Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпраўляючыся ў Крым, браў з сабой 10–12 бляшанак беларускай тушонкі»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Тэма, якая ня першы год нязьменна гучыць у пошце Свабоды, — становішча беларускай мовы, уціск, зь якім часта вымушаны сутыкацца беларускамоўныя грамадзяне. Найчасьцей нашы слухачы і аўтары апісваюць у сваіх лістах на гэтую тэму выпадкі зьняважлівага, пагардлівага стаўленьня да мовы з боку службоўцаў, якія паводле закону павінны валодаць дзяржаўнай мовай і размаўляць на ёй з наведнікамі, але ў рэчаіснасьці ігнаруюць законныя патрабаваньні беларускамоўных.

Год таму 2 кастрычніка ў нашай праграме прагучаў ліст Аляксея Былінскага з Рэчыцы. У лісьце слухач распавёў пра ўласны мэтад, які, на думку аўтара, здольны вырашыць моўную праблему ў айчыннай сыстэме адукацыі. Слухач пісаў:

«Ведаю, як стварыць перадумовы дзеля таго, каб бяз гвалту і прымусу перайсьці да паўсюднага і ўсеагульнага авалоданьня беларускай мовай. Проста трэба адмовіцца ад падзелу школ (ня толькі сярэдніх, але і вышэйшых) на расейска- і беларускамоўныя. Гэты мэтад я б назваў „спалучаным навучаньнем мовам“. Сутнасьць яго ў тым, каб у рускамоўных школах на ўсіх прадметах (за выключэньнем урокаў рускай і замежных моваў) выкладчык да 30 працэнтаў часу вёў прадмет на беларускай мове — у адвольным спалучэньні з выкладаньнем па-руску. Усе тлумачэньні як у руска-, так і ў беларускамоўнай школах павінны рабіцца на абедзьвюх мовах — аж да поўнага авалоданьня тэмай навучэнцамі. Натуральна, самі пэдагогі павінны дасканала валодаць мовамі выкладаньня. Пры гэтым было б лягічна заахвоціць іх да гэтага — скажам, падвышкай да акладу ў памеры 15–20 працэнтаў, як пэдагогам вышэйшай катэгорыі».

Гэтую сваю мэтодыку Аляксей Былінскі актыўна спрабуе распаўсюджваць. З адміністрацыі Лукашэнкі на яе, праўда, не адрэагавалі. А вось з Расеі, як паведамляе слухач, адказалі. Выплацілі невялікі ганарар і ўкаранілі ў некалькіх месцах кампактнага пражываньня нацменшасьцяў.

У сваім новым лісьце на Свабоду слухач паведамляе, што рэцэнзію на мэтодыку даслала беларускае Міністэрства адукацыі. Спадар Былінскі піша:

«Але што гэта за адказ? З 99 радкоў водгуку 82 ніякіх адносінаў да сутнасьці справы ня маюць. А рэшта па сутнасьці зводзіцца да адной фразы «Дарэмна вы нас турбуеце»...

Копію гэтага адказу за подпісам намесьніка міністра Будкевіча слухач даслаў на Свабоду. Сапраўды, агульная выснова, зробленая чыноўнікамі ад адукацыі — адмоўная для аўтара мэтодыкі (цытую):

«На нашу думку, адначасовае выкарыстаньне беларускай і расейскай моў пры тлумачэньні навучальнага матэрыялу па фізыцы, геаграфіі, гісторыі ды іншых прадметах прывядзе да распаўсюду зьмяшанага дзьвюхмоўя, якое адметнае тым, што пры пераказе тэкстаў не дыферэнцыяваныя ўстаноўкі на розныя мовы. Канчатковай жа мэтай навучаньня мове ёсьць стварэньне ў навучэнца аўтаномнага мэханізму ўзнаўленьня тэкстаў на розных мовах».

І яшчэ адна цытата з адказу намесьніка міністра адукацыі:

«Лічым, што адначасовае выкарыстаньне беларускай і расейскай моў пры навучаньні розным прадметам прывядзе да павелічэньня навучальнага часу, неабходнага для засваеньня таго ці іншага матэрыялу» (канец цытаваньня).

Іншымі словамі, як ні круці — замінае беларуская мова ў навучаньні. І час для гэтага, бач, патрэбны лішні, і неабходных установак на авалоданьне мовай гэта нібыта не стварае. Дык прапануйце ўласную мэтодыку — каб стварала такія ўстаноўкі! А галоўнае, каб, пакідаючы школьныя сьцены, выпускнік аднолькава добра размаўляў і па-беларуску, і па-ангельску, і па-расейску. А ня так, як цяпер: толькі па-расейску, і то са шматлікімі памылкамі.

Аляксей Былінскі паведамляе, што, назіраючы, як урад многія гады ня можа вырашыць праблему беларускай мовы ў адукацыі, ён даслаў сваю мэтодыку заканадаўцам — у Палату прадстаўнікоў. «Калі б яны вырашылі гэта на ўзроўні закону — гэта зрабіла б ім гонар».

Напэўна, спадар Аляксей, вы і сам здагадваецеся: справа тут не ў канкрэтным урадавым чыноўніку і не ў жаданьні ці нежаданьні дэпутатаў брацца за гэту праблему. Сыстэма ўлады ў Беларусі такая, што калі б паступіла адпаведная каманда з адміністрацыі прэзыдэнта — новы закон аб мове мог быць разгледжаны і прыняты на працягу некалькіх дзён. Дарэчы, яго і распрацоўваць асабліва ня трэба: і адпаведны закон, і грунтоўна падрыхтаваная праграма адраджэньня мовы ўжо існавалі на пачатку 90-х гадоў. І няблага пачыналі дзейнічаць — пакуль увесь працэс гвалтоўна не спыніла новая ўлада ў 1994-м годзе.

Значная частка нашай пошты па-ранейшаму прысьвечана падзеям ва Ўкраіне і вакол яе. Наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, разважаючы пра ўкраінскі крызіс, піша:

«З сумам і непакоем назіраю за гэтымі падзеямі. Украінскія ўлады з адной крайнасьці кідаюцца ў другую. Вось цяпер хочуць уступіць у НАТО. Але ж народ у бальшыні сваёй — за пазаблёкавы статус Украіны. Дый ці ж дапусьціць Расея, каб натаўскія войскі прысутнічалі ва Ўкраіне? Вядома, што не.

Улады нібы забываюць пра 9 мільёнаў этнічных расейцаў, якія жывуць і на ўсходзе, і на захадзе Ўкраіны і зусім не падтрымліваюць антырасейскія настроі...

Цяпер вось загаварылі пра тое, што няблага было б Украіне вярнуць сабе статус ядзернай дзяржавы. Мала ім Чарнобыля. Тыя АЭС, якія ўжо існуюць на ўкраінскай тэрыторыі, у выпадку выбуху зьнішчаць усю Эўропу і без усялякага ядзернага статусу. Дарэчы, для Беларусі гэтая пагроза асабліва актуальная: Ровенская АЭС — у нас пад бокам.

Цяпер вось украінскія ўлады нібыта хочуць вызваліць Крым. Але ж цягнік ужо пайшоў — для ўсіх разважлівых людзей гэта відавочна.

Народ узбуджаны, растрывожаны, разгайданы прапагандай. І пагасіць гэтае полымя хутка ўжо наўрад ці атрымаецца.

Нешта ня верыцца, што новая ўлада ва Ўкраіне — гэта надоўга. Да спакою і стабільнасьці там, мяркуючы па ўсім, далёка...».

Сапраўды, цяжка спадзявацца на спакой і стабільнасьць ва ўмовах рэальнай вайны, эканамічнага спаду, дэвальвацыі нацыянальнай валюты і як вынік — зьніжэньня жыцьцёвага ўзроўню насельніцтва. На ўсё гэта накладваецца яшчэ і парлямэнцкая выбарчая кампанія — традыцыйна для Ўкраіны шумная, са скандаламі, выкрыцьцямі і ўзрушэньнямі.

