Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даўжэнка: Расейскіх «напалеончыкаў» трэба біць праз футбол


Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка

Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Масквы, якія будуць агучаныя да канца тыдня. Сярод іншага, разглядаецца прапанова прыпыніць сяброўства Расеі ў футбольных асацыяцыях — UEFA і FIFA. Пры такім раскладзе Расея ня зможа браць удзел у чэмпіянатах сьвету і Эўропы, у розыгрышах Лігі чэмпіёнаў і кантынэнту, а таксама пазбавіцца права прыняць першынства сьвету — 2018. Ці дазволіць высокае лобі пакараць Расею праз спорт? Нагадаем, што аналягічная ініцыятыва, каб забраць у Беларусі хакейны чэмпіянат сьвету з-за сыстэматычнага парушэньня правоў чалавека, ні да чога не прывяла.

У сувязі з расейскай агрэсіяй супраць Украіны Эўразьвяз зьбіраецца істотна пашырыць пералік санкцыяў у дачыненьні да афіцыйнай Масквы. Апроч эканамічных, фінансавых і візавых абмежаваньняў, гэтым разам прапануецца ўвесьці квоту на культурныя абмены, а таксама адлучыць Расею ад вялікага спорту.

У прыватнасьці, шэраг заходніх краінаў выказаліся за тое, каб прыпыніць сяброўства Расеі ў эўрапейскай і міжнароднай фэдэрацыях футболу. Расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін падкрэсьлена ўважліва ставіцца да спорту, і найбольш яскравым пацьверджаньнем таму — беспрэцэдэнтныя сродкі, укладзеныя ў сёлетнюю зімовую Алімпіяду ў Сочы. Сам Пуцін рэгулярна зьяўляецца перад камэрамі то на барцоўскім татамі, то на горных лыжах, а ад нядаўняга часу і на хакейнай пляцоўцы. Таму, як лічыць спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка, санкцыі былі б адчувальным ударам па ягоным самалюбстве:

«Мы бачым, што адбываецца: ужо ідзе чацьвёрты віток санкцыяў, і яны будуць усё больш жорсткія. Гэта цалкам справядліва, таму што, як мне падаецца, Пуцін творыць тое, чаго ўжо сам не разумее. Гэта ўсё адрыжка камуністычных часоў — гегемонія, камінтэрны ўсялякія, улада над усім сьветам і г.д. А значыць, напалеончыкаў, якія зарываюцца, трэба караць. Шкада, што пацерпіць ад гэтага народанасельніцтва Расеі, але якім яшчэ чынам можна паказаць, паставіць на сваё месца і пакараць? Футбольныя санкцыі ў гэтым сэнсе — надзвычай эфэктыўныя, гэта неад’емная частка жыцьця. Футбол — гэта ня толькі спорт, гэта культура. Адпаведна, трэба і тут біць, бо калі нічога не рабіць, то такім чынам будзе ісьці патураньне дзейнасьці такіх вось напалеончыкаў. Асабіста я лічу, што гэта справядліва».

Тым часам прэзыдэнт ФІФА Ёзэф Блатэр напярэдадні заявіў, што пытаньне аб пазбаўленьні Расеі права на правядзеньне футбольнага чэмпіянату сьвету не стаіць. Канфлікт з Украінай, на яго перакананьне, неўзабаве вырашыцца, а міжнародная фэдэрацыя на сёньня мае поўны давер да краін-гаспадыняў мундыяляў 2018 і 2022 гадоў: «Байкот ніколі не прыносіў нечага карыснага», — заявіў Блатэр, удакладніўшы, што, нягледзячы на цьвёрдую ўласную пазыцыю, чакае адпаведнага дакладу з боку камітэту па этыцы ФІФА.

Уладзімер Пуцін і Ёзэф Блатэр, чэрвень 2014
Уладзімер Пуцін і Ёзэф Блатэр, чэрвень 2014

Як паказвае досьвед нядаўняга хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску, які міжнародныя арганізацыі, амэрыканскія і эўрапейскія палітыкі патрабавалі перанесьці з аўтарытарнай Беларусі ў любую дэмакратычную краіну, супрацьстаяць высокім лабістам самаўпраўных рэжымаў ня так проста. Аднак, як лічыць Уладзімер Даўжэнка, калі хакеем заклапочаныя два дзясяткі краінаў, то футбол аб’ядноўвае дзьве сотні нацыянальных фэдэрацыяў, якія здольныя паставіць Расею на месца:

«Не атрымаліся санкцыі перад чэмпіянатам сьвету па хакеі ў Менску, — неяк прайшло, усё замялі. А ў дадзеным выпадку трэба караць. Хоць чалавечыя жыцьці, палітзьняволеныя — таксама вельмі важна, але тут зусім іншае пытаньне, тут ужо ідзе нахабства ва ўсясьветным маштабе. Значыць, трэба з усіх бакоў лупіць-лупіць па руках, і такім чынам, каб не заносіліся, ня лезьлі, куды ня трэба. Асабіста я толькі „за“, ініцыятыву падтрымліваю. Спадзяюся, што пытаньне ў гэтым сэнсе вырашыцца якраз станоўча, бо на хакейны чэмпіянат у Менску адпачатку неяк вяла рэагавалі, а адносна Расеі практычна ўсе краіны Эўразьвязу думаюць, як яе спыніць. А гэта 28 дзяржаваў, гэта моц.

А раптам пасьля мундыялю, які за нафтадаляры, вядома ж, можна правесьці на найвышэйшым узроўні, зноў нейкая дур зьявіцца — маўляў, мы самыя-самыя?

Дазволіць ім рабіць другую Алімпіяду, паказушную, — неабачліва. А раптам пасьля мундыялю, які за нафтадаляры, вядома ж, можна правесьці на найвышэйшым узроўні, зноў нейкая дур зьявіцца — маўляў, мы самыя-самыя? Раптам яшчэ нешта прыдумаюць, разумееце? Таму трэба такія рэчы спыняць».

Яшчэ раней праваабарончыя арганізацыі і заходнія палітыкі заклікалі ФІФА і асабіста Блатэра пазбавіць Расею права на правядзеньне чэмпіянату сьвету 2018 году ў сувязі з анэксіяй Крыму. Як і цяпер, футбольны чыноўнік заявіў, што цалкам давярае краінам, якія будуць прымаць два наступныя мундыялі, пераадрасоўваць паўнамоцтвы некаму іншаму няма патрэбы. Чаму Ёзэф Блатэр паводзіць сябе гэтакім жа чынам, як і прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэль, якія наадрэз адмаўляўся пазбаўляць Аляксандра Лукашэнку ягонай любімай цацкі? Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка на гэты конт такой думкі:

«Магу сказаць, што Блатэр лявіруе найперш таму, што яму хочацца да 100 гадоў кіраваць ФІФА, гэта зразумела. Такія пасады — вельмі дарагое месца, за такое лабіраваньне чыноўнікі шмат могуць атрымліваць. Зразумела, што ўсім хочацца сытна і цёпла жыць на старасьці. Праўда, Блатэр таксама ня вечны, там ёсьць іншыя людзі, прагрэсіўныя. Дый мала што прымушае яго лявіраваць? А што яму яшчэ рабіць? Гэта ж палітыка. Ён сочыць, глядзіць, хто больш за каго і г.д. Але гэта аднаразова не вырашаецца. Калі ўжо падыдзе крытычны пункт, думаю, і Блатэр засьпявае па-іншаму. Калі вялікая маса людзей будзе супраць чэмпіянату сьвету ў Расеі, то нікуды ён ня дзенецца, будзе вымушаны такі варыянт падтрымаць».

Новы пакет санкцыяў супраць Расеі, уключна з абмежаваньнямі ў сфэрах культуры і спорту, краіны Эўразьвязу мяркуюць ухваліць 5 верасьня. У Маскве ўжо далі зразумець, што там быць староньнімі назіральнікамі не зьбіраюцца і падрыхтуюць асымэтрычны адказ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG