Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вяртацца з Марсу на Зямлю няма сэнсу» — Антон Яфрэмаў


«Вяртацца з Марсу на Зямлю няма сэнсу»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:11 0:00

«Вяртацца з Марсу на Зямлю няма сэнсу»

Днямі арганізатары праекту палёту на Марс абвясьцілі, што абралі каля тысячы кандыдатаў з больш як 150 тысяч заявак. Палёт у адзін бок заплянаваны на 2024 год і мае каштаваць каля 6 мільярдаў даляраў. На 2018 год заплянаваны тэставы палёт бесьпілётнага модуля. Гэта прыватны праект, які заснаваў галяндзкі інвэстар Бас Лансдарп. Пытаньні з фінансаваньнем праекту «Марс-1» пакуль ня вырашаныя, а больш падрабязна пра ўсе яго аспэкты можна прачытаць па-ангельску на адмысловым сайце.

27-гадовы Антон Яфрэмаў мае вышэйшую адукацыю біёляга. Цяпер працуе грузчыкам у «Кароне». Кажа, што гэта яго цалкам задавальняе. Што біялёгія і навука — гэта «не ягонае», вырашыў яшчэ на апошніх курсах унівэрсытэту.

Калі Антон распавёў пра сваё галоўнае захапленьне — касплэерства — давялося перапытваць. «Касплэй» (ад ангельскага «costumeplay» — «касьцюмаваная гульня») — гэта калі пераўвасабляесься ў герояў фільмаў, мультфільмаў ці коміксаў. Антон са сваімі сябрамі (называецца «касбэнд») здымаюць відэаролікі, кароткія фільмы, удзельнічаюць у фэстывалях. Гэта займае большую частку часу:

«Мне гэта шалёна падабаецца. Я займаюся гэтым сур’ёзна ўжо некалькі гадоў, — распавядае Антон. — За гэты час жаданьне зусім ня згасла. З кожным разам хочацца ўсё больш і больш».

Пра «Марс-1» Антон даведаўся даўно, яшчэ года паўтара таму. Спачатку ўспрыняў навіну як неверагодную («пачытаў — памарыў і забыў»). А недзе год таму натрапіў на афіцыйны сайт праграмы і зразумеў, што гэта сур’ёзна.

Сваю цікавасьць тлумачыць захапленьнем новымі тэхналёгіямі.

«У фільмах паказваюць шмат чаго незвычайнага, чаго насамрэч не існуе, але кожны раз задумваесься, як бы гэта ажыцьцявіць. Раней, у дзяцінстве, гэта было на ўзроўні фантазіі, думак, — распавядае Антон. — А калі я ўжо вучыўся ва ўнівэрсытэце, то больш прафэсійна стаў да гэтага падыходзіць».

Грунтоўная біялягічная адукацыя дазваляе Антону прафэсійна патлумачыць, што чакае астранаўтаў на Марсе і што менавіта карыснага яны могуць там зрабіць.

«Ня жыць мы там будзем, а выжываць, — кажа ён. — Сутыкнёмся зь вялікімі праблемамі цэласнасьці біясыстэмы. Мы мусім цалкам ажыцьцяўляць кругазварот рэчываў у замкнёнай прасторы. Гэта нават у зямных умовах складана зрабіць. Таму шмат якія навукоўцы скептычна ставяцца да гэтага. Атрымліваць энэргію мы будзем за кошт сонечных батарэяў, а не за кошт таго, што нам будуць акумулятары завозіць. Плянуецца, што мы будзем вырошчваць злакі, садавіну, гародніну».

Ёсьць у хлопца на Марсе і асабістыя інтарэсы. Сустрэць там «прышэльцаў» ён, канечне, не спадзяецца:

«Цалкам можа быць, што ёсьць прасьцейшыя арганізмы, бактэрыі, мікробы. Калі даведацца іхную будову, склад, як яны размнажаюцца, падрабязны хімічны ці генэтычны склад, калі яны на падставе генома, то можна зрабіць сур’ёзныя высновы наконт тэорыі эвалюцыі».

Антон перакананы, што тыя чатыры астранаўты, якія першымі апынуцца на Марсе, зробяць нашмат больш адкрыцьцяў, чым тыя два апараты, якія там цяпер.

«Незалежна ад таго, колькі яны там прабудуць, я ўпэўнены... Чалавек, натуральна, зможа назіраць за большай колькасьцю рэчаў і перадаць гэтыя зьвесткі на Зямлю», — кажа ён.

Псыхалягічную падрыхтоўку да калянізацыі Марса Антону забясьпечыла мама — сацыяльны псыхоляг. Кажа, што ейныя мэтодыкі не маглі на ім не адбіцца: ён ня схільны да панікі, цьвяроза ўспрымае любыя навіны і мае адэкватную рэакцыю.

Да свайго фізычнага стану ў Антона таксама няма пытаньняў.

Да таго ж яму ня раз даводзілася трапляць у сытуацыі выжываньня. На Камчатцы, куды паехалі зь сябрамі ў адпачынак, уцякалі ад мядзьведзя. А ў Нью-Ёрку разам зь сябрам апынуліся з 200 далярамі на дваіх.

«Паехалі ў Штаты працаваць па праграме Work and Travel, — распавядае Антон. — Але нас падманулі з запрашэньнем на працу. І таму праз тыдзень мы апынуліся пасярод Нью-Ёрку з 200 далярамі на дваіх. Што рабіць? Ці здавацца ў паліцыю і прасіцца: вярніце нас назад, ці неяк існаваць. Урэшце мы знайшлі, дзе можна спыніцца, працаваць. Пражылі там два месяцы і вярнуліся».

«Ды пра такія выпадкі можна доўга распавядаць», — кажа Антон.

Не турбуе яго і неабходнасьць удзельнічаць у рэаліці-шоў, у якое арганізатары праекту ператвараюць падрыхтоўку астранаўтаў.

«Гэта вельмі добры маркетынгавы ход, — тлумачыць хлопец ідэю мэнэджэраў праекту. — Праект вельмі амбітны. Ён не павінен прынесьці прыбытак. Аніводзін брэнд не пагаджаецца інвэставаць у гэта. Да таго ж не даказана, што на Марсе ёсьць карысныя выкапні, таму ніякай стратэгічнай ці фінансавай выгады для дзяржаваў укладаць сюды грошы таксама няма. Праект голы ў фінансавым пляне».

Антон кажа, што праект спрабуе зарабляць грошы па-рознаму: «пачынаючы ад продажу кубкаў, маек і баек і сканчаючы тым, што робяць збор з тых, хто спрабуе ўдзельнічаць».

«Круцяцца як могуць», — падсумоўвае ён.

А тое, што адпачатку ўдзельнікам не абяцаюць вяртаньня на зямлю, на думку Антона, ня толькі сумленна, але і мэтазгодна.

«Мэты ж місіі ня проста ў тым, каб прыляцець на Марс, як на Месяц. Мэта менавіта ў калянізацыі, — кажа ён. — Паказаць, што на Марсе можна жыць. Спачатку адна калёнія, праз два гады да іх яшчэ прыяжджаюць людзі, калёнія разрастаецца, павялічваецца. Агулам кажуць — пачалося перасяленьне на іншую плянэту. А для гэтай мэты вяртацца назад бессэнсоўна».

У Антона ёсьць дзяўчына, зь якой, як ён кажа, «харошыя сур’ёзныя стасункі». Але шкадаваць пра тое, што застанецца на Зямлі, калі ўсё ж давядзецца ўдзельнічаць, хлопец не зьбіраецца.

«Захапленьні, матэрыяльныя рэчы, родныя, блізкія, сябры — усё застанецца тут, — кажа ён. — Адзінае, што можна ўзяць з сабой, гэта ўспаміны. Але з успамінамі — чым іх больш, тым мацней будзе хацецца назад. А каб гэтыя думкі не адцягвалі, то лепш бязь іх.

Складана пра гэта казаць, пакуль гэта не наступіла. Галоўнае — трымаць у галаве мэту і ісьці да яе, і не замарочвацца на дробных пытаньнях».

«Калянізаваць Марс нашмат важней, чым я застануся тут і буду займацца тым, што кожны можа зрабіць, — так Антон фармулюе сваю асабістую мэту. — Нічога звышчалавечага мне тут на Зямлі не накавана зрабіць. Прынамсі, не параўнаць з тым, што я магу зрабіць на Марсе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG