Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няспынны шантаж вялікай вайной: Пуцін гатовы перайсьці ў наступ у Данбасе»


Калёна танкаў рухаецца ў кірунку Данецку па тэрыторыі, падкантрольнай баевікам
Калёна танкаў рухаецца ў кірунку Данецку па тэрыторыі, падкантрольнай баевікам

Расея працягвае павялічваць сваю вайсковую групоўку ў Данбасе і пастаўляць зброю тамтэйшым баевікам.

Заявы пра тое, што Расея перакідвае войскі і тэхніку на ўсход Украіны, за апошні тыдзень неаднаразова рабіла Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны. Назіральнікі АБСЭ таксама інфармуюць пра перамяшчэньне па тэрыторыі, якую кантралююць сэпаратысты, вялікіх канвояў вайсковай тэхнікі без апазнавальных знакаў.

Ці азначае гэта, што баевікі і расейскія войскі рыхтуюцца да вялікага наступу на пазыцыі ўкраінскай арміі?

Каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук у інтэрвію Радыё Свабода паведаміў, што ў іх пакуль няма ніякай інфармацыі наконт плянаў сэпаратыстаў і расейскіх вайскоўцаў перайсьці ў наступ. Але нарошчваньне расейскай ваеннай прысутнасьці ў Данбасе і прыкметы падрыхтоўкі да наступальных дзеяньняў сапраўды фіксуюцца.

Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

«Мы канстатуем той факт, што на сёньняшні дзень на тэрыторыі Данбасу створаныя чатыры ўдарныя тактычныя групоўкі, і зь іх канфігурацыі, складу войскаў, дысьлякацыі і мерапрыемстваў, якія праводзяцца (а гэтыя мерапрыемствы зусім не абарончага характару), мы робім выснову, што гэтыя групоўкі прызначаныя менавіта для наступу. Аднак у нас няма інфармацыі, ці будзе наагул гэты наступ, і калі будзе, то ў які час», — падкрэсьлівае Тымчук.

Экспэрт адзначае, што з пачаткам менскага замірэньня частка расейскіх войскаў была выведзеная з Данбасу, але ў апошнія тыдні зноў пачалося нарошчваньне вайсковай групоўкі.

«12–14 тысяч чалавек — гэта расейскія войскі і расейскія наёмнікі: то бок гэта падразьдзяленьні рэгулярнай арміі Расеі і наёмнікі (як набраныя праз ваенкаматы, так і цэлыя групоўкі ў выглядзе грамадзкіх арганізацыяў кшталту „данскога казацтва“ і г.д.). І яшчэ да 12 тысяч — гэта мясцовыя тэрарысты: іх касьцяк складаюць выхадцы з Данбасу, якія прайшлі падрыхтоўку або ў лягерах у Крыме, або на базе ГРУ РФ пад Растовам, або ў Балашысе пад Масквой (гэта цэнтар ФСБ)», — кажа экспэрт.

Станіслаў Бялкоўскі
Станіслаў Бялкоўскі

Расейскі палітоляг Станіслаў Бялкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што сёньня ва Ўкраіне Крэмль працягвае вырашаць свае палітычныя задачы, якія застаюцца ранейшымі.

«Данецкая і Луганская рэспублікі патрэбныя Ўладзімеру Пуціну зусім не як незалежныя тэрыторыі, а ў якасьці інструмэнта сталага ціску на Ўкраіну і патэнцыйнай дэстабілізацыі сытуацыі ў гэтай краіне.

Сёньня Пуцін хоча вырашыць некалькі фундамэнтальных задач у адносінах да Ўкраіны: гарантаваць адмову Ўкраіны ад уступленьня ў НАТО, усяляк затармазіць эўраінтэграцыю Ўкраіны, гарантаваць жыцьцезабесьпячэньне Крыму шляхам стварэньня фактычнага, хай і не падкантрольнага Расеі, сухапутнага калідора ў напрамку Крыму, а потым зрабіць тое ж самае з Прыднястроўем.

Ён разьлічвае дамовіцца пра гэта палюбоўна, прычым ня столькі з Кіевам, колькі з Захадам, таму што як паўнавартасных перамоўнікаў ён успрымае толькі ЗША і Эўразьвяз, але не цяперашнюю Ўкраіну і яе прэзыдэнта Пятра Парашэнку.

Але паколькі Пуцін ня верыць ніякім дамоўленасьцям, ні вусным, ні пісьмовым, ён павінен мець рычаг ціску на сытуацыю на той выпадак, калі дамоўленасьці ня будуць выконвацца.

Такі рычаг — няспынны шантаж вялікай вайной, і, на думку Ўладзімера Пуціна, гэты шантаж дастаткова эфэктыўны. Бо калі сёньняшняя Расея, на думку Пуціна, ваяваць ня хоча, але гатовая да вайны, то ЗША і Эўразьвяз не гатовыя да вялікай вайны ў Эўропе ні пры якіх абставінах.

Пуцін не баіцца санкцыяў: ён пераканаўся, што Захад не зьбіраецца ваяваць, а астатняе яму ня страшнае

У дадзеным выпадку нават самі манэўры, сама канцэнтрацыя войскаў, незалежна ад таго, ці будуць гэтыя войскі прыведзеныя ў дзеяньне, ужо служыць фактарам і элемэнтам такога шантажу», — тлумачыць палітоляг.

Бялкоўскі ўпэўнены, што, калі гэта спатрэбіцца, дзеля дасягненьня сваіх мэтаў Пуцін гатовы перайсьці да шырокамаштабнага наступу на Ўкраіну. Сваю рашучасьць у гэтым сэнсе расейскі лідэр прадэманстраваў яшчэ ў жніўні, калі ў крытычны для сэпаратыстаў момант расейская армія ўварвалася ў Данбас і разграміла ўкраінскія войскі пад Ілавайскам. Тая параза прымусіла да шэрагу саступак і афіцыйны Кіеў (у прыватнасьці, маецца на ўвазе фактычнае прызнаньне перамоўнага статусу ДНР і ЛНР, прыняцьцё закону аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу і г.д.), і нават ЗША, якія адмовіліся ад наданьня Ўкраіне статусу адмысловага ваеннага саюзьніка па-за НАТО. Каб дабіцца новых саступак, Пуцін гатовы зноў кінуць расейскіх салдат у бой.

«Пуцін не зьбіраецца ўводзіць войскі проста так. Але калі будзе вельмі трэба, калі ён адчуе, што гэта адзіны шлях гарантаваньня тых дамоўленасьцяў, якія ён лічыць для сябе прымальнымі, то ён прывядзе свае войскі ў дзеяньне — для яго ў гэтым няма ніякай праблемы, ні тэхналягічнай, ні псыхалягічнай», — падкрэсьлівае палітоляг.

Пры гэтым, паводле словаў Бялкоўскага, рэакцыі Захаду Пуцін зусім не баіцца:

«Пуцін не баіцца санкцыяў: ён пераканаўся, што Захад не зьбіраецца ваяваць, а астатняе яму ня страшнае. Ён лічыць, што санкцыі толькі спрыяюць мабілізацыі і кансалідацыі расейскага народу вакол яго, а эканамічныя нягоды Расея гатовая пацярпець. У канчатковым выніку ён разьлічвае дабіцца адмены большай часткі санкцыяў шляхам пасьлядоўнага ціску — у тым ліку і шантажуючы вайною».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG