Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз рыхтуе санкцыі супраць Расеі, а НАТО — ўзмацняе войска


Аб’яднаная Эўропа і сусьветная супольнасьць спрабуюць адрэагаваць на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Між тым, як Эўрапейскі зьвяз рыхтуе да пятніцы новы пакет эканамічных санкцый, ААН зьвяртае ўвагу на набліжэньне магчымай гуманітарнай катастрофы ў гэтай частцы эўрапейскага кантынэнту.

Канчатковае рашэньне адносна далейшых эмбарга супраць Расеі будзе прынятае ў пятніцу, заяўляе будучы вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыкі, італьянка Федэрыка Магерыні. Цяпер Эўракамісія распрацоўвае ўзмацненьне гэтых санкцый, у прыватнасьці, накіраваных на абаронную сфэру Расіі, тэхналёгій падвойнага выкарыстаньня, а таксама ў расейскім фінансавым сэктары.

Між тым, адкрыты неспакой агрэсіяй Расеі выказвае саюз НАТО. Там рыхтуюць новыя падразьдзяленьні, каб супрацьстаяць магчымай расейскай атацы. Базы, абсталяваныя найноўшым абсталяваньнем і некалькімі тысячамі войска хуткага рэагаваньня, будуць разьмешчаныя ў цэнтральных і ўсходніх дзяржавах альянсу. Рашэньне па гэтым пытаньні прымуць на саміце НАТО ў канцы тыдня.

Федэрыка Магерыні, усё яшчэ ў якасьці італьянскага міністра замежных спраў заяўляе, што дзяржавам-саюзніцам, якія мяжуюць з Расеяй, павінны быць прадстаўленыя дадатковыя гарантыі бясьпекі.

«Як па мне, то ёсьць неабходнасьць пераканацца ў тым, што ўсходнія краіны-сябры, якія падзяляюць межы з Расеяй, павінны быць упэўненыя, што 5-й пункт статута НАТО — гэта ня толькі тэкст на паперы. Гэта важна і ёсьць пэўныя крокі, якія саюз НАТО мае зрабіць для ўзмацненьня бясьпекі », — заявіла італьянскі міністар.

Згодна з 5-м пунктам Паўночнаатлянтычнай дамовы, у выпадку нападу на адну з краін-саюзьніц, яна можа разьлічваць на ваенную падтрымку астатніх 27 дзяржаў-сябраў блёку.

Між тым, Масква ўчора адрэагавала на намеры НАТО, заяўляючы, што лідэры гэтай арганізацыі і ЗША працягваюць лінію эскаляцыі напружаньня, а таксама паабяцала перагледзець сваю ваенную стратэгію ў дачыненьні да Захаду.

Адначасова Вярхоўны камісарыят ААН па справах бежанцаў зьвярнуў увагу на тое, што ў выніку канфлікту на сёньня ўжо налічваецца больш за паўмільёна ўцекачоў. 260 тысяч жыхароў з месцаў баявых дзеяньняў пакінулі свае дамы і пераехалі ў іншыя рэгіёны Ўкраіны. Такая ж колькасьць, паводле зьвестак арганізацыі, зьехала ў Расею. Вярхоўны камісар па справах бежанцаў Антоніа Гутэрас папярэджвае: калі не спыніцца канфлікт, то «гуманітарныя наступствы будуць катастрафічнымі» і «могуць дэстабілізаваць ўвесь рэгіён». Пры гэтым ён параўнаў сытуацыю ва Ўкраіне з той, што склалася ў часе вайны на Балканах з 1992 па 1995 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG