Уладзімер Шаблінскі тлумачыць, што кантракт на арганізацыю канцэртаў быў падпісаны тады, калі «не было ані вайны паміж Украінай і Расеяй, ані грамадзянін Ахлабысьцін І.І. ня быў заўважаны ў напісаньні рэзкіх тэкстаў ва ўласных акаўнтах».
Уладзімер Шаблінскі, які ў дзень менскага канцэрту Івана Ахлабысьціна 13 лістапада сказаў, што ня бачыць падставы камэнтаваць прыезд гэтага выканаўцы ў Беларусь, сёньня прызнаў, што мерапрыемства выклікала ў беларускіх СМІ рэзананс, які прымусіў яго выказацца.
«Кантракт на арганізацыю гэтага і ранейшых выступаў Івана Ахлабысьціна быў падпісаны ў тыя гады, калі не было вайны паміж Украінай і Расеяй, а грамадзянін Ахлабысьцін І. І. ня быў заўважаны ў напісаньні рэзкіх тэкстаў ва ўласных акаўнтах», — піша Ўладзімер Шаблінскі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Арганізатар гастроляў дадаў, што сам ён асабіста не прыхільнік ідэяў актора Івана Ахлабысьціна:
«Мне не падабаюцца яго асабістыя выказваньні, многія зь якіх, калі б Ахлабысьцін быў грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, цалкам маглі б разглядацца з пункту гледжаньня дзейнага заканадаўства нашай краіны як „распальваньне варожасьці“. Пры гэтым я паважаю права любога іншага мець супрацьлеглае майму меркаваньне і выказваць яго. Мне яно можа не падабацца, я магу лічыць яго маргінальным, але гэта права грамадзяніна. Права асобы».