Адразу хачу падзякаваць: кампаніі RyanAir — свайго роду эўрапейскім авіяэлектрычкам (я ўжо прабачыў ім два кавалкі францускага сыру, якія яны загрэблі ў мяне на адваротнай дарозе), дзяўчаткам — вулічным шансанье на Манмартры — за сьмелыя чырвоныя панчохі пасярод лютага, усім-усім парыжанам, выпадковым і не, за тое, што выдавалі мне, звычайнаму N-мільённаму турысту, ключ за ключом ад свайго гораду, пасьпяваючы на хаду запытацца са шчырай цікавасьцю «д’у эт ву?».
Ryan Air, russo turisto
Ды нас там — паўсалёна такіх: у Парыж на выходныя, невялікая торба за ручную паклажу, не плаціць за багаж, каўбаса з боханам чорнага на чорны дзень, віскі з «д’юціка», паўрасьпіты на паўдарозе. Але вось з усіх расейскамоўных, сьціплых недарэкаў, якія і чаргу як сьлед у аэрапорце заняць ня могуць, выдзяляецца ЯНА: быццам-бы-футра, маштабныя стразавыя пано ў выглядзе чарапоў на астатніх элемэнтах гламурнага строю, адным словам — «усім устаць, я — прыйшла!». Дзеўка калярытнага гопніцкага выгляду ломіцца ў пачатак недафармаванай сьціплымі беларусамі чаргі, правярае габарытныя памеры сваёй валізы з дапамогай спэцыяльнай скрынкі ад Ryan Air проста перад выхадам на лётнішча. Торба відавочна не праходзіць. Дзеўка сілай пхае зьверху рукой. Мне падалося, што мэтал скрынкі крыху паддаўся, але торба ўсё адно не праходзіць. Чарга, ведаючы, што гэты рытуал прыйдзецца паўтарыць усім, пачынае па-змоўніцку падтакваць: «Ды праходзіць, норм!», заахвочваючы супрацоўніц аэрапорту здацца. Тыя здаюцца. Дзеўка лезе на лётнішча, ды вось бяда — спачатку ідуць тыя, хто набыў прыярытэтны, крыху даражэйшы квіток. Ёй у вочы — «у вас прыярытэтны квіток?» Дзеўка на хвілінку спыняе свой безапэляцыйны града-танкавы наступ, даючы «прыярытэтным квіткам» прашчаміцца скрозь яе першымі на пасадку. Скажыце, дзеці, як яе завуць?
Віленскі аэрапорт
Прыемны і жывы, зручны блізкасьцю да гораду, дабірацца— адна прыемнасьць (электрычка з чыгуначнага вакзалу ідзе 7 хвілін, кошт — 0,72 EUR). Як вы разумееце, гэта камяні ў агарод нашаму «Менску-2». Яшчэ адзін бонус віленскага аэрапорту — выгляд старога гораду пры пасадцы, а таксама парачка афрыканскіх крылатых красунчыкаў нейкай нязнанай пароды.
Непарыж
Тры гадзіны лёту — і вось вам Бавэ, каля 100 км ад Парыжу. Але за 100 м — надзіва нетурыстычная, мілая вёсачка Ційе, дзе на старых дамках і касьцёльчыку адпачывае душа і вочы. Купіце бублік у самай звычайнай вясковай булачнай, замоўце каву там, дзе нават пару слоў па-ангельску наўрад ці ведаюць. А цяпер, калі ласка, — 17 эўра за пераезд у Парыж. Для кемлівых: ёсьць сайты, дзе прыватныя кіроўцы шукаюць пасажыраў на выпадковыя маршруты, выйдзе значна таньней. Зрэшты, менавіта па Парыжы зь ягонымі вечаровымі коркамі, здаецца, ехаць найдаўжэй ва ўсім гэтым маршруце...
Парыскія мерцьвякі
Так, магчыма, гэта паталёгія — у першы дзень сонечным ранкам шыбаваць не куды яшчэ, а на старыя могілкі. Так, да цябе іду, Джыме, будзь ты здаровы. Што мне Міцкевіч і Ваньковіч, што мне Эйфэлева і Люўр? Але такіх, як я, бач ты, нямала. Прычым гэта была пераважная большасьць тых, хто ўвогуле апынуўся ў гэты час на могілках Пэр-Ляшэз, бо ўсе, да каго я чапляўся з пытаньнем «Дзе тут магіла Джыма Морысана?», альбо ўжо ішлі адгэтуль, альбо яшчэ самі яе шукалі. І праўда — крыху заціснуты іншымі старымі склепамі, што блізка падысьці няма як, твой апошні, даволі сьціплы дом, Джыме, адзіны на гэтых могілках спадобіўся жывых кветак ад жывых. І хоць я ніколі ня быў тваім гарачым прыхільнікам — як на мяне, ты занадта наркаманскі герой — але сьпі спакойна ў сваёй пірозе, спадзяюся, там твой індзейскі танец ацанілі як мае быць.
Зрэшты, пара «вулачак» і «плошчаў» гэтага гораду мёртвых уразілі надгробкамі: славутымі, мастацкімі, старадаўнімі, моднымі, як сама Францыя. Хоць на імёны астатніх мерцьвякоў я не зважаў, бо другі мярцьвяк, які мне цікавы — хуліганісты Серж Гінзбур — прытуліўся на Манмартры.
Мэтро
З-пад зямлі я так і ня выбраўся. Засмактала парыскае мэтро — зручнае, творчае, усюдыіснае. Лайфхак ад парыскага муніцыпалітэту: праязны на цэлы дзень па цэнтры гораду на большасьць відаў транспарту за 7 эўра, відавочна, апраўдвае сябе, бо кошт аднаразовай паездкі — 1,80. Адкрыты мною лайфхак — не абавязкова арыентавацца на перасадкі мэтро, пазначаныя на мапе. Можна і самому, гледзячы на мапу і адлегласьць паміж станцыямі, здагадацца, дзе ёсьць магчымасьць перабегчы з адной станцыі на другую і значна аптымізаваць свой шлях. Зрэшты, над зямлёй ці пад зямлёй — часам парыскае мэтро страчвае прагматыку, уласьцівую любому мэтро на сьвеце, і выскоквае такімі вось прыгоствамі:
Як хадзіць у Парыжы
Парыж — гэта безьліч дужа аднатыпных скрыжаваньняў-сонцаў, дзе пешаходу даецца багаты выбар, як і куды ўзяць хуткі старт. Прычым нават калі памылісься вуліцай — усё адно дойдзеш, абы ішоў у слушным напрамку. Напрамак у Парыжы — вось што важна, у тым ліку і ў мэтрапалітэне. Але і вуліцы зробленыя так, што здаецца, быццам дамы рассоўваюцца, пасоўваюцца, саступаюць ім, прамяністым, дарогу. Быццам выбар у краіне, якая даўно разьвіталася з ілюзіямі наканаваньня і перадвызначанасьці. Ідзі куды хочаш, уздоўж ці ўпоперак, абы толькі выйшаў, куды хацеў. Як жа гэта кантрастуе з нашымі таталітарна пэрпэндыкулярнымі праспэктамі, дзе ёсьць правільны шлях — па прамой вуліцы, і няправільны — хоць і зручнейшы, і хутчэйшы — праз двары і задворкі, сьметнікі і падваротні, для дысыдэнтаў і джэнтэльменаў удачы.
Ня буду заліваць пра архітэктуру, у якой слаба разьбіраюся, але старая вулачка Сэн-Дэні, ды нават звычайныя прадмесьці-банльё (так здавён называюць кварталы па-за цэнтрам) уражваюць нашмат болей, чым хвалёнае і пампэзнае Сытэ зь яго Нотр-Дамам і шэрым ламаччам выключна адміністратыўных устаноў, якога б веку яны ні былі.
Жывы пешаход — хуткі пешаход
І яшчэ. Якая б вуліца ні была — перабягайце яе хутка. Глядзець на сьвятлафор — мала сэнсу, бо кіроўцы на іх не зважаюць. Дзейнічае толькі адно правіла, пазначанае ў падзагалоўку. Праблема ўзьнікне толькі па вяртаньні на мінскі праспэкт, пасярэдзіне якога вы раптам успомніце, што чырвонае — гэта значыць «стоп».
Люўр
Звалка карцін. Неапраўдана вялікі музэй, супрацоўнікі якога проста ня могуць яго як мае быць дагледзець. Шмат якія прадметы мастацтва не падсьвечваюцца, значная частка карцін, калекцыяў вывезена на іншыя выставы або часова зачынена, прычым пра гэта ведаюць ня ўсе супрацоўнікі, і, як на злосьць, ня ведаюць акурат тыя, што тлумачаць вам гадзінны шлях да гэтай залі ці карціны праз увесь неабсяжны палац. І праўда, навошта? Няўжо вы прыйшлі ня дзеля таго, каб зрабіць сэлфі з «Монай Лізай»?!
Аднак злавесны цень Леніна мільгануў-такі ўнутры мяне — добра, што адабралі гэткую махіну ў каралёў-беларучак, нашто ім было столькі? Ну і ладна, што пралетарыят з буржуінамі зладзілі тут сваю канторку, ледзь патрапляючы захаваць рэшткі былой раскошы...
Зрэшты, што гэта мне так няёмка было есьці свае бутэрброды на зацішных лавачках у фае? Нахабныя італьянцы з гішпанчыкамі жаруць свае ссабойкі проста за столікамі люўрскай кавярні і здзіўлена зыркаюць у бок незадаволенага афіцыянта.
Няма спраўных мастакоў у Парыжы
Нашмат больш уражвае граматны, спраўны, празрысты і ясны, як лёгіка энцыкляпэдыста, музэй д’Арсэ, тым болей калі вы — аматар Ван Гога і ўсёй астатняй імпрэсіянісцкай браціі, што вісіць тут у багатай колькасьці. Адразу расставім кропкі над іншымі «і»: Манмартр, які выглядае звычайнай камэрцыйнай пляцоўкай збыту тавару, Ле Фрыго — які піярыцца як сучасны арт-цэнтар ужо і за мяжой, але на справе гэта нішто іншае, як дом (былы склад лядоўняў), дзе жывуць мастакі, прыватная тэрыторыя. Вядома — графіці на кожным сантымэтры і дух творчай свабоды, ад якога хочацца ўцячы назад у сыстэму, бо барацьбіты з сыстэмай ня могуць нічога іншага, як збудаваць сваю сыстэму, толькі іншую. Вось і Фрыго, накшталт бэрлінскага Тахелеса, змагаецца з парыскай мэрыяй за сваё існаваньне, даводзіць сваю рэнтабэльнасьць ляканічнымі грашовымі формуламі.
Адным словам, не знайшоў я сучаснага мастацтва ў Парыжы. Ніхто чамусьці не малюе нэгрыцянку з двума дзіцячымі вазкамі, якая толькі-толькі навучылася фарбаваць пазногці, араба, які хоча загнаць вам крадзены рэмень (праверце, ці ня ваш?) каля станцыі мэтро, стомленага клерка зь бяздоннай самотай у вачах у прыгараднай электрычцы, тройку абвешаных зброяй паліцыянтаў спэцкантынгенту (дзяржаўны адказ на парыскія тэракты), якія адной сваёй непаваротлівай хадой ужо выклікаюць сумнеў у сваіх здольнасьцях. Дзе яны, адлюстравальнікі сучаснасьці? Ці я хадзіў не па тых арт-цэнтрах? Ці я штосьці ня тое заўважаю ў гэтай сучаснасьці? Бо сінія пчолкі, белыя квадрацікі і ружовыя азадкі мяне ўжо не цікавяць.
Эйфэлева паненка
Дурніца, дзеля цябе ж пруся на іншы канец гораду. Цябе, няверную, прыпас на апошні вечар. Дарма што і бачыў цябе ўжо ня раз, дык не — як дзеўка бессаромна прыгожая, усё адно вабіш з усіх канцоў, прыцягваеш юрлівыя позіркі. Эйфэлева паненка, красуня, пра цябе напішуць яшчэ сотні глянцавых старонак гламурнай лухты і столькі ж — зласьлівых, зьедлівых гадасьцяў. Ты заўжды будзеш аблеплена роем чарнаскурых гандляроў, што гандлююць тваёй жа таннай выяўкай і ненавідзяць цябе — сваё штодзённае працоўнае месца, але кожны, кожны ўнутры скажа — «ну прыгожая ж». Эйфэлева вежа вырасла знутры францускасьці, гэта яе сканцэнтраванае ўвасабленьне, натуральная праява ўменьня французаў ствараць вытанчаную прыгажосьць у любых маштабах, зь любога матэрыялу. І нашаму Міністэрству спорту і турызму зь яго напалеонаўскімі плянамі («а давайце зробім у Менску што-небудзь НАКШТАЛТ ЭЙФЭЛЕВАЙ ВЕЖЫ, каб прыцягнуць увагу турыстаў») я б адказаў фразай каскадэраў: «Увага! Паўтараць — небясьпечна!»
Багдад
... І калі вам ужо надакучаць Манмартры з Манпарнасамі — зазірніце ў іншы Парыж. Я раю станцыю мэтро Абэс проста каля падножжа Манмартра, іншыя кажуць пра Гар дзю Нор (Паўночны вакзал) ды ўвогуле — увесь Нор (поўнач) Парыжу. Багдад і Дамаск — у вас на далоні. Сапраўдны ўсходні базар, завалены сьмецьцем, гандаль толькі па-чорнаму, тут і цяпер, толькі «налам», ты — альбо цябе. Я не купляў нічога, бо страшна нават гаманец выцягнуць, але адважыўся праціснуцца праз дужа шчыльны натоўп, які дзясяткамі настырных галасоў прапануе табе папругі і мабільнікі і што яшчэ там яны зьнялі толькі што ў цёмным двары з пабожных эўрапейцаў, прапануе «Мальбара», і яшчэ раз «Мальбара» — і якая яшчэ нелегальшчына хаваецца там за іхнімі кодавымі назвамі?
Зрэшты, эўрапейцы акурат гэты адрэзак праходзяць паскоранай хадой. Гэта — іхні апакаліпсіс, гэта Парыж-2099, калі французы ня здолеюць трымаць эмігранцкую стыхію пад кантролем. Але акрамя гэтых, ужо мясцовых жыхароў, Парыж вас яшчэ павесяліць шатляндцамі, якія зусім ня дзеля бутафорыі ходзяць у сапраўдных кілтах узімку, мурынамі, расейцамі, амэрыканцамі, палякамі...
Пасьля Парыжу мне ўжо няёмка распавядаць турыстам пра Менск як горад усіх рэлігіяў, культурны Бабілён і г. д. Лепш ужо ціснуць на адваротнае — нашу татальна-маналітную, як быццам у кансэрвавай бляшанцы, беласкурасьць і наша дзіцяча-цнатлівае няведаньне таго, хто такі гэты ІНШЫ, адрозны ад цябе, Homo Sapiens іншага падвіду.
Эмігранты-1917
Зрэшты, адзін з тутэйшых падвідаў, калі ўлічваць украінскія падзеі, дык дакладна выкліча вялікую цікавасьць антраполягаў. Расейская эміграцыя першай хвалі — Салагубы, Лоскія, Струвэ — адны прозьвішчы ўжо прымушаюць белых конікаў скакаць перад вачыма, а за імі — чырвоных. Уцякаючы ад апошніх, расейская эліта, дваране і інтэлектуалы, знайшлі свой прытулак у Парыжы, здолелі самаарганізавацца. І вось, дзякуючы аднаму свайму парыскаму знаёмаму (нашчадку эмігранцкай сям’і), я іду на вечарыну «Русского студенческого христианского движения» — арганізацыі, створанай у 1920-х. П’ю вінцо з паненкай па прозьвішчы Качубей, продак якой, як высьветлілася, быў адным з герояў пушкінскай «Палтавы». Зрэшты, далей пра «Палтаву» не размаўляем — украінскае пытаньне нажом прайшлося і па гэтай дружнай кампаніі. На пачатку катавасіі слынныя прадстаўнікі эміграцыі выступілі з адкрытым лістом у падтрымку Пуціна, з асуджэньнем Эўропы. Адразу ж зьявіўся ліст у падтрымку Ўкраіны і асуджэньнем расейскай агрэсіі ад другой, ня менш важкай паловы эмігранцкай супольнасьці, у нетрах якой, як хочацца верыць, і высьпелі такія стаўпы заходняга праваслаўя, як айцец Аляксандар Шмеман, мітрапаліт Антоні Сураскі. Але якія б погляды ні прапаведавалі, чые б інтарэсы ні баранілі, якімі б балалайкамі ні прыкрываліся — ні тым, ні другім не ўдасца ўжо пераканаць нікога ў сваёй расейскасьці. Бо расейцы ня ставяць на хаатычна расстаўленыя сталы (супольны вечар!) цнатлівае мэню з надпісам «стопка водки и огурец — NN евро.» І дзіўна было нават мне, індывідуалісту-беларусу, што за цэлы вечар са сцэны прагучала ўсяго толькі падзяка ўсім за тое, што прыйшлі, а яшчэ былі дадаткова названыя кошты дабрачынных лотаў, ах, ну яшчэ балалаечны аркестрык зрабіў жалю вартую спробу засяродзіць увагу прысутных. Збольшага гэта ўсё было падобна да глыбока эўрапейскага фуршэту з расейскімі «фішкамі». З такім жа посьпехам менчукі могуць сысьці за ірляндцаў, арганізаваўшы ў Менску вечарыну з Гінэсам і айрыш-фолькам.
Але дзьве рэчы яшчэ грэюць душу гэтых недарускіх французаў: расейская мова, хоць чым далей у пакаленьнях, тым менш нашчадкаў на ёй гавораць, і праваслаўе. Вось гэта ім сапраўды ўдаецца. Удалося перакласьці ўсё набажэнства на францускую мову. Удалося стварыць францускую праваслаўную царкву (прынамсі, прыход, у якім мне пашчасьціла пабываць), дзе вернікі ня моляцца на вербныя галінкі і яйкі, а разумеюць, па што яны сюды прыйшлі. Дзе царква нагадвае дом, сям’ю, адкуль ня хочацца сыходзіць у нядзелю пасьля службы (магчыма, таму, што ўсе прыхаджане пасьля службы п’юць разам каву зь пячэнькамі).
Да францускай царквы зь цягам часу прыблукалі рознымі шляхамі і аўтэнтычныя французы. Хоць і каталікі тут — не абы што. Так-так, менавіта ў багаборніцкай Францыі дагэтуль чуваць гучны голас вернікаў проста на вуліцах:
Жё сюі Беларюс
Гэта спрацоўвае. Відаць, пасьля менскіх перамоваў па Ўкраіне, калі Палац Незалежнасьці назвалі тут «месцам, дзе вызначаецца будучыня Эўропы», французам ужо ня трэба казаць нічога пра сваё паходжаньне, акрамя «жё сюі дё Менск, лё Беларюс». Усё-ткі і нам, простым сьмяротным, «перапала» крыху ад нармандзкай чацьвёркі. Прыемна, калі цябе разглядаюць зь цікавасьцю, спрабуючы знайсьці на табе адбітак залачоных заляў Палаца Незалежнасьці. Дарма што ты пералічваеш апошнія эўрацэнты ў кішэні. Але комплекс непаўнавартасьці здымаецца на раз-два.
Музычныя радасьці
Парыж вельмі музычны. На лавачках станцыяў мэтро і ў вагонах, на вулачцы Манмартру і ў фае чыгуначнага вакзалу струменіцца ненавязьлівая, атмасфэрная вязанка мэлядычных гукаў, незаўважна напаўняючы жыцьцё прыемнасьцю. Для вечаровага выхаду я доўга вышукваў тое, што падобна да менскага клюбу «Графіці». Залішне казаць, што ў Парыжы сытуацыя з клюбамі, дзе граюць жывую музыку ўласнага складаньня, значна лепшая. Праўда, вось дзьве інды-рокерскія каманды, на чый канцэрт я трапіў, сьпявалі па-ангельску, што адбіла ахвоту гугліць іхнія назвы, хоць гралі някепска. Але гэта як наракаць на выміраньне беларускай мовы: ды нікуды ён ніколі ня дзенецца, французскі шансон, якімі б рытмамі і нэонамі гэты сьвет яго б ні заглушаў. Пакуль стаіць Манмартр, пакуль па ім ходзяць мясцовыя прыгажуні ў чырвоных панчохах, пакуль пальцы здольныя ціснуць на клявішы.
—————————
Так, дзеля некалькіх імгненьняў я ехаў у гэты край круасанаў і духмянай кавы, сьмярдзюча-смачнючага сыру і прахалоднага вінца. Дзеля гэтых імгненьняў ня варта шкадаваць мазалём здабытыя эўра, калі наш мільён за мільёнам сыплецца ў нябыт. Хай ідуць туды, адкуль прыйшлі. Сядзь, як сядаюць французы суботнім ранкам, нікуды не сьпяшаючыся, за столікам з газэтай «Le Parisien», і парадуйся простай рэчы — ты жывы, пра што табе сьведчыць лёгкі, саладжавы ў меру прысмак на кончыку языка, лагодная прахалода ўнутры ад улітай туды сэкунду таму пяшчотна-празрыстай вадкасьці. Усё астатняе пра Францыю — сон і няпраўда. Сьпі.
Раман Абрамчук
для Радыё Свабода
Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.
Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com