Магчыма, напрыканцы году, калі міне гэта кампанія і Ўкраіна нарэшце будзе мець усе легітымныя, законна абраныя органы ўлады — сытуацыя крыху стабілізуецца. Спакой, нацыянальная згода і парадак востра неабходныя сёньняшняй Украіне. Бязь іх цяжка разьлічваць на тое, што ёй удасца захаваць сябе як адзіную дзяржаву і абараніцца ад агрэсіі з Усходу, якая апошнім часам прыпынілася, але яўна не перастала існаваць. І можа аднавіцца ў любы момант, як толькі Масква адчуе, што ўлада ў Кіеве чарговы раз аслабела і ня здольная аказаць дзейсны супраціў.

На тэму падзеяў ва Ўкраіне выказваецца і наш сталы слухач і аўтар Міхаіл Леках з Латвіі, з Рыгі. На пачатку ліпеня ў эфіры Свабоды ўжо гучаў адзін ягоны ліст, у якім спадар Міхаіл выказваўся наконт анэксіі Крыму. Гэтым разам слухач піша:

«Дзякуй за тое, што аб’ектыўна і сумленна агучылі мой пункт гледжаньня на падзеі вакол Крыму, далучэньня яго да Расейскай Фэдэрацыі. Паўтаруся, што ў савецкі час я неаднаразова адпачываў на гэтай паўвысьпе — нягледзячы на тое, што ежа ў тамтэйшых установах грамадзкага харчаваньня мне не падабалася. У нас у Беларусі (як, зрэшты, і ў прыбалтыйскіх рэспубліках — Латвіі, Літве ды Эстоніі) харчаваньне было значна больш якасным. Можа, вы пасьмеяцеся, але так было: выпраўляючыся ў Крым, я браў з сабой 10–12 бляшанак вельмі якаснай тушонкі, вырабленай у Беларускай ССР.

А вось наконт Косава і югаслаўскіх падзеяў я з вамі катэгарычна не пагаджаюся. Косава адарвалі ад Югаславіі ў выніку барбарскіх бамбардаваньняў авіяцыі ЗША ды іхных сатэлітаў. І там загінулі каля дзьвюх тысяч чалавек, пераважна мірных грамадзянаў. А ў Крыме ў працэсе далучэньня да Расеі не загінуў ніводзін чалавек. Ніводзін!

А тое, што Косава не было далучана да Альбаніі, па сутнасьці нічога не мяняе ў ацэнцы агрэсіўных дзеяньняў ЗША датычна Югаславіі. Так што, спадзяюся, вы болей ня будзеце казаць, што адносна Косава я раблю некарэктныя параўнаньні...».

Падзеі ў Косаве мелі зусім іншую, чым у Крыме, перадгісторыю, спадар Міхаіл. Краіны НАТО ўмяшаліся ў канфлікт пасьля таго, як там пачалася сапраўдная вайна паміж косаўскімі альбанцамі і югаслаўскай арміяй. Вайна, якая суправаджалася масавымі рэпрэсіямі, забойствамі мірных жыхароў ды этнічнымі чысткамі. У выніку ўмяшаньня ў канфлікт сілаў НАТО сэрбскае кіраўніцтва вымушана было пагадзіцца на ўвод у Косава вайсковага кантынгенту НАТО і пераход краю пад кіраваньне ААН, што і было ажыцьцёўлена на падставе рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН ад 10 чэрвеня 1999 году.

Збройнага процістаяньня (а адпаведна — і ахвяраў) у Крыме не было толькі таму, што ўкраінскае кіраўніцтва, украінская армія не наважыліся супрацьстаяць расейскай агрэсіі. Хоць, калі Масква накіравала ў Крым свае вайсковыя аддзелы, Кіеў меў поўнае права збройным шляхам абараняць тэрытарыяльную цэласнасьць сваёй дзяржавы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG