Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейска-ўкраінская вайна і цэрквы Беларусі


Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што ў 2012 годзе ў Беларусі былі афіцыйна зарэгістраваныя 3 тысячы 210 рэлігійных аб’яднаньняў. Як беларускія рэлігійныя суполкі ставяцца да расейска-ўкраінскай вайны?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, самая шматлікая паводле колькасьці вернікаў у Беларусі — праваслаўная царква. Палова ўсіх зарэгістраваных прыходаў у краіне — праваслаўныя. Пазыцыю царквы адносна расейска-ўкраінскага збройнага канфлікту паведаміў прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сяргей Лепін:

«У сьвятароў можа быць сваё асабістае стаўленьне да канфлікту. Яно рознае, як і ў цэлым у нашым грамадзтве. Але кожны сьвятар павінен разумець, што ў цяперашніх умовах было б недарэчным публічна яго выказваць, а тым больш злоўжываць магчымасьцямі прапаведніка. Вайна на тэрыторыі братняга, любімага намі народа — гэта, канечне, боль нашых сэрцаў, і таму Беларуская праваслаўная царква далучылася да патрыяршай ініцыятывы аб малітве за мір ва Ўкраіне яшчэ ў лютым. З дабраслаўленьня патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ва ўсе прыходы быў накіраваны зварот з заклікам аб малітве за памерлых, вылячэньні параненых, аб спыненьні разьлютаваных сэрцаў, аб спыненьні разладу і смуты ва Ўкраіне. Пра тое, каб Гасподзь паслаў нам дух любові, міру, прабачэньня і браталюбнасьці ў Хрысьце. Са словамі, якія заклікаюць да малітвы, да міру, неаднаразова зьвяртаўся да беларускіх вернікаў і Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Павал».

Менскі катэдральны касьцёл
Менскі катэдральны касьцёл

Сярод першых па шматлікасьці вернікаў у Беларусі называюць таксама каталіцкі касьцёл. Ваенны канфлікт ва Ўкраіне тут таксама не застаецца па-за ўвагай герархаў і вернікаў. Гаворыць прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў ксёндз Юры Санько:

«Калі людзі мусяць перажываць войны і канфлікты, то гэтая тэма хвалюе ня толькі каталіцкі касьцёл, але і кожнага чалавека. Касьцёл не застаецца ўбаку і ад гэтай сытуацыі. Ведаем, што Сьвяты Айцец у сваім звароце заклікаў маліцца аб супакоі ў Іраку, дзе гаварылася таксама, каб мы маліліся і за нашую братнюю Ўкраіну, за нашых суседзяў. Каб там як найхутчэй усталяваўся мір. Гэтак ва ўсіх парафіях цяпер праводзяцца набажэнствы і малітвы, падчас якіх сьвятары заклікаюць вернікаў, каб яны маліліся аб супакоі ў нашых братоў-украінцаў».

Падчас службы ў царкве «Новае жыцьцё»
Падчас службы ў царкве «Новае жыцьцё»

Як паведаміў адзін зь лідэраў пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, вернікі-пратэстанты гатовыя падтрымліваць ахвяраў канфлікту ня толькі малітвай, але і дзеяньнямі:

«У нашу царкву зьвярнулася жанчына зь дзіцем з Марыюпаля па дапамогу. І мы прапанавалі нашым вернікам падумаць, каб знайсьці магчымасьць бескарысьлівай дапамогі — даць магчымасьць пажыць у сябе некаторы час гэтым людзям, якія ўцякаюць ад вайны. Вядома ж, мы разумеем, што ад выніку таго, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, будзе залежаць і лёс нашай краіны, таму трымаем гэтую сытуацыю ў нашых малітвах».

Рабін юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Рыгор Абрамовіч кажа, што габрэйская рэлігійная супольнасьць таксама выказала сваё стаўленьне да ўкраінскіх падзей праз свае пэўныя дзеяньні:

«Кожную пятніцу ў нас у сынагозе ёсьць малітва за мір ва Ўкраіне. А таксама ў нас быў лекторый для дзяцей — прыяжджалі рабіны з Расеі, Украіны, былі зь Беларусі, і яны займаліся зь дзецьмі. Гэта ёсьць два нашыя дзеяньні ў бок канфлікту, бо мы больш спадзяёмся на мір, чым канцэнтруемся на канфлікце».

Пастар з Саюза Хрысьціян Веры Эвангельскай (пяцідзясятнікаў), адказны за служэньня сярод цыган Беларусі Юры Юзерчук кажа, што цыганскія вернікі моляцца ня толькі за мір ва Ўкраіне, але таксама і за будучыню Беларусі, якая залежыць ад украінскіх падзеяў:

Мы ўзмоцнена цяпер молімся, каб Беларусь захоўвала і шанавала той мір, які мы цяпер маем

«Мы абавязкова молімся, бо нам не абыякавы ўкраінскі народ. Мы жывем побач, і мы не павінны стаяць убаку ад тых падзеяў, якія адбываюцца ва Ўкраіне. Проста павінны маліцца, каб там не было бязьвіннага кровапраліцьця — вось толькі сёньня раніцай маліліся. Мы разумеем, што царква — яна па-за палітыкай, але яна спрыяе ўмацаваньню міру ў кожнай краіне, у тым ліку ў Беларусі. Мы разумеем, што ва Ўкраіне так не было, але сталася тое, што цяпер ёсьць. Таму мы ўзмоцнена цяпер молімся, каб Беларусь захоўвала і шанавала той мір, які мы цяпер маем».

Муфцій татарскага рэлігійнага аб’яднаньня Абу-Бакір Шабановіч пра стаўленьне сваёй рэлігійнай супольнасьці да падзеяў ва Ўкраіне кажа гэтак:

«Шайтаны ваююць, а мы павінны маліцца. Мы за памерлых молімся, за мір молімся і не падтрымліваем вайны ні зь якага боку — брат брата забівае. То на ўвесь сьвет крычаць пра ісьлямскі тэрарызм, а як гэты тэрарызм назваць можна? Вось усё, што я магу сказаць».

Сьвятар аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Беларусі айцец Леанід Акаловіч пра пазыцыю аўтакефальнай царквы адносна расейска-ўкраінскай вайны паведаміў наступнае:

«Наша беларуская аўтакефальная праваслаўная царква ад пачатку канфлікту на Майдане моліцца за мір на Ўкраіне і за вызваленьне Ўкраіны ад маскоўскай агрэсіі. Бо мы лічым гэта сапраўднай агрэсіяй, і агрэсіяй ня толькі вайсковай, але і царкоўнай. Расейская праваслаўная царква — імпэрская царква, яна акупацыйная. Яна акупавала і гэтыя нашы тэрыторыі — Беларусі і Ўкраіны. Таму мы ў сваіх малітвах — вось і ўчора маліліся таксама — як і штодня, калі ў нас ідуць службы, мы молімся за ўкраінскі народ, за Украіну-Русь і за сваю краіну Беларусь-Літву, каб у нас не было такіх войнаў. Каб не было войнаў маскоўскага тыпу, якія яны былі 500 гадоў таму. І мы вось прыгадвалі ўчора, што Аршанская бітва 500-гадовай даўніны ўратавала нашы землі Беларусі ад гэтай маскоўскай навалы. І гэта натхняе беларусаў жыць і абараняць сваю Бацькаўшчыну».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG