«Оборона Донбасса. Игорь Стрелков. Ужас бандеровской хунты», «Украина. Хаос и революция — оружие доллара», «Разруха в головах. Информационная война против России» — як вынікае з камэнтара айца Георгія Латушкі Радыё Свабода, гэтыя ды іншыя выданьні зьявіліся на паліцах кнігарні менскага Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабору зь ведама кіраўніцтва прыхода.
Фатаздымак зь літаратурай неадназначнага зьместу разьмясьціла ў сваім Фэйсбуку прыхаджанка сабору Натальля Васілевіч. Здымак імгненна разышоўся па сеціве, яго перадрукавалі шмат якія інтэрнэт-рэсурсы.
Радыё Свабода патэлефанавала протаярэю Георгію Латушку зь Сьвята-Петра-Паўлаўскага сабору, каб атрымаць тлумачэньні, чаму іхная кнігарня прадае такія кнігі.
Айцец Латушка, відавочна, быў у курсе праблемы, бо, не дачакаўшыся пытаньня, а толькі пачуўшы імя карэспандэнта і назву СМІ, адразу даў кароткі камэнтар. Прыводзім яго даслоўна ў перакладзе на беларускую мову:
«Адразу вам адказваю: чытайце і думайце наконт гэтых кніг, адмыслова, каб людзі тут чыталі і думалі. Па-першае. І па-другое, каб зь Беларусі не рабілі труса для амэрыканскага ўдава. Усё. Сувязь скончаная. Усяго добрага».
Каб дасягнуць заяўленай мэты, сабор прапануе ўсім ахвотным біяграфію Ігара Стралкова-Гіркіна. Служба бясьпекі Ўкраіны абвясьціла Гіркіна ў вышук па абвінавачаньні ў тэрарызьме. 17 ліпеня Ігар Стралкоў паведаміў, што ў раёне Тарэза баевікі зьбілі самалёт «АН-26». У той жа час быў зьбіты самалёт «Боінг-777» Малайзійскіх авіялініяў. Загінулі 298 чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што самалёт зьбілі баевікі-сэпаратысты ракетаю, выпушчанаю з ЗРК «Бук».
Кніга Мікалая Старыкава «Украина. Хаос и революция — оружие доллара», надрукаваная выдавецтвам «Питер», выкрывае, як відаць з анатацыі, ролю спэцслужбаў ЗША ў «краху ўкраінскай дзяржавы, які пасьледаваў за дзяржаўным пераваротам... у Кіеве ў лютым 2014 году».
На сваім сайце аўтар піша пра выключную ролю Расеі ў супрацьстаяньні з амэрыканскай дзяржавай: «Мы павінны быць дужымі, каб хаос адышоў за межы Русского мира. Каб ЗША пакінулі Ўкраіну ў спакоі, каб на вуліцах нашых гарадоў не лілася болей кроў. Таму што мы адзін народ. І таму, што Расея пакліканая берагчы балянс справядлівасьці ў сьвеце».
Цікавым чынам шмат якія кнігі, выяўленыя на фатаздымку, карыстаюцца даверам і сымпатыяй менавіта Мікалая Старыкава. Адмысловы разьдзел на ягоным сайце ўсебакова асьвятляе кніжныя інтарэсы расейскага аўтара, якія перагукаюцца з падборам кніг на паліцах кнігарні менскага Петрапаўлаўскага сабору.
Рэсурс «Царква» у сваім камэнтары зьвяртае ўвагу на цалкам фармальны бок распаўсюду гэтых выданьняў:
«Паўстае руціннае пытаньне пра выкананьне пастановы Сьвятога Сыноду РПЦ (журнал 114), якая дзейнічае з 2011 г., пра тое, што „ўся літаратура, якая распаўсюджваецца праз сыстэму царкоўнага кнігагандлю, павінна мець адпаведны грыф“ ці Выдавецкай Рады РПЦ, ці (у межах Экзархату) Выдавецкай Рады БПЦ, сябрамі якога, дарэчы, лічацца і некаторыя супрацоўнікі і актыўныя прыхаджане таго самага Петрапаўлаўскага сабору. Вядома, ніякіх грыфаў на прадстаўленай скандальнай прадукцыі няма. Як і на шмат якой іншай. Наўрад ці, напрыклад, дабіваўся грыфа Выдавецкай Рады РПЦ Рон Пол, чыя кніга „Покончить с ФРС“ прадстаўленая тут жа паліцай ніжэй».
«Царква — ня месца для распаўсюду палітычных ідэяў, — лічыць аўтарка „скандальнага“ здымка блогерка Натальля Васілевіч. — Любыя палітычныя ідэі — контравэрсійныя, яны дзеляць людзей. Мне асабіста прыкра, што такія экстрэмісцкія ідэі там прысутнічаюць. Але там ня месца і для распаўсюду асабіста мне вельмі блізкіх ідэяў пра беларускую дзяржаўнасьць, пра бел-чырвона-белы сьцяг».
Улічваючы выяўлены нядаўна факт, што сайт Магілёўскай эпархіі перадрукоўваў навіны ад лідэраў ДНР, мы цікавімся ў Натальлі, ці сапраўды ў царкве шырока падтрымліваюць ідэю «Русского мира». Натальля асабіста адмаўляецца гэта ацэньваць.
«Ведаеце, калі ў гэтую кнігарню зойдзе чалавек „русацэнтрычны“, то там ёсьць, напрыклад, вялікая палічка беларускай літаратуры, — тлумачыць Натальля. — Ён зробіць здымак, выкладзе ў Фэйсбук з камэнтаром: „Глядзіце, у саборы пашыраецца беларускі нацыяналізм. Трэба ратаваць царкву ад засільля беларускамоўных, якія акапаліся ў саборы“.
Ёсьць тыя, хто цалкам падтрымлівае палітыку Расеі. Але ёсьць і тыя, хто мае цалкам іншую думку пра ўкраінскі канфлікт. Гэта цяжка ацаніць у той „інфармацыйнай кашы“ і пры такім засільлі расейскага тэлебачаньня
Зойдзе чалавек кансэрватыўных праваслаўных поглядаў. Пабачыць творы айца Сергія Булгакава, Бярдзяева, такіх „праваслаўных лібэралаў“ — і пад сваім фота напіша: „Паглядзіце, там акапаліся царкоўныя лібэралы, трэба іх душыць“.
Зайшла я, зрабіла фатаздымак — і ён атрымаў такую інтэрпрэтацыю, — кажа Васілевіч. — Таму сказаць, каго царква больш падтрымлівае, мне асабіста цяжка».
«Безумоўна, ёсьць тыя, хто цалкам падтрымлівае палітыку Расеі, — працягвае блёгерка. — Але ёсьць і тыя, хто мае цалкам іншую думку пра ўкраінскі канфлікт, — кажа яна. — Гэта цяжка ацаніць у той „інфармацыйнай кашы“ і пры такім засільлі расейскага тэлебачаньня. А сьвятары ж таксама глядзяць расейскае тэлебачаньне. Адкуль жа ім яшчэ браць навіны? Таму я думаю, што гэта (падобныя факты. — РС) невыпадкова. У гэтым ёсьць свая заканамернасьць. І пакуль з гэтым нічога немагчыма зрабіць».
Васілевіч вітае жаданьне царквы кантраляваць распаўсюд інфармацыі праз свае крыніцы. Прыходы, манастыры часта былі і застаюцца цэнтрамі распаўсюду экстрэмісцкай, антысэміцкай літаратуры, і царква змагаецца з гэтым сваімі спосабамі — напрыклад, патрабуючы адпаведных «грыфаў» на распаўсюд.
«Біяграфія Гіркіна — гэта яшчэ „адэкватны“ даволі тэкст. Бо было шмат больш жахлівай літаратуры. Багата літаратуры было накіравана супраць правячых япіскапаў. Напрыклад, у нашага мітрапаліта Філарэта была дрэнная рэпутацыя сярод так званых „экстрэмістаў“, і яны часта выпускалі кнігі пра „ересь экуменизма“, пра тое,што Філарэт „схаваны католік“ і так далей. І дзякуючы таму, што ў гэтых выданьняў было „бласлаўленьне“ ад нейкіх япіскапаў з Чукоткі ці Ўкраіны, то бок не зь Беларусі, яны гэтую літаратуру распаўсюджвалі на кананічнай тэрыторыі таго ж Філарэта. Гэта трэба было прывесьці да ладу».
Біяграфія Гіркіна — гэта яшчэ „адэкватны“ даволі тэкст. Бо было шмат больш жахлівай літаратуры. Багата літаратуры было накіравана супраць правячых япіскапаў. Напрыклад, у нашага мітрапаліта Філарэта была дрэнная рэпутацыя сярод так званых „экстрэмістаў“, і яны часта выпускалі кнігі пра „ересь экуменизма“, пра тое,што Філарэт „схаваны католік“
Натальля прыгадвае і скандальны выпадак з выдавецтвам «Православная инициатива» пад кіраўніцтвам Чартовіча.
«Ён выдаваў кнігі экстрэмісцкага характару, кшталту „Война по законам подлости“, пад грыфам праваслаўнай царквы. І гэтыя выданьні падалі ценем не на самога Чартовіча, а на ўсю царкву. І царква нават судзілася з Чартовічам, спрабуючы закрыць ягоную кнігарню».
«Трэба займацца выхаваньнем людзей, каб не было попыту на такую літаратуру, — мяркуе блогерка. — Бо кнігарні ўсё ж кіруюцца гэтым: што будуць купляць, тое і будзем прадаваць».
«Але тут прысутнічае і ідэйны аспэкт: «Мы прадаём кнігі, з ідэямі якіх мы згодныя», — заключае Васілевіч.