У Менску адбылося пашыранае паседжаньне Камітэту салідарнасьці з Украінай. Гэтая грамадзянская ініцыятыва дзейнічае ад лютага 2014 году, калі ва Ўкраіне распачалося крывавае змаганьне за эўрапейскія каштоўнасьці.
Адзін з актыўных удзельнікаў Камітэту — прыватны прадпрымальнік, юрыст-кансультант Юры Воўчак распавёў Свабодзе падрабязнасьці дзейнасьці Камітэту.
— У Камітэце я працую ад першага дня — пабачыў у інтэрнэце паведамленьне пра першае паседжаньне і вырашыў, што трэба прыйсьці і чымсьці дапамагчы. Гэта было ў лютым, а ў сакавіку я стварыў ў Фэйсбуку групу падтрымкі беларускага Камітэту салідарнасьці з Украінай. На сёньня там каля 3 тысяч 700 чалавек у розных рэгіёнах Беларусі, ёсьць з Расеі і Ўкраіны.
— Чаму гэтая тэма неабыякавая для вас, можа, вы маеце ўкраінскія карані?
— Не, я не маю украінскіх каранёў. Я беларус паводле ўсіх сваіх радаводных галінаў, наколькі я іх магу ведаць. Але я прыхільнік таго, што ў дакумэнтах ААН запісана, што кожная нацыя мае права на самавызначэньне. Калі ўкраінскі народ зьдзейсьніў Рэвалюцыю годнасьці, як я яе называю, і вырашыў жыць сваім розумам, то яны павінны мець гэты шанец, яны павінны гэта паспрабаваць. Бо гэткага шанцу некалькі стагодзьдзяў таму пазбавілі нас.
— Якая рэакцыя на дзейнасьць Камітэту, на салідарнасьць з Украінай, і ці ёсьць яна ў Беларусі?
— Я скажу, што ў часткі нашых грамадзян, якія думаюць, гэта безумоўна знаходзіць станоўчы водгук. Але паколькі ў нас абмежаваны рэсурс і нашая інфармацыйная пляцоўка, па вялікаму рахунку, гэта Фэйсбук, а таксама мы зьяўляемся ў сеціве, дзякуючы працы мэдыяў, гэтага вельмі мала. Бо мы знаходзімся пад магутным інфармацыйным прэсам і нашых беларускіх, і расейскіх тэлеканалаў. У выніку, аналізуючы размовы з многімі людзьмі тут, робіш выснову наколькі людзі замбаваныя і ня ў стане аналізаваць, што насамрэч адбываецца. Плюс яшчэ — людзі адарваныя ад нашых каранёў, ад нашай гісторыі. Яны ня ў стане знайсьці паралелі, каб зразумець, што гэта — чарговы віток эскаляцыі, акупацыі, русыфікацыі — чарговага праяўленьня імпэрскасьці з боку Расеі. Гэта значыць, што людзі не зьвязваюць гэтыя падзеі з кантэкстам нашай гісторыі ў мінулым. А гэта так празрыста ўсё, што бачныя нават адказы, практычна. Таму тыя людзі, якія думаюць, якія найбольш адукаваныя — яны бачаць усё і разумеюць.
— Ці ведаюць пра ваш камітэт ва Ўкраіне і які там мае водгук ваша дзейнасьць?
— Ва Ўкраіне ведаюць пра наш Камітэт: ведае і прэзыдэнт Парашэнка, мэр Кіева Клічко таксама. Частка сябраў нашага Камітэту 25 траўня езьдзілі міжнароднымі назіральнікамі на выбары прэзыдэнта Ўкраіны. Мелі шмат кантактаў з сябрамі аб’яднанага штабу прэзыдэнта Парашэнкі. І цяпер многія з гэтых людзей займаюць высокія пасады ў адміністрацыі прэзыдэнта і мэрыі Кіева. Мы маем кантакт, які, магчыма, не пашыраецца так, як бы таго хацелася. Але мы ня тая сіла, якую яны маглі б пашыраць і ўкладваць у гэта час і сілы. Але ў нас ёсьць шанец, каб запытваць, чым можам быць карыснымі. Плюс да таго ў нас ёсьць камунікацыі з грамадзкімі арганізацыямі і яны таксама дапамагаюць нам каардынаваць дзейнасьць у патрэбным накірунку.
— Што ўжо ўдалося зрабіць ці дасягнуць у рамках дзейнасьці Камітэту?
— Перадусім мы заявілі, што мы ёсьць. Што ня гледзячы на агрэсыўную інфармацыйную палітыку і мэдыяпрастору, ёсьць беларусы, якія разумеюць, што адбываецца. Мы зьвярталіся да ўладаў і Расеі, і Беларусі, у прыватнасьці супраць удзелу ў парадзе да дня вызваленьня Беларусі расейскіх вайскоўцаў. Сябры Камітэту зьвярталіся і ў пракуратуру, і ў Мінабароны, і ў адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі і Расеі. Але ў нас вельмі абмежаваны рэсурс, а таму што ўсё гэта адбываецца — паводле ініцыятывы людзей і ўсё на ініцыятыве людзей трымаецца. Гэта ні рух, ні грамадзкая арганізацыя, а ініцыятыва грамадзян, адказных за сябе і сваю краіну.
— Як вы ацэньваеце тыя падзеі, якія цяпер адбываюцца ва Ўкраіне?
— Камітэт вітае тое перамір’е, якое заяўлена, хоць і зразумела, што гэта — зацішша перад бурай яшчэ большай. Не дзеля таго Расея распачынала акупацыю Крыма і Данбаса, каб зараз прымаць нейкія
Пуцін жадае зьяднаць гэты пас Паўдзённа-ўсходніх абласьцей Украіны з Прыднястроўем. Гэткім чынам адрэзаць Украіну ад мора і атрымаць поўны кантроль над Чорным морам
мірныя пагадненьні і надаваць гэтым абласьцям пэўны статус — ДНР, ЛНР і гэтак далей. Я думаю, што амбіцыі расейскай улады, у прыватнасьці, прэзыдэнта Пуціна, нашмат шырэйшыя. І ён жадае зьяднаць гэты пас Паўдзённа-ўсходніх абласьцей Украіны з Прыднястроўем. Гэткім чынам адрэзаць Украіну ад мора і атрымаць поўны кантроль над Чорным морам. І гэткім чынам не дазволіць Украіне здабываць тыя запасы газу, якія знойдзеныя ў вялікіх колькасьцях. Каб Украіна не магла весьці самастойную, альтэрнатыўную Маскве геапалітычную дзейнасьць ва Усходняй Эўропе.
— Як Камітэт салідарнасьці з Украінай ацэньвае пазыцыю ўладаў Беларусі і кіраўніка краіны ў прыватнасьці адносна падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне?
— Гэта рэдкі выпадак, калі пазыцыя Камітэту, які ёсьць грамадзкай ініцыятывай, і афіцыйных уладаў Беларусі ў пэўнай ступені супадаюць. Іншая рэч, што матывацыі, паводле якіх нашыя пазыцыі супадаюць — яны розныя. Мы ясна разумеем, што стаім у чарзе на анэксію. А афіцыйная ўлада, пэўна, сама не спадзявалася, што Расея будзе паводзіцца гэткім чынам і разумее, што тут можа адбыцца тое ж, хоць і не ў такой жорсткай, а больш мяккай форме далучэньня тэрыторыі. Нават Лукашэнка пачаў размаўляць па-беларуску, каб абазначыць, што мы ўсё ж — іншая краіна. Але ў афіцыйных уладаў агромісты рэсурс.
Лукашэнка даў распараджэньне прымаць грамадзян Украіны і даваць ім працу і жытло. Пэўна, ён шчыры ў сваім гэтым распараджэньні, да таго ж нашай краіне не хапае працоўнай сілы. Тэрыторыя ў нас дастаткова вялікая і 9,5 мільёнаў жыхароў — ня надта шмат, каб яе абслугоўваць. Таму цалкам — і палітычна, і з гледжаньня піяра — гэта добры ход афіцыйных уладаў. Мы таксама яго ў гэтай частцы падтрымліваем — іншая рэч, што мы ня ведаем, што гэта за людзі прыяжджаюць. Найхутчэй — прыяжджаюць тыя, якія не патрэбныя ў сваёй краіне. Калі яны зьяжджаюць з Данбаса, то ня могуць ехаць у іншыя рэгіёны, бо іх пазыцыю там не зразумеюць і яны будуць там адпрэчаныя. Магчыма, што яны прыяжджаюць таму, каб пазьбегнуць адказнасьці, і гэта — патэнцыйны электарат Лукашэнкі тут. .