Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геапалітычны крэдыт


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Урад Расеі прыняў рашэньне выдзеліць Беларусі ў 2014 годзе дзяржаўны крэдыт у суме 1 млрд 550 млн даляраў ЗША. Нагадаю, што яшчэ 450 млн даляраў РФ выдзеліла ў ліпені. У суме атрымліваецца 2 млрд, як і абяцаў Пуцін напрыканцы мінулага году. Праўда, усе гэтыя грошы вернуцца ў Расею — дзяржаўнаму банку ВТБ, у якога Менск летам «перахапіў» пазыку на тыя ж 2 млрд даляраў.

Здавалася б, падзея не патрабуе асаблівага камэнтару, бо ўсё адбываецца паводле дамоўленасьцяў паміж Лукашэнкам і Пуціным. Але хацеў бы зьвярнуць увагу на шэраг акалічнасьцяў.

Найперш, у сьнежні мінулага году, калі было абвешчана пра выдзяленьне гэтага крэдыту, высокія прадстаўнікі расейскага Міністэрства фінансаў сьцьвярджалі, што зь бюджэту будзе выдадзена толькі 450 млн, а ўсё астатняе — «зь іншых крыніц».

Было шмат размоваў пра тое, што насамрэч урадавага крэдыту Расеі ня будзе. Напрыклад, газэта «Белорусы и рынок» (08.09.2014 г., № 35) выказала меркаваньне, што «тэму выдзяленьня так званага двухмільярднага расейскага крэдыту бягучым годам можна лічыць закрытай».

Сумненьні ў верагоднасьці таго, што Крэмль дасьць пазыку, тлумачылі рознымі прычынамі. Казалі, што Маскве выгадна трымаць Менск на кручку, карміць абяцанкамі, выдзяляць грошы дробнымі партыямі, каб віць з Лукашэнкі вяроўкі, прымусіць яго прадаць за бесцань пяць прадпрыемстваў у рамках «інтэграцыйных праектаў». Узгадвалі нэўтральную пазыцыю Беларусі па ўкраінскім пытаньні, спробы Менску размарозіць адносіны з Захадам, за што, маўляў, Расея абавязкова павінна адпомсьціць. Адзначалі цяжкую эканамічную сытуацыю ў Расеі з прычыны вялікіх выдаткаў на вайну з Украінай, заходніх эканамічных санкцыяў. Цяпер расейскі ўрад уключыў рэжым эканоміі, скарачаецца субсыдыяваньне мясцовых бюджэтаў. Увогуле, зрабілася даволі распаўсюджанай думка, што «зьмяншэньне эканамічнай дапамогі Беларусі з боку Расеі будзе ў любым выпадку, бо стан эканомікі Расеі пагаршаецца».

Тым ня менш рашэньне даць двухмільярдны расейскі крэдыт прынятае, прычым усе грошы выдзяляюцца менавіта зь бюджэту Расеі, а ня «зь іншых крыніц», як папярэджваў Мінфін РФ. Розьніца ёсьць: урадавы крэдыт таньнейшы.

Што з усяго гэтага вынікае? Найперш — тое, што, нягледзячы на ўсе катаклізмы і забурэньні, якія бушуюць апошнія месяцы, ніякіх асаблівых зьменаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях бліжэйшым часам чакаць ня варта. Будзе ўсё як заўсёды: запэўніваньні ў брацкай інтэграцыі і сваркі, узаемныя папрокі, шантаж і расейскія датацыі.

Будзе ўсё як заўсёды: запэўніваньні ў брацкай інтэграцыі і сваркі, узаемныя папрокі, шантаж і расейскія датацыі

Найбольшы ўплыў на стан беларускай эканомікі можа зрабіць той працэс, які ў Расеі атрымаў назву «падатковы манэўр». Расейскі ўрад плянуе цягам пяці гадоў зьменшыць памер нафтавага мыта і адначасова павялічыць падатак на здабычу нафты. У выніку актуальнае цяпер у двухбаковых адносінах пытаньне пра выплату мыта за экспарт нафтапрадуктаў зь Беларусі ў расейскі бюджэт зьнікне. Затое цана нафты для Беларусі значна падвысіцца. Што можа ліквідаваць статус Беларусі як расейскага нафтавага афшору — з усімі наступствамі, якія вынікаюць адгэтуль для беларускай эканомікі. Нагадаю, экспарт нафтапрадуктаў дае каля трэці даходаў ад экспарту.

Увогуле, я б ня стаў зьвязваць аб’ём датацыяў Беларусі з боку Расеі са станам расейскай эканомікі. Досьвед беларуска-расейскіх дачыненьняў сьведчыць пра тое, што непасрэднай сувязі тут няма. У 1990-я гады, у часы Ельцына, эканамічная сытуацыя ў Расеі была жахлівая, заробкі і пэнсіі расейскім грамадзянам затрымліваліся месяцамі. Але, тым ня менш, Беларусь купляла газ і нафту на льготных умовах, былі і іншыя формы субсыдыяў.

І наадварот, сярэдзіна 2000-х была найбольш спрыяльным у эканамічным сэнсе пэрыядам для Расеі. У гэтыя тлустыя гады ўсясьветныя цэны на нафту і газ былі высокія, нафтадаляры цяклі поўнай плыньню ў расейскі бюджэт. І якраз у гэты час Масква абвясьціла, што больш ня будзе субсыдыяваць Беларусь, бакі пераходзяць на рынкавыя адносіны. У выніку на мяжы 2006–2007 гадоў здарылася нафтагазавая вайна, Менск пачаў шукаць магчымасьці дыялёгу з Захадам, Лукашэнка загаварыў пра рэформы і інш.

То бок аб’ём датацыяў Беларусі з боку Расеі залежыць ня столькі ад стану расейскай эканомікі, колькі ад палітычных рашэньняў у Крамлі. А палітыка там, як паказваюць апошнія падзеі, вызначаецца найперш з геапалітычнага гледзішча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG