Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы, якіх не пусьцілі на Марс


Беларусы на Марсе. Каляж
Беларусы на Марсе. Каляж

Беларускія ўдзельнікі праекту MarsOne, якіх не пусьцілі ў палёт, распавялі, як уся гэтая гісторыя адбілася на іх жыцьці.

Напрыканцы 2013 Радыё Свабода размаўляла з Вікторыяй Лазаравай, Антонам Яфрэмавым і Міхаілам Румянцавым. Яны распавядалі, чаму рашыліся на падарожжа, вярнуцца зь якога ніколі не давядзецца.

Больш за год таму арганізатары праекту палёту на Марс абвясьцілі, што абралі каля тысячы кандыдатаў з больш чым 150 тысяч заявак. Сярод іх апынулася пяць беларусаў: Вікторыя Лазарава, Антон Яфрэмаў, Міхаіл Румянцаў, Мікіта Хацкевіч і Анастасія Паньшына.

16 лютага стала вядома, што сотні абраных у трэці тур «шчасьліўчыкаў», беларусаў няма.

Палёт у адзін бок заплянаваны на 2024 год і мае каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год заплянаваны тэставы палёт бесьпілётнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галяндзкі інвэстар Бас Лансдарп. Пытаньні зь фінансаваньнем праекту «Марс-1» пакуль ня вырашаныя. Меркавалася, што большую частку грошай можна будзе зарабіць праз рэаліці-шоў, у якім будуць удзельнічаць кандыдаты.

Больш падрабязна пра ўсе дэталі можна прачытаць па-ангельску на сайце.

Антон Яфрэмаў: Мая дзяўчына ўзрадавалася больш за ўсіх

Год таму мянчук Антон Яфрэмаў казаў, што «вяртацца з Марса на зямлю ня мае сэнсу». Даведаўшыся пра тое, што ягоны ўдзел у праекце скончаны, хлопец не растроіўся.

«Мае шанцы ад пачатку былі маленькія. Не праляцеў бы зараз, праляцеў бы пазьней. Стаўлюся як да нечага вельмі звычайнага», — кажа Антон.

Ён распавядае, што найбольш узрадавалася ягоная дзяўчына, а сябры яму ледзьве не спачуваюць. Чаму Антона не прапусьцілі далей, яму не вядома.

«Чаму я прайшоў у першы этап, мне таксама было не зразумела. Можа, гэта сакрэтная і канфідэнцыйная інфармацыя. Былі пытаньні на веды і пытаньні агульнага пляну. У іх была сыстэма ацэнак, але зараней яны пра гэта не папярэджвалі. Найхутчэй я не набраў пэўнай колькасьці балаў, але за што іх налічаюць, я ня ведаю.

Другі этап быў ня толькі ў тым, каб прайсьці сумоўе. Трэба было падпісаць пэўныя паперы, прайсьці мэдагляд. Гэта не складана, але на кожным з гэтых падэтапаў людзі адсейваліся. Таму пачуцьцё спаборніцтва захоўвалася», — Антон таксама распавядае, што ўвесь гэты час арганізатары праекту адказвалі на ўсе магчымыя пытаньні і просьбы.

На жыцьці Антона пляны паляцець на Марс амаль не адбіліся. Ён па-ранейшаму працуе грузчыкам у «Кароне» і яго гэта па-ранейшаму цалкам задавальняе.

«Праект быў глябальнай тэмай для абмеркаваньня — са знаёмымі ці незнаёмымі, — распавядае Антон. — Але на нешта канкрэтнае ніяк не паўплывала. Хіба толькі, што я да апошняга ня ведаў, ці змагу паехаць у вялікае падарожжа, якое я пляную.

Калі нас абралі, мне было цікава ўпершыню пабываць на тэлебачаньні, апынуцца ў студыі, паглядзець, як гэта ўсё працуе. Інтэрнэт-партал tut. by браў інтэрвію. Было цікава прыйсьці да іх у офіс, паглядзець, чым яны там займаюцца. Ня так яны і шмат працуюць, дарэчы. Абстаноўка вельмі вясёлая, усё добра ў іх. Гэта павесяліла».

Мы размаўлялі з Антонам яшчэ да таго, як сталі вядомыя вынікі другога адбору, і тады ён сумняваўся, што праект рэалізуецца ўвогуле. Аднак не адмаўляўся ад свайго намеру ўдзельнічаць. Цяпер ён крыху больш аптымістычны.

«Я спадзяюся, што праект рэалізуецца. На мой суб’ектыўны погляд, верагоднасьць рэалізацыі ўпала за апошні год, бо яны сабралі толькі чвэрць сумы, неабходнай для таго, каб пачаць рэаліці-шоў. Таму, вядома, ёсьць пытаньні. Але я буду шчасьлівы, калі арганізацыя выканае, што хацела. Галоўнае, ня страціць ініцыятыву і працягваць дасьледаваць Марс», — кажа Антон.

Міхаіл Румянцаў: Ад удзелу ў праекце я адмовіўся

Вэб-распрацоўнік зь Ліды Міхаіл Румянцаў абяцаў, што калі давядзецца паляцець на Марс, то першае слова там будзе па-беларуску.

Міхаіл Румянцаў
Міхаіл Румянцаў

Мы зьвязваліся зь Міхаілам праз электронную пошту напрыканцы верасьня мінулага году. Тады ён паведаміў, што ад удзелу ў праекце адмовіўся і з журналістамі на гэтую тэму больш не кантактуе.

Вікторыя Лазарава: Застаецца бездапаможна чакаць і назіраць

Віка Лазарава год таму зрабіла на нас уражаньне самай матываванай і сур’ёзнай кандыдаткі. У верасьні 2014 Віка паведаміла, што адмовілася ад удзелу з асабістых прычынаў.

Сёньня дзяўчына кажа, што чакала абвяшчэньня вынікаў другога туру:

«Вядома, растроілася, калі даведалася, што ніхто зь беларусаў не прайшоў. Але, зь іншага боку, было радасна даведацца, што прайшлі некаторыя з маіх „любімчыкаў“. Цяпер, калі адабралі запаветную сотню, паглядзім, як пойдуць справы ў Mars One далей».

«Я ніколі не стамлюся паўтараць, што праект пазнаёміў мяне зь неверагоднымі людзьмі, — кажа Віка, калі мы просім яе распавесьці, як удзел у праекце паўплываў на жыцьцё. — Ніколі не забуду як натхнёна фармавалася фэйсбук-супольнасьць кандыдатаў і проста цікаўных. Мы столькі ўсяго абмяркоўвалі!»

«Глябальных», як называе дзяўчына, зьменаў у яе жыцьці за гэты нядоўгі час не адбылося. Па-ранейшаму працуе тэставальніцай праграмнага забесьпячэньня і гэтаксама захопленая коньмі, калі меркаваць па дасланым дзяўчынай здымку.

Стаўленьне да самой ідэі праекту ў Вікі таксама не зьмянілася: «Больш таго, мяне цешыць, што і NASA, і Элан Маск (заснавальнік кампаній SpaceX, Tesla Motors и PayPal — РС) хочуць выправіць людзей на Марс, хаця і не зусім», — кажа Віка«.

Што да шанцаў праекту MarsOne ажыцьцявіць задуманае, Вікторыя Лазарава ацэньвае іх пакуль крытычна:

«Сумна пра гэта казаць, але, як мне падалося з самога пачатку, галоўная праблема — гэта фінансаваньне. Баюся, кампанія проста ня знойдзе дастаткова заможных спонсараў. У мяне няма такіх грошай, каб істотна паўплываць на шанцы на посьпех, таму застаецца толькі бездапаможна чакаць і назіраць».

Ва ўсіх, каму не пашанцавала трапіць у «запаветную», па словах Вікі Лазаравай, сотню, ёсьць магчымасьць паўдзельнічаць у новых адборах. Першы зь іх заплянаваны ўжо на 2015 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG