Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вернікі масава пакідаюць Маскоўскі патрыярхат


За мінулы год толькі ў Цярнопальскай вобласьці Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату страціла шэсьць парафіяў.

Падобная карціна і ў іншых абласьцях цэнтральнай, заходняй і паўночнай Украіны. Насуперак таму, што дакладнай статыстыкі тых, хто памяняў канфэсію, няма, толькі прааналізаваўшы навінавыя паведамленьні можна зразумець, што за апошні год Маскоўскі патрыярхат страціў ва Ўкраіне дзясяткі парафіяў.

Прыхаджане цэркваў як правіла галасуюць за пераход да Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату, што зьвязана зь пераменай настаяцеля храма. Ва Ўкраіне гэты працэс ужо называюць «парад пераходаў».

Мітрапаліт Тэрнопальскі і Крамянецкі Сергій адмовіўся камэнтаваць рашэньне прыхаджанаў шасьці цэркваў аб пераходзе ў іншую юрысдыкцыю. Ён сказаў: «Мы не даем такой інфармацыі», — і павесіў слухаўку. Рэакцыя мітрапаліта зразумелая. Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату называе адток вернікаў «захопам цэркваў», прыхаджане ж кажуць пра тое, што сьвятары іх ня чуюць.

Важкія прычыны для перарэгістрацыі прыходаў сталі зьяўляцца ва ўкраінскіх вернікаў падчас Эўрамайдана. Некаторыя сьвятары Маскоўскага патрыярхату адмаўляліся служыць паніхіды па загінулых на вуліцы Інстытуцкай у Кіеве, а калі пачаліся ўзброеныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, тая ж гісторыя паўтарылася ў дачыненьні да параненых і забітых падчас так званай антытэрарыстычнай апэрацыі. Яшчэ адна прычына пераходу цэркваў у Кіеўскі патрыярхат — мова набажэнства, бо сярод прыходаў, якія перайшлі ў Кіеўскі патрыярхат, пераважная большасьць цэркваў разьмешчаныя ў сельскай мясцовасьці, дзе пераважае ўкраінамоўнае насельніцтва. Пры гэтым набажэнствы ў цэрквах УПЦ (МП) адбываюцца на расейскай мове.

Некаторыя вернікі называюць непрымальным абвяшчэньне ў царкве канцэпцыі «рускага сьвету», зь якой многія ўкраінскія прыхаджане ня згодныя.

Пра тое, што стаўленьне да таго, што адбываецца ў царкве, не адназначна ўспрымаецца нават сярод сьвятароў Маскоўскага патрыярхату, сьведчыць адкрыты ліст, накіраваны сьвятаром Шумскага дабрачыньня Цярнопальскай эпархіі Алегам Шліхтай мітрапаліту Ануфрыю, кіраўніку УПЦ (МП). Ён, у прыватнасьці, піша:

«Мы, клірыкі і парафіяне УПЦ, зьвяртаемся да Вас у цяперашні цяжкі для нас усіх час, ня з гневам і абурэньнем, а з глыбокім болем і перажываньнем за сьвятую Царкву Праваслаўную. Мы не нацыяналісты і не імкнёмся да адзінства з КП, мы паступова адзін за адным губляем прыходы, нам цяпер няма чаго губляць, і таму адкрыта, не выбіраючы слоў, вымушаныя Вам сказаць прама: Вашае маўчаньне і тайная падтрымка палітычнага курсу Патрыярхіі зьяўляецца асноўнай прычынай расколу, які адбываецца ў УПЦ. У нас забіраюць храмы, а Вы непрыкметна губляеце паству і не адчуваеце гэтага... Мы просім Вас паклапаціцца пра сваю паству, якая жыве ва Ўкраіне, пакуль Гасподзь судзіў быць гэтай зямлі ўкраінскай, а Вы паводзіце сябе як эвангельскі (у дадзеным кантэксьце расейскі) найміт... Яго Сьвятасьць занадта далёка зайшоў у сваёй палітычнай дзейнасьці, роўна настолькі, наколькі „праваслаўная армія Наваросіі“ паглыбілася на тэрыторыю Ўкраіны».

У лісьце Алег Шліхта згадвае некалькі прычынаў, паводле якіх украінскія вернікі прымаюць рашэньне зьбіраць подпісы, каб пакінуць улоньне царквы. Сьвятар пачынае свой ліст з крытыкі ідэалягічных установак Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, адна зь якіх загадвае памінаць падчас набажэнства імя патрыярха Кірыла ўслых:

«Сёньня мы вымушаныя — падкрэсьлім гэта — услых на ектэніі памінаць Патрыярха, а ўчора ён узнагароджваў вышэйшымі царкоўнымі ўзнагародамі за ўнёсак у духоўную асьвету Кісялёва, чалавека, які сее нянавісьць паміж нашымі народамі і пляце чорную хлусьню на Ўкраіну, хлусьню нечуваную за ўсю яе гісторыю. Галоўны імпэрскі паклёпнік выконвае дзяржаўную замову, і Бог яму судзьдзя, а Патрыярх па царкоўных каналах безумоўна спрыяе распаўсюджваньню гэтай хлусьні, і Царква яму не аўтарытэт... Патрыярх проста біскуп сталіцы суседняй дзяржавы і Прадстаяцель сваёй Памеснай Царквы. Прамаўляць яму мнагалецьце на прыходах, дзе аплакваюць сотні загінулых на вайне з расейскімі наймітамі людзей, гэта проста бессэнсоўна, як бессэнсоўна таксама перасьледаваць адміністрацыйнымі мэтадамі сьвятароў, якія гэтага ня робяць, — вось гэта і ёсьць некананічнае дзеяньне біскупа. Няўжо мітраполія будзе распаўсюджваць касмаганічныя байкі Патрыярхіі аб барацьбе сэкулярнага заходняга сьвету з ваярамі сьвятой Русі? Гэта спэкуляцыя сьвятыняй, палярызацыя сьвету на сьвяты — расейскі і грэшны — увесь астатні сьвет, недапушчальная ў Царкве. Галоўнае злачынства Патрыярха супраць нашага народа — гэта тое, што ўзброены канфлікт паміж нашымі дзяржавамі ён трактуе як сьвятую вайну... Для ўсіх тых, хто думае і хто любіць Царкву, цалкам зразумела, што Патрыярх цалкам падтрымлівае дзяржаўную палітыку Расеі, менавіта той Расеі, якая вядзе сёньня вайну з нашым народам, а Патрыярх выступае яе ідэалягічным рухавіком. Кіеўская Мітраполія УПЦ вымушана быць складовай часткай ідэалягічнай сыстэмы расейскай прапаганды. На духавенства аказваецца ціск з боку архірэяў, добра праінструктаваных з імпэрскага цэнтра. Наша сумленьне не дазваляе абвяшчаць з амбона маскоўскія цыркуляры, у якіх узброены канфлікт паміж Расеяй і Украінай называецца «унутраным супрацьстаяньнем».

Алег Шліхта лічыць, што Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату ператварылася ў ідэалягічны інструмэнт:

«Патрыярх здрадзіў сваёй Царкве, прадаў за трыццаць срэбнікаў, на якія расейскай дзяржавай будуюцца велізарныя храмы і манастыры, дзе прапаведуецца не Хрыстос, а „вялікі рэлігійна-палітычны сынтэз“, у духу камуністычнай прапаганды», а прычына адтоку ўкраінскіх вернікаў — у «паступовай страце духавенствам кананічнай УПЦ падтрымкі ў царкоўнага народа»...

Протаіерэй Тэрнопальскай эпархіі Ўкраінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату Аляксей Галавацкі пацьвярджае названыя Алегам Шліхтай прычыны пераходу ў іншую канфэсію:

Людзі разумеюць, што прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату зьяўляецца патрыярх Кірыл, і яны ня хочуць быць пад яго амафорам, паколькі ён не прызнае, што на ўсходзе краіны ідзе братазабойчая вайна, што з-за агрэсіі Расеі паміж сабой ваююць два хрысьціянскія народы.

«Найбольшы адток вернікаў з УПЦ (МП) зьвязаны з падзеямі, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Гэта і Майдан, і вайна на ўсходзе. Людзі разумеюць, што прадстаяцелем Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату зьяўляецца патрыярх Кірыл, і яны ня хочуць быць пад яго амафорам, паколькі ён не прызнае, што на ўсходзе краіны ідзе братазабойчая вайна, што з-за агрэсіі Расеі паміж сабой ваююць два хрысьціянскія народы. Маскоўскі патрыярхат не прызнае агрэсіі Расеі супраць украінскага народа».

Вернікі ў Роўненскай вобласьці
Вернікі ў Роўненскай вобласьці

На сайце УПЦ (КП) адзначаюць, што такія праблемы не узьнікалі б, калі б ва Ўкраіне была створаная адзіная памесная праваслаўная царква. Пакуль што любыя перамовы па яе стварэньні заканчваліся паступовым адыходам у цень найбольш па-рэфармісцку настроеных сьвятароў і архірэяў УПЦ (МП). «Людзі хочуць мець уласную царкву. Яны кажуць, што мы жывем у незалежнай дзяржаве, і павінна быць наша ўкраінская памесная незалежная царква», — кажа протаіерэй Галавацкі і падкрэсьлівае, што сьвятары ніяк не уплываюць на рашэньне тых ці іншых парафіяў у Тэрнопальскай вобласьці: «Мы на гэтыя працэсы ніяк не ўплываем, зьбіраюцца прыхаджане і галасуюць, да якой канфэсіі яны хочуць належаць. Дзясятку чалавек прыняць гэтае рашэньне не пад сілу, неабходная большасьць. Толькі ў гэтым выпадку могуць быць праведзеныя пасялковыя зборы, адбыцца галасаваньне і складзены пратакол. Потым ён падаецца ў адміністрацыю — як гэтага патрабуе заканадаўства Ўкраіны — і адбываецца перарэгістрацыя. Гэта заўсёды рашэньне людзей, мы гвалтам нікога пераходзіць не прымушаем, але, калі людзі да нас прыходзяць самі, мы не адмаўляемся ад парафіяў і вернікаў».

Згодна зь дзейным заканадаўствам, рашэньне аб зьмене канфэсіі прыхаджане прымаюць самастойна, калі ім ўдаецца сабраць подпісы большасьці вернікаў, у некаторых выпадках ладзіцца галасаваньне. Рашэньне прыхаджан павінна быць таксама ўхваленае абласной адміністрацыяй. Пасьля гэтага сьвятар Маскоўскага патрыярхату пакідае храм, і запрашаецца новы сьвятар, і ўся маёмасьць, землі і будынкі таго ці іншага прыходу разам з царквой пераходзяць пад іншую юрысдыкцыю.

Паводле слоў протаярэя, адток парафіяў і вернікаў з Маскоўскага патрыярхату пачаўся на Заходняй Украіне яшчэ ў 90-х гадах. Сёньня вернікі УПЦ (МП) пераважаюць толькі ў двух раёнах Цярнопальскай вобласьці, астатнія раёны дзеляць паміж сабой УПЦ (КП), аўтакефальная ці грэка-каталіцкая царквы.

Арыгінал публікацыі на сайце расейскай службы Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG