Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам супраць акцый салідарнасьці з Украінай

абноўлена

Арцём Лява: Заваліць Менгарвыканкам заявамі на пікеты салідарнасьці з Украінай
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:26 0:00
Наўпроставы лінк

Актывісты кампаніі «За свабоду» ініцыявалі акцыю «Карусэль пікетаў» на знак салідарнасьці з Украінай. Аднак Менгарвыканкам у асобе намесьніка старшыні Ігара Карпенкі забараняе іх правядзеньне.

Ініцыятар акцыі, актывісты Руху «За свабоду» Арцём Лява адказаў на пытаньні Радыё Свабода.

— Як мае выглядаць „Карусель пікетаў“, хто яе ўдзельнікі і зь якой мэтай яна праводзіцца?

— Кампанію „Карусэль пікетаў“ распачалі я і Алесь Марчанка. Мы вырашылі ініцыяваць падачу заяваў на правядзеньне штодзённых адзіночных пікетаў побач з амбасадай Расейскай Фэдэрацыі, каб да нас маглі далучацца розныя палітычныя і грамадзкія дзеячы і актывісты. Мы ўсьведамлялі, што шансаў на станоўчыя адказы ня будзе. Але калі сыстэматычна ў Менгарвыканкам будуць прыходзіць лісты з заявамі на пікет, то гэта змусіць чыноўнікаў падумаць, што ёсьць пазыцыя людзей, якія салідарныя з Украінай, гатовыя выказваць ёй падтрымку і выступаюць супраць агрэсіі.

— Якую рэакцыю гарадзкіх уладаў і грамадзян на вашу ініцыятыву вы атрымалі?

— Напачатку нам з Алесем далі адказ, што наша заява не адпавядае артыкулам № 5 і 10 Закону аб масавых мерапрыемствах, а пасьля чыноўнікі папросту пачалі фантазіраваць. Да прыкладу, адна з актывістак, Тацяна Грачанікава, атрымала адказ, у якім паведамляецца, што гэты пікет будзе замінаць руху мінакоў, што будзе перашкаджаць кіроўцам выконваць правілы дарожнага руху, што ня будзе спрыяць захаваньню добраўпарадкаванасьці. Гэта абсалютна адвольныя і беспадстаўныя прычыны. Да таго ж чыноўнік Ігар Карпенка кажа, што мы не пазначылі пэўныя меры па захаваньні грамадзкага парадку. Гэта пры тым, што ў пастанове Савету міністраў № 207 ад 5 красавіка 2012 году напісана, што гэта якраз абавязак мясцовых уладаў — дамаўляцца зь міліцыяй пра забесьпячэньне грамадзкага парадку. У гэтай сувязі паўстае пытаньне кампэтэнтнасьці Ігара Карпенкі і ягонай адпаведнасьці пасадзе, якую ён займае. І агулам — наколькі карэктна, што чалавек з такой актыўнай палітычнай дзейнасьцю, як старшыня камуністычнай партыі, якім зьяўляецца Ігар Карпенка, вырашае пытаньні дазволу альбо забароны акцыяў для іншых палітычных структураў. Ці ня будзе гэта яму — перакананаму камуністу — замінаць на займанай пасадзе аб’ектыўна прымаць рашэньні ў такіх пытаньнях?

— Ці будзеце падаваць заявы надалей і на які вынік разьлічваеце?

— Заявы падаюцца, але, як мне паведаміў адзін з такіх заяўнікаў, ён нават не атрымаў адказу на свой зварот. Таму ён будзе абскарджваць у пракуратуры дзеяньні гарадзкіх чыноўнікаў, якія парушаюць Закон аб зваротах грамадзян.

— Як вы расцэньваеце стаўленьне чыноўнікаў Менгарвыканкаму да вашай ініцыятывы, якая скіраваная на салідарнасьць з Украінай?

— У нас па-ранейшаму косная, камандна-адміністрацыйная сыстэма. Чыноўнікі не адчуваюць вось гэтага трэнду, што кіраўнік краіны, у прынцыпе, выказваецца ў падтрымку Ўкраіны. А яны ўсё ж перастрахоўваюцца і дзейнічаюць па сваіх старых правілах — забараняць. Стараюцца лепш перастрахавацца, чым выявіць ініцыятыву. Што тычыцца рэакцыяў людзей, то вельмі многія разумеюць сытуацыю і падтрымліваюць, прынамсі, нашу акцыю і выказваюць салідарнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG