Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павал Касьцюкевіч: Каб ахвяраваць на кнігарню «логвінаЎ», мужы падманваюць жонак


Кнігарня «ЛогвінаЎ».
Кнігарня «ЛогвінаЎ».

Кнігарні «логвінаЎ» застаецца два тыдні, каб сплаціць $ 43 000.

Да 10 сакавіка незалежная кнігарня мусіць выплаціць 1 мільярд беларускіх рублёў штрафу.

Усёй грамадой ужо сабралі 22 тысячы даляраў. За два тыдні трэба сабраць яшчэ 43 тысячы.

Арт-дырэктар кнігарні Павал Касьцюкевіч сказаў: імавернасьць, што да «чорнай даты» зьбярэцца неабходная сума, ёсьць, аднак разглядаецца магчымасьць адтэрмінаваць выплату на паўгода.

«Мы робім усе намаганьні, каб назьбіраць неабходную суму. Нашы сябры і валянтэры актывізуюць розныя зборы праз інтэрнэт. У самой кнігарні і ў галерэі „Ў“ амаль штодня ладзяцца „Маратоны падтрымкі кнігарні логвінаЎ“. Таксама мы падалі дакумэнты з просьбай адтэрмінаваць выплату на паўгода. Прыкладаем усе намаганьні, каб сплаціць штраф і гадавы прыбытак паводле закону да 10 сакавіка», — адзначыў Павал Касьцюкевіч.

Грошы для кнігарні «логвінаЎ» зьбіраюць ад пачатку лютага.

логвінаў флэшмоб акцыя падтрымка кнігарня выдавецтва
логвінаў флэшмоб акцыя падтрымка кнігарня выдавецтва

Трывае інтэрнэт-эстафэта #SaveLohvinau Challenge, у межах якой людзі робяць здымкі з кнігамі, ставяць хэштэг, перадаюць грошы і запрашаюць знаёмых зрабіць тое самае. У гэтай ініцыятыве бяруць удзел ня толькі асобы, але і цэлыя рэдакцыі СМІ, грамадзкія і палітычныя арганізацыі.

Ад 25 лютага да 3 сакавіка пройдзе онлайн-аўкцыён твораў выяўленчага мастацтва, грошы ад продажу якіх пойдуць у фонд выплаты штрафу.

Цяпер на аўкцыён выстаўленыя працы каля дзесяці мастакоў, сярод якіх Руслан Вашкевіч, Артур Клінаў, Уладзімер Цэсьлер, Міхаіл Гулін, Адам Глёбус.

Паводле адной з арганізатараў онлайн-аўкцыёну, валянтэркі Аліны Радачынскай, пачатковы кошт палотнаў вагаецца ад 50 да 500 даляраў.

«Адгукнуліся і вядомыя, і зусім маладыя мастакі. Усе сродкі ад продажу карцін пойдуць на дабрачынны рахунак кнігарні. Пачатковыя кошты досыць невысокія, іх называюць самі аўтары карцін. Але мы вельмі спадзяёмся, што патэнцыйныя ўдзельнікі аўкцыёну, тыя, хто захоча купіць карціну і тым самым спрычыніцца да ратаваньня кнігарні, будуць разумець, што гэта дабрачынны крок і ён павінен быць ацэнены. Спадзяёмся, што прададзім карціны так, каб значна наблізіць кнігарню да сумы ў 65 тысяч даляраў».

Павал Касьцюкевіч
Павал Касьцюкевіч

Арт-дырэктар кнігарні «логвінаЎ» Павал Касьцюкевіч адзначае, што людзі, якія прыходзяць у кнігарню, каб ахвяраваць наяўныя грошы, мусяць адстаяць немалую чаргу і 15 хвілін запаўняць паперы:

«Пабачыўшы чэргі, якія стаяць, каб ахвяраваць на кнігарню, я разумею, што мы працуем не дарэмна. Ідуць пэнсіянэры, ідуць зусім маладыя людзі. Вядома, яны не абавязкова прыносяць вялікія сумы, але гэта стварае такое магутнае адчуваньне заплечча, што мы ня маем права здацца. Мы ўжо хочам на зьмене трымаць двух прадаўцоў, каб адзін апекаваўся кнігамі, а другі займаўся ахвяраваньнямі. Кожны, хто прыходзіць, мусіць афіцыйна аформіць шматлікія паперы, падаць свае пашпартныя зьвесткі. Але выгляд гэтай чаргі людзей, якія даюць грошы на беларускую літаратуру, уражвае».

Здараюцца кранальныя выпадкі:

Я вельмі расчуліўся, калі зь іншага гораду прыехаў інвалід-вазочнік і ахвяраваў невялікую суму.

«Я вельмі расчуліўся, калі зь іншага гораду прыехаў інвалід-вазочнік і ахвяраваў невялікую суму. Альбо вось бачыў такую сцэну: мужчына, ахвяруючы на кнігарню, казаў жонцы праз тэлефон, што прыйшоў у кнігарню „логвінаЎ“ толькі для таго, каб паглядзець новыя кнігі. Гэтыя гісторыі, можа, і не зьвязаныя зь нейкімі буйнымі ахвяраваньнямі, але яны жыцьцёвыя і сапраўдныя».

Апроч гэтага, цягам апошніх месяцаў у кнігарні прайшоў шэраг канцэртаў, літаратурных выступаў і пэрформансаў у межах «Маратону падтрымкі кнігарні „логвінаЎ“» — усе гэтыя імпрэзы маюць на мэце прыцягнуць увагу да кнігарні, да праблемы, зь якой яна сутыкнулася, кажа Павал Касьцюкевіч:

Трэба, каб трафік наведнікаў не зьмяншаўся, каб людзі пастаянна прыходзілі на літаратурныя імпрэзы.

«Трэба, каб трафік наведнікаў не зьмяншаўся, каб людзі пастаянна прыходзілі на літаратурныя імпрэзы. Заўтра ў нас Аляксандар Лукашук з новай кнігай «Дзясяты паверх», на наступным тыдні Андрэй Хадановіч зь лекцыяй «Як быць паэтам, не прыцягваючы ўвагі санітараў».

У сераду, 25 лютага, адбудзецца прэзэнтацыя кнігі дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука «Дзясяты паверх». Уся выручка пойдзе на сплату штрафу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG