Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лепш ужо цярпець гнілую дыктатуру, чым выпраўляць на майданную бойню сваіх дзяцей і ўнукаў...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Наўрад ці знойдзецца іншая эўрапейская сталіца, аблічча гістарычнага цэнтру якой мяняецца гэтак жа хутка і часта, як выгляд Менску. Калі б жыхар даваеннай сталіцы БССР нейкім цудам раптам апынуўся ў Менску сёньняшнім — ён увогуле ня здолеў бы тут зарыентавацца: у многіх кварталах ад архітэктурнай даўніны не засталося каменя на камені. Зрэшты, амаль не захаваліся і самі старадаўнія кварталы.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Віктар Лісоўскі зь Менску, разважаючы пра архітэктурна-будаўнічы сьверб уладаў, піша:

«Хацеў бы закрануць тэму вандалізму ў цэнтры Менску. Маю на ўвазе факт зьнішчэньня будынку былога музэю Айчыннай вайны. Разбураецца архітэктурны ансамбль, да якога прывыклі менчукі па вайне. Верагодна, на тым прывабным месцы зьбіраюцца пабудаваць які-небудзь чарговы бізнэс-цэнтар.

Колькі іх ужо панатыркалі ў самым цэнтры Менску! Вунь і на праспэкце Пераможцаў тырчыць толькі што пабудаваны хмарачос — парожні. А тым часам у двухмільённым горадзе катастрафічна бракуе аб’ектаў культуры.

З боку інтэлігенцыі была прапанова выкарыстаць вызвалены будынак былога музэю як Беларускі дом, але для антыбеларускага ўраду такое, вядома ж, непрымальна.

Падобным чынам быў разбураны і Маскоўскі аўтавакзал — толькі дзеля таго, каб дагадзіць расейскаму газаваму манапалісту. Адметна, што свайго часу ў Санкт-Пецярбургу будаваць хмарачос Газпрому забаранілі, а ў Менску, выходзіць, можна».

Будзьма аб’ектыўнымі, спадар Віктар, вялікімі архітэктурнымі адметнасьцямі той будынак былога ваеннага музэю не вызначаўся. Шэры безаблічны гмах, спраектаваны ў эпоху Хрушчова і ўзьведзены ў сярэдзіне 60-х гадоў. Наўрад ці хто ўзяўся б сьцьвярджаць, што ён упрыгожваў Цэнтральную плошчу сталіцы.

Кастрычніцкая плошча, 2011 год
Кастрычніцкая плошча, 2011 год

З архітэктурным абліччам гэтай плошчы (як, зрэшты, і ўвогуле ўсяго Менску) беларускія ўлады ўвогуле ніколі асабліва не цырымоніліся, так што ваша сьцьвярджэньне, што менчукі пасьля вайны прывыклі да яе выгляду, — яўнае перабольшаньне. Згадайма: у сярэдзіне 50-х гадоў дамінантай гэтай плошчы была вялізная бронзавая статуя Сталіна — яе зьнішчылі на пачатку 60-х.

Пасьля гэтага на працягу двух дзесяцігодзьдзяў ладную частку плошчы займаў недагледжаны сквэр. Яго высеклі ў сярэдзіне 80-х, каб пачаць будоўлю цыкляпічнага Палаца Рэспублікі. Наступныя пятнаццаць год на гэтым месцы то заціхала, то зноў аднаўлялася будаўніцтва, якое ўрэшце закончылася, калі на будоўлю зьвярнуў увагу Лукашэнка і калі на гэта зьявіліся ў бюджэце грошы.

✉ ✉ ✉

Наш слухач Валеры Грыцук зь Менску свой новы ліст на Свабоду напісаў, пачуўшы мой камэнтар пра тое, як на глебе палітычных спрэчак у некаторых сем’ях разладжваюцца міжасабовыя адносіны. Слухач з нагоды пачутага піша:

«Калі сваяк — зомбі і ня хоча нават падумаць, паразважаць, ну то і халера зь ім. Апынуўся неяк і я ў падобнай сытуацыі. Гісторыя такая. Ёсьць у мяне пляменьнік, які жыве ў Кобрыне, мае малы бізнэс. Кобрын, як вядома, зусім блізка ад мяжы, але ў Эўропе пляменьнік ніколі ня быў. Валодае беларускай мовай, што рэдкасьць для Кобрына.

І вось бяда: хлопец цалкам паверыў пуцінскай, рускай шавіністычнай прапагандзе. На мае аргумэнты, факты, пытаньні ніяк не рэагуе. Чытаць, слухаць Радыё Свабода ня хоча, таму што яно, бачыш, „амэрыканскае“....

Ягоныя аргумэнты: „Расейцы мяне яшчэ не падманулі, а вось галяндцы падманулі (у бізнэсе)“. А таму робіць выснову: „Наеўся я той Эўропы“. А сам жа нават у Польшчы ніколі ня быў...

Вось такая бяда ў мяне. Але ён малады, а таму, спадзяюся, возьмецца за розум. Разьлічваю разгаварыць яго, бо калі чалавек, нібы жывёла, не гаворыць, то — праблема. Я назіраў такое ў пікетах: калі зомбі прыцісьнеш фактамі, то ён маўчыць і ўцякае ад цябе...

Вось і пытаньне: як жывёлу (зомбі) у выглядзе чалавека вярнуць да чалавечага стану?

І яшчэ цікавы момант. Цяпер у Беларусі шмат уцекачоў з Украіны. Сярод іх, ведаю, шмат зомбі, якія распавядаюць пра страшных украінцах, якія нібыта забіваюць людзей толькі за тое, што яны „данбасцы“. Вось менавіта так мне сказаў мой родны пляменьнік. Я яму прапанаваў чытаць украінскія сайты, беларускія незалежныя... Аніякай рэакцыі. Дарэчы, я лічу, што гэтыя ўсходнія ўцекачы (з Данбасу) — гэта чарговая небясьпека для Беларусі.

40 гадоў таму я прачытаў „Час Быка“ Яфрэмава. Ён добра апісаў, як зь людзей праз абавязковае слуханьне прапаганды рабілі зомбі. Цяпер тое робіць расейскае тэлебачаньне. Дый лукашэнкаўскае таксама...».

Абавязковага слуханьня прапаганды ні ў Беларусі, ні ў Расеі ўжо даўно няма, спадар Валер. Нават калі чалавек прывык атрымліваць інфармацыю выключна з экрана тэлевізара, дык і тут ёсьць выбар: можна набыць спадарожнікавую антэну і параўноўваць, як адну і тую ж падзею асьвятляюць расейскія і ўкраінскія тэлеканалы, альбо Эўраньюс і Сі-Эн-Эн...

Наўрад ці выпадае лічыць ахвярай прапаганды таго, хто сам гатовы штохвіліны быць падманутым і ахвотна гэты камфортны падман спажывае

Іншая справа: ці патрэбна чалавеку такая альтэрнатыва? Ці зацікаўлены ён у тым, каб дакапацца да ісьціны? Ці гатовы траціць асабісты час і сілы на супастаўленьне розных пунктаў гледжаньня, на аналіз і выпрацоўку ўласнай пазыцыі? Наўрад ці выпадае лічыць ахвярай прапаганды таго, хто сам гатовы штохвіліны быць падманутым і ахвотна гэты камфортны падман спажывае.

✉ ✉ ✉

Пра ўкраінскі крызіс і ягоныя доўгатэрміновыя наступствы разважае ў сваім новым лісьце Барыс Руцько зь Менску. Слухач у гэтым канфлікце стаіць на баку данецкіх сэпаратыстаў і прадбачыць іхную перамогу. Ён піша:

«Ва Ўкраіне вельмі шмат тых, хто гатовы ваяваць супраць Наваросіі і імкнецца да такой вайны: гэта і батальёны Каламойскага, і Ляшко, і Яраш, і Яцанюк, і Турчынаў... Як іх усіх утаймаваць? І хто гэта здольны зрабіць? Прэзыдэнт Парашэнка і ягоная каманда павінны быць у гэтых умовах цьвёрдымі і жорсткімі, інакш „партыя вайны“ зробіць усё магчымае, каб зрынуць самога Парашэнку.

Наступная зіма рыхтуе сур’ёзнае выпрабаваньне для ўсёй Украіны. З прычыны непазьбежных эканамічных і сацыяльных праблемаў магчымы ўсенародны бунт. Татальны рост цэнаў, халодныя батарэі ацяпленьня, карупцыя — усё гэта можа ўзарваць Украіну. Тым больш што такую сур’ёзную палітычную сілу ўяўляюць тыя, хто супрацьстаіць Парашэнку і гатовы ў любы момант зрынуць яго.

Самае страшнае, калі знойдзецца ва Ўкраіне трэцяя сіла, якая ініцыюе і распачне новую вайну супраць Наваросіі. Гэта выкліча новыя санкцыі Эўразьвязу і ЗША супраць Расеі. Але адначасова гэта будзе мець для Кіева фатальныя наступствы і скончыцца для яго драматычна. Звонку ўзмоцніцца наплыў добраахвотнікаў. І ў выніку армія Наваросіі разгроміць і зьнішчыць украінскае войска, а разам зь ім Нацгвардыю і ўсе тыя батальёны адмарозкаў. А сама Ўкраіна будзе развалена з усімі адпаведнымі наступствамі — бязладзьдзем, анархіяй і ўсеагульным бардаком».

Зусім магчыма, спадар Барыс, што якраз да такога выніку і імкнецца Масква. Прынамсі, такое ўражаньне ўзьнікае, калі меркаваць па ўсіх яе дзеяньнях у справе ўкраінскага крызісу, якія мы назіраем на працягу гэтага году. Ніякія добраахвотнікі і апалчэнцы ня здольныя былі б колькі-небудзь пасьпяхова і працягла супрацьстаяць рэгулярнай арміі 45-мільённай краіны — якая б аслабленая гэтая армія ні была з прычыны ўсеагульнага ўкраінскага развалу апошніх гадоў. Зброя, амуніцыя, боезапасы, цяжкая тэхніка, тылавое забесьпячэньне, фінансаваньне — усё гэта зьявілася ў данецкіх сэпаратыстаў ня раптам і не зь ніадкуль. І ні для кога ня ёсьць сакрэтам тое, хто ўсім гэтым іх забясьпечыў і з чыіх кішэняў узятыя на гэта грошы. А наколькі дарагое гэтае задавальненьне — расейскія грамадзяне ўжо выразна адчулі на сваім штодзённым побыце. Тым, жа хто гэтага яшчэ не зразумеў, абясцэнены рубель і цэньнікі ў крамах хутка падкажуць.

✉ ✉ ✉

З трывогай і непакоем назірае за ўкраінскімі падзеямі наш слухач Алег Сацункевіч з Салігорску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

«Раней заўсёды зайздросьціў украінцам: колькі ў іх упартасьці, якое імкненьне да свабоды і незалежнасьці. Як стойка яны абаранялі свой выбар падчас „аранжавай“ рэвалюцыі дзесяць год таму, а летась і сёлета — на Майдане. Але тое, што адбылося пазьней, ніякага ні захапленьня, ні зайздрасьці ўжо не выклікае. Ня дай Бог перажыць тое, што перажылі і перажываюць жыхары Данбаса.

Вось цяпер сяджу і думаю: няўжо настане момант, калі давядзецца плаціць падобную цану за сваю свабоду і нам? Неяк ня дужа цешыць такая пэрспэктыва. Не, лепш ужо цярпець гэтую гнілую дыктатуру, чым выпраўляць на майданную бойню сваіх дзяцей і ўнукаў. Думаю, гэтак жа мяркуе і пераважная большасьць нашага насельніцтва. Народ наш напалоханы і Майданам, і вайной на Данбасе — і асабіста я гэты страх разумею і падзяляю».

Да свабоды ёсьць шмат шляхоў, спадар Алег. Як правіла, у кожнага народа такі шлях — свой. І сапраўды, сярод большасьці беларускага грамадзтва крывавы Майдан у Кіеве і вайна на Данбасе выклікаюць нэгатыўнае стаўленьне.

Але чаму Беларусь павінна паўтараць шлях Украіны? Вось якраз у гэтыя тыдні і месяцы адзначаецца 25-годзьдзе перамогі аксамітных рэвалюцыяў у шэрагу ўсходнеэўрапейскіх краін — у Чэхіі, колішняй Усходняй Нямеччыне (ГДР), Вугоршчыне. Па заходніх тэлеканалах часта паказваюць архіўныя відэакадры тае пары. Які магутны ўздым ахапіў тады паняволеныя Масквой народы! У тагачасных аўтарытарных рэжымаў ні было ніякага шанцу на далейшае панаваньне. І яны разваліліся без усялякага супраціву, без крыві і ахвяр — пападалі, як перасьпелыя грушы з дрэва...

Мяркую, нешта падобнае рана ці позна адбудзецца і ў Беларусі. Трэба толькі дачакацца, пакуль «груша» сасьпее. А ўжо што-што, а чакаць беларусы ўмеюць...

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG