«Гэтага ў краіне больш быць ня можа. Нават з самых неймаверна складаных сытуацый мы павінны выходзіць годна. Запомніце, гэта перш за ўсё ваша зона адказнасьці, ваша задача. Ня дай бог гэта паўторыцца. І меры ў дачыненьні да вас будуць прынятыя самыя жорсткія», — заявіў Лукашэнка падчас прадстаўленьня новага кіраўніка Нацбанку Паўла Калаўра.
Паводле кіраўніка краіны, Калаўр павінен кіраваць усімі банкамі ў краіне так, як лічыць патрэбным:
«Хопіць песьціцца, жартаваць і гуляць у дэмакратыю. Новых узрушэньняў краіна атрымаць не павiнна. Дзяржаўныя інтарэсы павінны быць вышэй за карпаратыўныя. А калі хто-небудзь з банкаў ня згодны працаваць па гэтых правілах — прымайце меры. У вас усё ў руках — дзейнічайце! Значыць, з такімі кіраўнікамі вам ня трэба працаваць».
Лукашэнка сказаў, што Павал Калаўр цяпер будзе асабіста адказваць за эфэктыўнасьць выдаваных банкамі крэдытаў і загадаў яму «ўзмацніць банкаўскі кантроль».
Сярод прыярытэтных кірункаў у працы Нацбанку Лукашэнка назваў забесьпячэньне стабільнасьці нацыянальнай валюты:
Людзі не павінны кідацца ў абменьнікі і крамы, пазбаўляючыся ад рублёў
«Перад вамі стаіць стратэгічная задача: умацаваць давер насельніцтва, прадпрыемстваў да нацыянальнай грашовай адзінкі — беларускага рубля. Гэта азначае скарачэньне далярызацыі эканомікі. Але ня шляхам штучных забаронаў. Патрэбныя рэальныя дзейсныя меры, якія дадуць канкрэтныя вынікі ў выглядзе прыросту дэпазытаў і крэдытаў у нацыянальнай валюце. Людзі, атрымаўшы заробак, не павінны кідацца ў абменьнікі і крамы, пазбаўляючыся ад рублёў».
Лукашэнка заклікаў памножыць золатавалютныя рэзэрвы, палепшыць сальда плацёжнага балянсу. Ён загадаў навесьці парадак на фінансавым рынку Беларусі.
«Наш фінансавы рынак — гэта нешта эфэмэрнае. Навядзіце, калі ласка, тут парадак».
Ён адзначыў, што «ўсё павінна быць у полі зроку Нацыянальнага банку». Нацбанку неабходна зьвярнуць увагу на маржу і сабекошт банкаўскіх паслуг, заробкі, фінансаваньне няпрофільных актываў.
«Няхай банкі перастануць жыраваць. Вядома, нашы банкіры жывуць больш сьціпла, чым у суседніх дзяржавах. Але параўнальна зь іншымі галінамі беларускай эканомікі банкаўская сфэра мае больш высокія даходы. Такога расслаеньня не павінна быць. Банкаўская сфэра не вырабляе матэрыяльныя каштоўнасьці, толькі абслугоўвае рэальную эканоміку», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба Лукашэнку.