Новы год прынёс некаторыя зьмены фінансаваму рынку Беларусі. Найперш, да 10% ад першапачатковых 30% зьніжаны камісійны збор на набыцьцё валюты на біржы і насельніцтвам. Пасьля сьвятаў ажыятаж ля абменных пунктаў аціх, але валюта прадаецца па-ранейшаму з «абароту» — купіць можна толькі тое, што здалі папярэднія кліенты. Траціць стратэгічныя запасы валюты, каб задаволіць падвышаны попыт, Нацыянальны банк не зьбіраецца.
Разгрузіць валютныя заначкі беларусам дапамаглі калядна-навагоднія вакацыі. Дзякуючы гэтаму ў некаторых банках у першыя дні студзеня можна набыць даляры ды эўра без чаргі. Але гэта ня значыць, што завышаныя апэтыты будуць адразу ж задаволеныя. У абменных пунктах, да якіх я наведаўся з раніцы, сутыкаліся з праблемай, калі гаворка ішла пра 500 ці больш даляраў, але пару соцень па розных касах абяцалі «наскрэбці».
Дарэчы, калі ў бальшыні банкаў дагэтуль трэба самому вылічваць, колькі даплаціць да афіцыйнага курсу з улікам «дзяржаўнай прэміі», то «Беларусбанк» і прадае па найбольш выгаднай цане, і дае раскладку выдаткаў на куплю валюты. У адной зь філіяў інфармацыйны стэнд паведамляе: 1 даляр банк набывае за 13800 рублёў, прадае за 12125 рублёў. У наступнай графе — сума камісійнага збору: з прыходам новага старшыні Нацбанку Паўла Калаўра яна хоць і зьніжана ў апошнія дні 2014-га ад першапачатковых 30% да 20%, але ўсё ж досыць істотная. Да афіцыйнага курсу трэба дадаць 2425 рублёў, атрымаўшы на выхадзе канчатковы паказьнік у 14450. Падобныя ж маніпуляцыі трэба праводзіць у адносінах і да эўра, і да расейскага рубля.
Ад заўтра памер дзяржаўнай «маржы» будзе зноў зьменшаны. Пастановай Савету міністраў сёньня ад 20% да 10% зьніжана стаўка падатку на біржавыя апэрацыі па набыцьці замежнай валюты для юрыдычных асобаў. Як удакладнілі ў Нацбанку, ад заўтрашняга дня такія ж меры будуць распаўсюджаныя і на фізычных асобаў — памер камісійнага збору пры куплі насельніцтвам замежнай валюты будзе зьніжаны да 10%. Такое рашэньне прынятае з улікам зьніжэньня ад сёньня падатку на біржавыя апэрацыі і зьмены афіцыйнага абменнага курсу беларускага рубля да даляра, які склаў па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы каля 7%.
Аналітыкі зьвяртаюць увагу і на тое, што жарсьці сярод укладчыкаў крыху аціхлі. Калі ў разгар ажыятажу людзі вагаліся паміж жаданьнем тэрмінова пазакрываць дэпазыты ці прынамсі канвэртаваць рублі ў валюту, то абяцаньне фінансавых уладаў індэксаваць ашчаджэньні дадало ўпэўненасьці. Пра гэта кажа фінансавы аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха:
«Далёка ня кожны ўкладчык захоча канвэртаваць свой рублёвы дэпазыт з улікам нават 10-працэнтнага збору. І калі ёсьць магчымасьць захаваць хоць бы даляравы эквівалент, то гэта варыянт, несумненна, больш выйгрышны. Калі б вы запыталі асабіста ў мяне, што б я рабіў у дадзеным выпадку, то я, мабыць, адмовіўся б ад куплі замежнай валюты і паклаў бы гэтыя грошы на рублёвы дэпазыт, у якім прадугледжаны мэханізм індэксацыі рублёвых ашчаджэньняў у выпадку далейшай дэвальвацыі беларускага рубля. Па сутнасьці, цяпер на сябе валютную рызыку прымае банк, а ня ўкладчык. Гэта ў пэўным сэнсе таксама дадатковая гарантыя таго, што ўлада і банкаўскі сэктар будуць зацікаўленыя ў абмежаваньні дэвальвацыйных працэсаў у эканоміцы. Паколькі банкі будуць вымушаныя індэксаваць уклады з улікам новага абменнага курсу, то яны таксама зацікаўленыя, каб курс беларускага рубля ў адносінах да асноўных замежных валютаў выглядаў стабільна і каб яны самі ня несьлі вялікіх стратаў, зьвязаных з выкананьнем гарантыяў па гэтых тэрміновых ашчадных укладах, па якіх прадугледжаны мэханізм індэксацыі. Асабіста я паступіў бы такім чынам».
Ці ўдалося ўладам апошнімі захадамі падвысіць давер да нацыянальнай валюты? Ці сапраўды і народ, і бізнэс-супольнасьць супакоіліся, хутка забыўшыся пра сумны досьвед 2011 году і канца 2014-га? Кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан лічыць, што зробленыя захады — гэта толькі вяршыня эканамічных праблемаў, большая частка якіх, як той айсбэрг, схаваныя ад вачэй шырокай публікі:
«Праблема даверу да ўласнай валюты была, ёсьць і, відавочна, у бліжэйшай пэрспэктыве застанецца. Найперш таму, што ёсьць нэгатыўны досьвед, ад якога нікуды не падзецца. Але калі гаварыць перадусім пра грошы, то мяне зьдзіўляе толькі адно: чаму ў нашай другой уладзе, ва ўрадзе ніхто ў нас не вымаўляе такога слова, як „інфляцыя“. Бо насамрэч на сёньняшні дзень гэта галоўны вораг. Неабходны цэлы комплекс захадаў дзеля барацьбы з інфляцыяй, бо як ня будзе высокай інфляцыі, будуць і стаўкі крэдытаў дапушчальныя для прамысловасьці, яна зможа іх браць, асвойваць, і эканоміка пачне працаваць. Таму можна абяцаць насельніцтву і 100% гадавых, але ж гэта азначае толькі тое, што эканоміка працаваць ня будзе — ня будуць даступныя крэдыты на разьвіцьцё».
Тым часам абноўленыя кіраўнікі ўраду і Нацбанку дэкляруюць «комплекс пасьлядоўных мераў дзеля нармалізацыі сытуацыі ў фінансавым сэктары Беларусі». Як адзначаецца ў прэс-рэлізе на сайце Нацбанку, адначасовае зьніжэньне падатку на біржавыя апэрацыі па набыцьці замежнай валюты і афіцыйнага абменнага курсу беларускага рубля да даляра «накіравана на збліжэньне абменных курсаў у розных сэгмэнтах валютнага рынку і не прывядзе да павелічэньня фактычнага курсу набыцьця замежнай валюты для насельніцтва і прадпрыемстваў».
У цэлым сытуацыя на валютным рынку краіны, адзначаюць у Нацбанку, застаецца ўстойлівай, юрыдычныя і фізычныя асобы апошнім часам прадаюць валюты больш, чым купляюць. На дэпазытным рынку прыток тэрміновых укладаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце ў апошнія дні 2014 году істотна ўзрос.