Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым беларускае войска адрозьніваецца ад украінскага


Расейскі сьцяг на вайсковым парадзе ў Менску
Расейскі сьцяг на вайсковым парадзе ў Менску

Адстаўка з пасады міністра абароны Беларусі Юрыя Жадобіна спарадзіла дыскусію пра стан беларускага войска: чым яно адрозьніваецца ад украінскага і ці змагла б беларуская армія супрацьстаяць агрэсару, калі б апынулася ў такім становішчы, як украінская?

Кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў не падзяляе меркаваньня, згодна зь якім да адстаўкі Юрыя Жадобіна прычыніліся падзеі ва Ўкраіне і яна выкліканая незадаволенасьцю Аляксандра Лукашэнкі цяперашнім станам беларускага войска. Андрэй Паротнікаў ня лічыць гэты стан катастрафічным, але прызнае існаваньне шэрагу праблемаў. Вось як экспэрт параўноўвае беларускае войскам з украінскім:

Андрэй Паротнікаў
Андрэй Паротнікаў

«Можна сказаць гэтак: у нас войска больш дысцыплінаванае, і пры пэўных абставінах гэта пайшло б у плюс. Бо ў нас няма такога разброду і раздраю хаця б з-за іншых маштабаў краіны. Але ўсё ж мы ж замала ведаем, каб рабіць высновы наконт таго, ці былі б мы больш крутыя, ці менш крутыя за ўкраінцаў у такой сытуацыі. Таксама вельмі шмат залежыць ад палітыкаў, ад іх палітычнай волі аказваць супраціў. Згадайма, што ў 1938 годзе войска Чэхаславаччыны было мацнейшае за войска Нямеччыны, а чым гэта скончылася? Здачай без супраціву. Бо на вяршыні дзяржаўнай улады выявілася здрада і баязьлівасьць».

Андрэй Паротнікаў перакананы, што сапраўдную баяздольнасьць войска можна ацаніць толькі ў выніку вайны. Шмат залежыць і ад таго, хто менавіта правярае баяздольнасьць. Калі параўнаць беларускае войска з расейскім, на чыім баку перавага?

«Мы прайграем ім у маштабах. Таму што розьніца ў нас у 14–15 разоў і па насельніцтве краіны, і па ўсім астатнім. Што да якасьці ўзбраеньня войска, то гэта недзе блізка, бо недалёка яны ад нас прасунуліся наперад дзякуючы апошнім грашовым уліваньням. Але зноў жа: жалеза застаецца жалезам, і ня меней важна тое, хто ім кіруе, які ўзровень падрыхтоўкі. Таму ніхто ня ведае, лепшае ці горшае беларускае войска за расейскае. Гэта можа паказаць толькі практыка, барані Божа».

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Незалежны экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што ў складзе Ўзброеных сілаў Беларусі хутка павялічваецца адставаньне там, дзе зброя дарагая і высокатэхналягічная — найперш гэта авіяцыя. Калі яшчэ 10 гадоў таму беларускія лётчыкі ляталі на самалётах і верталётах прыкладна аднаго тэхнічнага ўзроўню, які можна было падцягнуць за кошт мадэрнізацыі, то цяпер патрабуецца кардынальнае абнаўленьне авіяпарку, на што грошай не хапае. Паступова зьніжаецца і лётнае майстэрства:

«Падрыхтоўка нашых лётчыкаў ужо на сярэднім узроўні ў СНД. У Расеі значна большыя налёты, таму і майстэрства вышэйшае. Нават у Казахстане цяпер лятаюць больш — у іх ёсьць паліва. Мы лятаем меней».

Аляксандар Алесін мяркуе, што беларускаму войску трэба тэрмінова падвышаць баяздольнасьць часьцей адмысловых апэрацыяў. Менавіта такія войскі, як паказалі падзеі ва Ўкраіне, могуць найбольш спатрэбіцца ў сучасных войнах.

За кошт якіх рэсурсаў можна хутка пераўзброіць беларускае войска? Некалькі гадоў таму беларускія часьці адмысловых апэрацыяў атрымалі аўтамабілі-пазадарожнікі кітайскай вытворчасьці, што значна падвысіла іх манэўранасьць. На пачатку лістапада, як паведамілі афіцыйныя крыніцы, Кітай зноў аказаў дапамогу беларускаму войску, прычым бясплатна.

Былы вайсковы лётчык Аляксандар Камароўскі, які на пачатку 1970-х гадоў удзельнічаў у канфлікце СССР і Кітая за Даманскі востраў на Амуры, мяркуе, што Кітай можа стаць трывалай крыніцай пераўзбраеньня беларускага войска.

Аляксандар Камароўскі
Аляксандар Камароўскі

«Кітай выдатна разумее, што чым больш Расея завязьне на заходнім напрамку, тым хутчэй здасьць свае пазыцыі ў Сыбіры, на якую Кітай паклаў вока. Таму Кітай дапамагае нам ня проста бясплатна, а з далёкасяжнымі плянамі. Таксама, мяркую, і Ўкраіне Кітай будзе дапамагаць, каб яны змаглі наладзіць моцнае войска і пасьпяхова супрацьстаялі расейскай агрэсіі».

Баяздольнасьць беларускага войска падпалкоўнік у адстаўцы Аляксандар Камароўскі лічыць добрай за кошт дысцыпліны і патрыятычнага духу. Але ці змогуць беларускія салдаты па загадзе страляць у расейскіх салдат, калі тыя пранікнуць на тэрыторыю краіны пад выглядам «зялёных ветлівых чалавечкаў», як было ў Крыме?

«Беларусы не такія дурні. Кожны з нас без усякай прапаганды разумее гэтую расейска-ўкраінскую кухню. І кожны афіцэр і кожны салдат для сябе ўжо вырашыў, што ён будзе рабіць у выпадку паўтору такога сцэнару ў нас. Асабіста я мяркую, што крымскі сцэнар тут ня пройдзе. Правільна сказаў Аляксандар Рыгоравіч, што калі хоць адзін бот ступіць на зямлю Беларусі, то што мы будзем рабіць? — Мачыць іх па поўнай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG