынцыповае ўстрыманьне Эўразьвязу ад ужываньня сілы.

Другі момант выцякае з першага. Пасажы адносна да Расеі, зробленыя ў інтэрвію Bloomberg, пацьвярджаюць амбівалентнае стаўленьне беларускага лідэра да «заклятага сябра» — Расеі. Вядома, і сябра, і брат, і саюзьнік, і крыніца рознага кшталту дабротаў, але нядрэнна, калі яго моц ўраўнаважвалася ў рэгіёне іншы моцай. І не толькі моцай дабрадзейнага прыкладу і майстэрскай дыпляматыі.

Гэта зусім ня тое, чаго хацела б Масква. Згодна з інтэрпрэтацыі самога Лукашэнкі, выкладзенай у інтэрвію амэрыканскаму агенцтву, мэта Пуціна — не адраджэньне СССР, а захаваньне зоны ўплыву. Пажадана поўнага і выключнага. Ну а для афіцыйнага Менска непажадана. Амэрыканская прысутнасьць у рэгіёне зьяўляецца фактарам, які гарантуе, прынамсі збольшага, незалежнасьць Беларусі, прычым незалежна ад стаўленьня амэрыканцаў да яе кіраўніка.

Але зь інтэрвію вынікае, што беларускаму лідэру хацелася б большага. Мяркуючы па ўсім, хацелася б статусу Чаўшэску 60-х-70-х гадоў ва ўзаемаадносінах з Амэрыкай. Чаўшэску і з Брэжневым цалаваўся на зайздрасьць рэгулярна, і рэжым у яго быў далёка ня самы мяккі сярод краінаў сацлягеру, аднак за некалькі крокаў з агульнага шыхта — адмову ад удзелу ва ўварваньні ў Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, захаваньне дыпляматычных стасункаў з Ізраілем — румынскі дыктатар быў узнагароджаны дастаткова зычлівым стаўленьнем з боку амэрыканцаў. Гэта стаўленьне выяўлялася не толькі ў візытах высокіх гасьцей з ЗША, уключаючы прэзыдэнтаў, але і ў фінансавым спрыяньні Бухарэсту.

Пры гэтым нікому і ў галаву не прыходзіла, скажам, запрашаць Румынію ў НАТО ці нават даваць ёй прамыя гарантыі бясьпекі. Гарантыі палягалі ў маўклівым узаемаразуменьні паміж Масквой і Вашынгтонам, што для Масквы паўтор у Румыніі вопыту Вугоршчыны-1956 і Чэхаславаччыны-1968 можа апынуцца сабе даражэй.

Нельга сказаць, што амэрыканцам былі абыякавыя пакуты румынскіх іншадумцаў, ды і ўсяго народу. Але пераважала лёгіка «халоднай вайны» — кожны бок вітае ня тое што ворага, але нават і не вельмі надзейнага саюзьніка іншага.

Гэтую схему афіцыйны Менск спрабаваў прапанаваць амэрыканскаму боку ўжо шмат гадоў. Але раней каштоўнасьць «тавару» ўяўлялася не занадта высокай — Расея была партнэрам Захаду, былі надзеі на паступовае збліжэньне зь ёй, татальнае стрымліваньне Масквы ўяўлялася нейкім рэліктам даўно мінулай эпохі. Але ўкраінскі крызіс усё гэта зьмяніў: Расея — не партнэр, а праціўнік, новая «халодная вайна» у разгары, стрымліваньне Масквы зноў — практычная палітыка Захаду. Гэта павялічвае каштоўнасьць тых, хто выходзіць з маскоўскага «шыхту».

Пры гэтым ЗША — у пэўным сэнсе менавіта тая краіна, якая можа гэта ацаніць. Па вялікім рахунку Эўразьвяз проста не ведае, што рабіць з хітрым саюзьнікам Расеі, які жадае атрымаць крыху большую свабоду геапалітычнага манэўру, не перастаючы гэтым саюзьнікам быць.

ЭЗ ведае, як весьці справы з краінамі, якія жадаюць стаць яго чальцамі — ёсьць набор інстытуцыйных інструмэнтаў ад кандыдацтва да пагадненьняў аб асацыяцыі. Але як весьці справы з краінай, якая не імкнецца ў ЭЗ і якую не вабіць нават асацыяцыя зь ім? Тое, што Эўропа можа прапанаваць такой краіне, ня трэба ёй (ну, скажам, яе ўладам), Эўропе не трэба тое, што можа прапанаваць гэтая краіна.

Іншая справа ЗША, якія вядуць глябальную палітыку і зьяўляюцца канчатковым гарантам бясьпекі ў Эўропе і ў сьвеце.

Схема прыгожая, што і казаць, аднак яна не ў поўнай меры ўлічвае асаблівасьці амэрыканскай палітычнай псыхалёгіі, якая прадстаўляе сабой сплаў ідэалізму і прагматызму. Да таго ж Чаўшэску прыяжджалі Ніксан і Форд, ён гасьцяваў у Картэра, але з прыходам да ўлады Рэйгана адносіны сышлі на нішто. У рамках рэйганаўскай філязофіі «крыжовага паходу» супраць камунізму гульням з сумнеўнымі саюзьнікамі Масквы ўжо не было месца.

Прадбачыць палітычную эвалюцыю ў ЗША складана, але ўяўляецца верагодным, што на зьмену цяперашняй палітыцы прыйдзе курс больш энэргічны і рашучы.

Магчыма, таму Аляксандр Лукашэнка і сьпяшаецца. Не выключана, што яго прапанова «вялікай зьдзелкі» з ЗША ўчора было заўчаснай, а заўтра (а дакладней, праз год) будзе ўжо запозьненай. Ва ўмовах куды больш жорсткай, чым цяпер, канфрантацыі паміж Расеяй і ЗША, палітыку нюансаў ніхто не ацэніць і ня ўзнагародзіць.

Перадрук з парталу TUT. BY

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG