Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі мільярдаў дасьць Пуцін Лукашэнку?


Кіраўнік Беларусі хоча пазычыць у свайго расейскага калегі ня меней за тры мільярды даляраў. Менавіта такая сума фігуруе ў паведамленьнях расейскіх і беларускіх мэдыяў, якія пішуць пра сустрэчу двух прэзыдэнтаў у Сочы, што заплянаваная на гэты тыдзень.

Прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што Ўладзімер Пуцін хутчэй за ўсё пагодзіцца чарговым разам пракрэдытаваць беларускую эканоміку. На думку спадара Жалібы, тут усё рашаюць не эканамічныя, а палітычныя меркаваньні. У год прэзыдэнцкіх выбараў Крэмль абсалютна не зацікаўлены ў зьяўленьні новага лідэра ў Беларусі.

«Пытаньне тут адно: колькі грошай падкіне Лукашэнку Пуцін? — мяркуе прафэсар. — Думаю, ня меней за тры мільярды»:

Я лічу, што гэта мінімальная сума, якая дазволіць беларускай эканоміцы пратрымацца на паверхні, на плыву.

«Я лічу, што гэта мінімальная сума, якая дазволіць беларускай эканоміцы пратрымацца на паверхні, на плыву. Вядома, нам патрэбна болей. Але неабходна ўлічваць цяжкі стан расейскай эканомікі. І таму болей Пуцін ня дасьць. А можа, дасьць нават і меней.

І, вядома, Пуцін абставіць новы крэдыт нейкімі ўмовамі. Гэта — альбо прадаць актывы, на якія Расея яшчэ раней паклала вока, альбо зьмяніць пазыцыю ў адносінах да расейска-ўкраінскай вайны, альбо могуць зьявіцца і новыя ўмовы. Думаю, гэтыя перамовы будуць цяжкімі для Лукашэнкі.

І нават калі расейскі прэзыдэнт падкіне тры мільярды, іх ня хопіць. Вайна працягваецца, санкцыі Захаду супраць Масквы не адмяняюцца, наадварот, могуць увесьці новыя. А эканомікі Беларусі і Расеі вельмі залежныя. Можна сказаць, мы павязаныя адным ланцугом. І таму беларуская эканоміка будзе ісьці сьледам за расейскай, якая ўсё болей паглыбляецца ў бездань крызісу».

Летась менавіта Расея была галоўным крэдытным спонсарам Беларусі. Пра гэта сьведчаць лічбы, якія прыводзіць Міністэрства фінансаў Беларусі. У 2014 годзе ўрад і банкі Расеі перавялі ў Менск 4 мільярды 526 мільёнаў даляраў. Гэта непараўнальна болей за іншых крэдытораў. Так, банкі Кітая, які стаў другім па значнасьці крэдыторам, выдзелілі 626 мільёнаў, Міжнародны банк рэканструкцыі і разьвіцьця — 47 мільёнаў, Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця — 0,3 мільёна.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук канстатуе, што крэдыты беларускія ўлады фактычна праядаюць:

Горш за ўсё, што мы скарыстоўваем гэтыя пазыкі выключна на бягучае спажываньне. Не праводзяцца структурныя рэформы, няма новых інстытутаў эканамічнага росту, няма прадпрыемстваў, якія б маглі выцягнуць нас з крызісу.

«Горш за ўсё, што мы скарыстоўваем гэтыя пазыкі выключна на бягучае спажываньне. Не праводзяцца структурныя рэформы, няма новых інстытутаў эканамічнага росту, няма прадпрыемстваў, якія б маглі выцягнуць нас з крызісу. Такім чынам, улада бярэ крэдыты на тое, каб іх праядаць ды зрабіць штуршок некалькім прадпрыемствам і зрабіць штучную стабільнасьць на рынку валюты.

І ў 2014 годзе, калі крэдыты скончыліся і дастаткова валюты не было, гэтая сыстэма фактычна рухнула. І таму мы сёньня маем дэвальвацыю ўжо больш як на 50%.

Надалей браць крэдыты ў сёньняшняй сытуацыі я ня раіў бы. Таму што мы ідзем па шляху праяданьня будучага патэнцыялу Беларусі. Калі няма канкрэтных бізнэс-плянаў, як выкарыстоўваць крэдыты, калі ў нас дэвальвацыя і ў выніку аддаваць пазыкі пасьля будзе значна цяжэй, лепей наагул іх ня браць. Трэба лепш наводзіць парадак у сябе дома».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG