Апошнім часам і Свабода, і іншыя мэдыі нярэдка расказваюць пра патокі ўкраінскіх уцекачоў, якія накіроўваюцца ў розныя краіны сьвету, у тым ліку і ў Беларусь. Як да іх ставяцца на новым месцы? Ці заўсёды пра дапамогу просяць тыя, хто ў ёй сапраўды мае патрэбу?
З аднаго зь лістоў на гэтую тэму пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні слухач і аўтар, афіцэр у адстаўцы Мікола Канаховіч з Пружанаў мяркуе, што такіх уцекачоў у Беларусі прымаць ня варта. Ён піша:
«Калі ў чалавека ёсьць грамадзянская пазыцыя, чалавечая годнасьць і нацыянальная сьвядомасьць, ён у такой сытуацыі павінен ратавацца ад вайны ў глыбіні сваёй краіны, а не ўцякаць у Беларусь, якая зьяўляецца саюзьніцай акупанта. Тым больш незразумела, калі ўцякаюць за мяжу дарослыя мужчыны прызыўнога ўзросту. Калі ты здольны трымаць у руках зброю, калі прымаў прысягу на вернасьць радзіме — дык чаму ты ня ў шэрагах украінскага войска? Якія могуць быць уцёкі з краіны ў такі час? Гэта ж здрадніцтва і дэзэрцірства.
І чаму мы ў Беларусі павінны прымаць у сябе такіх людзей як уцекачоў?
Я, Мікола Канаховіч, як прафэсійны вайсковец абсалютна перакананы, што такія так званыя „ўцекачы“ ўяўляюць пэўную небясьпеку і для Беларусі. Заўтра ім не спадабаецца беларуская мова ці яшчэ штосьці — і што тады?
Ня ведаю, як у іншых мясьцінах, а ў нас у Пружанах нярэдка можна сустрэць легкавікі з паласатымі „каларадзкімі“ стужкамі на антэнах. Сустракаў я і шаўроны з расейскім трыкалёрам на рукавах. Тут і без тлумачэньняў ясна, што ўсё гэта значыць. Але ні міліцыя, ні пракуратура, ні мясцовыя ўлады не зьвяртаюць на гэта ніякай увагі. А менавіта так пачыналася ўсё і на ўсходзе Ўкраіны. Спачатку былі нібыта бяскрыўдныя „каларадзкія“ стужкі, а потым — танкі, „грады“ і вялікая кроў украінскага народа, які прагне волі.
Прэзыдэнт Лукашэнка неаднаразова казаў пра тое, што ўкраінцы — нашы самыя блізкія браты. З гэтым я спрачацца ня буду. Але калі мы браты — то чаму прымаем да сябе ў абдымкі тых, хто хаваецца ад украінскага правасудзьдзя — здраднікаў, дэзэрціраў, злачынцаў? Дзе ж тут лёгіка? Гэта ж самы сапраўдны падрыў братэрскіх адносінаў паміж беларусамі ды ўкраінцамі».
Зьвярнуў бы вашу, спадар Мікола, увагу на дзьве акалічнасьці. Па-першае, ня справа беларускіх уладаў — высьвятляць, хто з украінскіх уцекачоў дэзэрцір, а хто не, і чаму ад вайны гэтыя людзі ўцякаюць у Гомельскую і Берасьцейскую вобласьці, а не ў Адэскую ці Валынскую. Калі сям’я просіць прытулку, калі яна сапраўды жыла ў раёне баявых дзеяньняў і ўцякла адтуль, ратуючы жыцьці свае і сваіх дзяцей — то любая дзяржава павінна аказаць такой сям’і мінімальную дапамогу (прынамсі, часовую). Другая важная акалічнасьць: беларуская дзяржава сустракае такіх людзей зусім не абдымкамі. Калі і прапануюць ім жытло ды працу — дык найчасьцей у аддаленых занядбаных калгасах. Пры гэтым ніякай значнай матэрыяльнай дапамогі гэтыя людзі не атрымліваюць, хіба што мізэрную разавую выплату памерам 10 даляраў... Адпаведна, ніякага колькі-небудзь значнага наплыву ўкраінскіх уцекачоў у Беларусь няма. Гэта ня сотні і нават не дзясяткі тысяч людзей — ніякага параўнаньня з тым патокам, які рушыў з Данбасу ў бок Расеі.
✉ ✉ ✉Пра ўплыў украінскіх падзеяў на палітычныя працэсы ў Беларусі разважае ў сваім новым лісьце на Свабоду наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў. Ён піша:
«Прызнаюся, асабіста я без усялякіх двукосьсяў, шчыра і сардэчна радаваўся б, калі б Макей ды Мясьніковіч выезьдзілі ў выніку сваіх ваяжаў па Варшавах ды Нью-Ёрках нешта сярэднеарытмэтычнае ў выглядзе Польшчы — Баўгарыі — Літвы — Фінляндыі. І каб „бацька“ Лукашэнка туды падаўся... Але ж, на жаль... Справа цяпер зусім не ў Лукашэнку, не ў ягоных чыноўніках і не ў апазыцыі. Справа — у самім насельніцтве Беларусі!
Пуцін напалохаў Лукашэнку і Назарбаева. Напалохаў, магчыма, і ўсіх казахаў. Але ці напалохаў ён беларускае насельніцтва?
Сёй-той з нашых нацыянал-дэмакратаў ужо загаварыў у тым сэнсе, што, маўляў, восеньню 2015 году трэба не бунтаваць, а дапамагаць „бацьку-Лукашэнку“ дзяржаву мацаваць...
Вядома, тэарэтычна зусім магчыма, што Лукашэнка аднаго разу скажа нешта накшталт: „Калі гэтыя з Усходу да нас сунуцца — дык мы ім тут так зададзім...“ Але як на гэта адкажа большасьць? Я ня ўпэўнены, што патрыятычным уздымам. Наадварот, могуць сказаць: „А чаму гэта мы павінны адкрываць агонь па радзіме Алы Пугачовай, Максіма Галкіна і Яўгена Петрасяна, якія ў нас ніколі не сыходзяць з тэлеэкранаў?“
Паводле апытаньняў, узяць зброю ў такім выпадку нібыта гатовыя 14 працэнтаў беларусаў. Але гэта зусім ня тыя 14 працэнтаў, якія на Ўкраіне жывуць у заходніх абласьцях — у Галіцыі і на Валыні. На мой погляд, нам гэта варта добра ўсьведамляць. КХП-БНФ ды пазьнякоў-беленькіх у Беларусі — самы мізэр».
Сапраўды, спадар Алесь, гэта — сур’ёзная праблема. 20 год — немалы тэрмін. За гэты час можна было выгадаваць цэлае пакаленьне нацыянальна сьвядомых грамадзянаў, якія б адчувалі сваю адказнасьць за лёс дзяржавы, якія б ганарыліся гісторыяй, мовай, культурай уласнай краіны. Але на працягу гэтых двух дзесяцігодзьдзяў беларуская ўлада ажыцьцяўляла зусім іншую адукацыйную і моўную палітыку... Беларуская моладзь расла і выхоўвалася не на лепшых узорах нацыянальнай культуры, а на ўсё той жа расейскай «папсе» — на пугачовых-галкіных, кіркоравых-газманавых... Мова ўвесь гэты час выціскалася і са школ, і ўвогуле з грамадзкага ўжытку. А калі няма мовы, калі русыфікацыя перамагла канчаткова — то навошта вам, беларусы, асобная дзяржава? Тое, што аднаго разу нешта падобнае ён можа пачуць ад Пуціна, усьвядоміў, выглядае, і Лукашэнка, паназіраўшы за падзеямі ў Крыме і на Данбасе. Невыпадкова апошнім часам ён усё часьцей выказваецца на гэты конт, робячы асьцярожныя рэвэрансы ў бок мовы.
✉ ✉ ✉Новы ліст ад самадзейнага народнага паэта Аляксея Літвінчыка зь вёскі Дзешкавічы Зэльвенскага раёну. Гэтым разам наш даўні слухач і апанэнт таксама акцэнтуе ўвагу на падзеях ва Ўкраіне. Ён піша:
«Разгарнуў надоечы кнігу любімага свайго аўтара Франсуа Рабле. Вайна Каўбасаў з Сасіскамі — чым гэта не цяперашнія падзеі ва Ўкраіне? Ну сапраўды: расейскі гуманітарны канвой — абоз з гарчыцай, замірэньне — Вялікі Пост. А калі прыйдзе Масьленіца (Расея) — настане канец усёй бойцы: зьядуць і Каўбасы, і Сасіскі. Вялікім чалавекам быў той Франсуа Рабле — клясык, адным словам.
Як на маю думку, дык ёсьць народы, якія ня могуць мець сваёй дзяржаўнасьці. Ну, ніколі яе ў іх не было і ня будзе. Украіна не адбылася як дзяржава. Пра Беларусь у гэтым сэнсе гаварыць што-небудзь пэўнае яшчэ рана: час пакажа».
Далей у лісьце на Свабоду Аляксей Літвінчык цытуе свае новыя сатырычныя прыпеўкі — як звычайна, адкрыта-цынічнага і малапрыстойнага зьместу, з прычыны чаго зачытаю толькі некаторыя зь іх:
Над Крамлём лятае лапаць
І ракета «Булава»:
Зноў нямытая Расея
Ўсяму сьвету галава.
У расейскім магазыне —
Хрэн маржовы у вітрыне.
Патлумачылі у краме:
Гэта наш адказ Абаме.
Б’юць фашыстаў на Данбасе
Беларускія хлапцы.
І няхай яны чачэны —
Усё роўна малайцы».
Даволі складана, спадар Аляксей, глядзець на братазабойчую вайну ва Ўкраіне як на сюжэт сатырычнага твора сярэднявечнага сатырыка. Не выпадае рагатаць і насьміхацца, калі ў блізкага суседа і брата — за бядой бяда, за пахаваньнем пахаваньне. Хоць абсурду і недарэчнасьцяў ва ўсёй гэтай гісторыі, сапраўды, багата.
Для імпэрскай сьвядомасьці, якая трызьніць катэгорыямі 19-га стагодзьдзя, увогуле цяжка ўспрымаць новыя геапалітычныя рэаліі
Што да вашага сьцьвярджэньня пра тое, што Ўкраіна нібыта не адбылася як дзяржава і што яна ўвогуле ня можа быць дзяржавай, бо ніколі ня мела дзяржаўнасьці... Гэты тэзіс цяпер актыўна распаўсюджваецца расейскай прапагандай — зразумела ў якіх палітычных мэтах. Для імпэрскай сьвядомасьці, якая трызьніць катэгорыямі 19-га стагодзьдзя, увогуле цяжка ўспрымаць новыя геапалітычныя рэаліі. Для яе і Фінляндыя — гэта расейская правінцыя, і Польшча — геаграфічнае непаразуменьне...
Заўважце: яшчэ нават сто год таму многія эўрапейскія народы ня мелі сваіх дзяржаў. Напрыклад, не было на палітычнай мапе Ірляндыі, Славакіі, Славеніі, Харватыі, Чэхіі — усе яны былі часткамі вялікіх эўрапейскіх імпэрыяў. А сёньня гэта цалкам пасьпяховыя незалежныя краіны.
Яшчэ больш блізкі і зразумелы беларусам прыклад — краіны Балтыі (Літва, Латвія і Эстонія). Амаль усе яны былі ў складзе Расейскай імпэрыі гэтак жа доўга, як Украіна і Беларусь (а некаторыя нават і даўжэй). Але як толькі ў выніку Першай сусьветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі ў Расеі зьявіўся шанец на незалежнасьць — адразу скарысталі яго. Той кароткі 20-гадовы пэрыяд незалежнага існаваньня паміж дзьвюма вялікімі войнамі меў выключна важнае значэньне для трох гэтых народаў і потым, напрыканцы стагодзьдзя. У многім дзякуючы яму яны здолелі хутчэй за іншых вырвацца з удушлівых абдымкаў савецкай імпэрыі і ў сьціслыя тэрміны адгарадзіцца ад новай расейскай пагрозы з дапамогай сяброўства ў Эўразьвязе і НАТО.
✉ ✉ ✉Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.