Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта пахаваць Скарыну?


«Францыск Скарына». Фрагмэнт карціны Віктара Маркаўца
«Францыск Скарына». Фрагмэнт карціны Віктара Маркаўца

У Гішпаніі на мінулым тыдні заявілі, што ў жаночым манастыры Трынітарак босых у Мадрыдзе адмысловая група шукальнікаў знайшла месца пахаваньня і парэшткі Мігеля Сэрвантэса.

Гэта сэнсацыйнае паведамленьне для гішпанцаў, нягледзячы на тое, што яно было, так бы мовіць, чаканым. Паводле захаваных гістарычных крыніцаў, Сэрвантэса пахавалі і перапахавалі якраз у гэтым манастыры. Чаму ўсё ж сэнсацыйнае? Ну, уявіце сабе, што беларусам паведамілі — знайшлі месца пахаваньня Францішка Скарыны. Было б над чым падумаць і паразважаць, праўда?

Мігель Сэрвантэс
Мігель Сэрвантэс

Мігель Сэрвантэс памёр 23 красавіка 1616 году. Праз год увесь сьвет, ня толькі гішпанскамоўны, будзе адзначаць 400-годзьдзе гэтай сьмерці. Сэрвантэс лічыцца волатам сусьветнай літаратуры такога памеру, як і Ўільям Шэксьпір. Дзіўным зьбегам акалічнасьцяў Сэрвантэс і Шэксьпір памерлі ў той самы дзень таго самага году. Дата 23 красавіка, паводле рашэньня ЮНЭСКА, адзначаецца як Сусьветны дзень кнігі і аўтарскага права (World Book and Copyright Day).

Пра тое, як гішпанцы зьбіраліся шукаць магілу аўтара «Дон Кіхота» і чаму якраз у жаночым манастыры, я даволі падрабязна напісаў у траўні летась. У сваіх пошуках адмыслоўцы выкарыстоўвалі інфрачырвоныя камэры, трохвымерныя сканэры і радыялякатар. Ім удалося знайсьці пад згаданым манастыром забыты склеп са шкатулай, на якой знаходзіліся ініцыялы Сэрвантэса. У шкатуле былі чалавечыя парэшткі — як лічаць адмыслоўцы, гэтыя косьці належаць Мігелю Сэрвантэсу і ягонай жонцы.

Правесьці аналіз ДНК і ідэнтыфікаваць, ці насамрэч косьці належаць пісьменьніку, не ўяўляецца магчымым, паколькі не засталося ніякіх жывых нашчадкаў Сэрвантэса. Выснову пра тое, што маюцца на ўвазе парэшткі Сэрвантэса і ягонай жонкі, шукальнікі зрабілі паводле веку чалавечых парэшткаў і захаваных разам зь імі ашмоткаў адзеньня. Значыць, нейкая няўпэўненасьць што да знаходкі застаецца, але, насамрэч, ці яна мае вялікае значэньне? Трэба чакаць, неўзабаве адбудзецца яшчэ адно перапахаваньне Сэрвантэса, і манастыр Трынітарак босых у Мадрыдзе стане месцам пілігрымак прыхільнікаў прыгожага пісьменства з усяго сьвету.

У сувязі з гэтым я хачу агучыць пытаньне, якое мне рэгулярна прыходзіць у галаву ў кожныя Дзяды і, нерэгулярна, яшчэ некалькі разоў у іншыя поры году: Чаму нам так важна ведаць, дзе спачываюць косьці чалавека, якога мы хочам памянуць? Ці існуе нейкая містычная або рацыянальная сувязь паміж нашай памяцьцю і збуцьвелымі парэшткамі чалавечага цела? То бок, ці нельга было б зрабіць сымбалічную магілу — кенатаф — для Францішка Скарыны недзе ў Менску або ў Полацку, куды б маглі прыходзіць людзі і аддаваць шанаваньне гэтаму нацыянальнаму сьветачу? Мы ня ведаем, ні калі Скарына памёр, ні дзе яго пахавалі, але чаму не стварыць нацыянальны нэкропаль якраз для яго і для тых, пра якіх нацыі варта помніць, але якіх пахавалі немаведама дзе? Напрыклад, для пакаленьня беларускіх пісьменьнікаў, расстраляных і замучаных сталінскімі катамі?

Ангельскі паэт ХVI ст. Крыстафэр Марла сказаў: усе месцы падобныя і кожная зямля прыгодная для пахаваньня (all places are alike and every earth is fit for burial). Калі так, то ці нельга гэтага аднесьці і да нашай памяці пра памерлых?​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG