Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што Эўразьвяз сёньня хоча спыніць вайну ва Ўкраіне любой цаной.
Пры гэтым тое, што ў Маскву едуць менавіта Алянд і Мэркель — не выпадкова. З эўрапейскіх лідэраў Алянд сёньня — максымальна прымальная фігура для Пуціна, а Мэркель, хоць яе адносіны з Пуціным цяпер вельмі сапсаваныя, усё ж такі ўспрымаецца як нефармальны лідэр Эўразьвязу, і безь яе важныя рашэньні прымацца проста ня могуць.
Але што канкрэтна зьбіраюцца прапанаваць Пуціну лідэры Нямеччыны і Францыі — невядома.
«Відавочна, што будзе нейкі кампрамісны варыянт, які павінен задаволіць і Пуціна, і Ўкраіну. Сам гэты плян, які б ён ні быў, будзе недаўгавечны, таму што ніхто ня здольны задаволіць сапраўдныя прэтэнзіі Ўладзімера Пуціна — прэтэнзіі на статус сусьветнага лідэра. Праблема ляжыць глыбока ў псыхалёгіі расейскага лідэра, таму яна па-за межамі палітыкі, эканомікі і іншых практычных пытаньняў».
Аднак на дадзены момант патрабаваньні Пуціна больш простыя:
Крэмль магла б задаволіць „прыднестравізацыя“ Луганскай і Данецкай абласьцей, безь ператварэньня іх фактычна ў непрызнаныя дзяржавы, але са сваёй уласнай лягістыкай і сваімі ўласнымі органамі ўлады, якія дэ-факта будуць прызначацца з Масквы.
«Крэмль магла б задаволіць „прыднестравізацыя“ Луганскай і Данецкай абласьцей, безь ператварэньня іх фактычна ў непрызнаныя дзяржавы, але са сваёй уласнай лягістыкай і сваімі ўласнымі органамі ўлады, якія дэ-факта будуць прызначацца з Масквы. Іншае пытаньне, якое цікавіць Пуціна ў дачыненьні да Ўкраіны, — гэта гарантыя жыццезабесьпячэньня Крыму. Пуцін ня хоча ладзіць экстэрытарыяльны калідор ад Луганску да Хэрсона, яму гэта не патрэбна. Ён хацеў бы, каб Украіна гарантавала забесьпячэньне Крыму ўсім неабходным, што азначала б фактычнае прызнаньне прыналежнасьці паўвострава да Расеі».
Акрамя таго, Пуціну патрэбныя гарантыі жыццезабесьпячэньня Прыднястроўя і гарантыі таго, што Ўкраіна ня ўступіць у НАТО. Аднак усё гэта — прамежкавыя мэты, упэўнены экспэрт.
«Гэта часовыя зьявы, таму што Ўкраіна — не канчатковая мэта намаганьняў Уладзімера Пуціна, а прадмет для торгу з Захадам з мэтай усталяваньня яго статусу як ключавога перагаворшчыка па ўсіх глябальных праблемах. Таму, калі наступіць замірэньне ва Ўкраіне, Пуцін прыдумае што-небудзь яшчэ, якія-небудзь іншыя падставы для канфлікту. Менавіта таму я лічу, што пра што б ні дамовіліся Мэркель і Алянд з Пуціным у Маскве, гэтая дамоўленасьць будзе досыць кволая», — падкрэсьлівае Бялкоўскі.
Пры гэтым палітоляг перакананы, што імкненьне эўрапейскіх лідэраў дамагчыся міру ў Данбасе не прывядзе да расколу агульнай пазыцыі ЗША і Эўразьвязу па ўкраінскім пытаньні.
Я думаю, што і ЗША, і Эўразьвяз успрымаюць Уладзімера Пуціна як вельмі небясьпечнага чалавека, ад якога рэальна паходзіць пагроза сьвету.
«Я думаю, што і ЗША, і Эўразьвяз успрымаюць Уладзімера Пуціна як вельмі небясьпечнага чалавека, ад якога рэальна паходзіць пагроза сьвету. І гэтае разуменьне хутчэй гуртуе ЗША і Эўразьвяз, чым падзяляе», — кажа ён.
Сёньня кіраўнікі Нямеччыны і Францыі Ангела Мэркель і Франсуа Алянд прыяжджаюць у Маскву, каб правесьці з Уладзімерам Пуціным прамыя перамовы па сытуацыі ў Данбасе. Паводле дадзеных СМІ, эўрапейскія лідэры вязуць у Маскву новыя мірныя прапановы.