Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча перапрацоўваць польскае малако на продаж у Расею


У чацьвер група польскіх экспартэраў і інвэстараў наведае Беларусь, піша польская Gazeta wyborcza са спасылкай на міністра сельскай гаспадаркі Польшчы Марэка Савіцкага.

Як заявіў міністар, беларусы паабяцалі, што змогуць імпартаваць каля 200 тысяч тон малака ў месяц.

Марэк Савіцкі сказаў, што расейскае эмбарга зьяўляецца вельмі балючым для польскіх фэрмэраў, але не разбуральным — пад эмбарга патрапляе 6,2 працэнта ад усяго польскага экспарту, што адпавядае 1,3 мільярда ад экспарту на 20 мільярдаў эўра. Паводле міністра, Расея не асноўны рынак польскага продажу, але яна важная, асабліва для пэўных відаў гародніны і садавіны.

Марэк Савіцкі паведаміў, што па гэтай прычыне ў панядзелак наведаў Беларусь, дзе сустрэўся з кіраўніком Менску, кіраўніком вэтэрынарнай службы і намесьнікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым. Ён растлумачыў, што перамовы былі, у прыватнасьці, накіраваныя на тое, каб павялічыць прысутнасьць польскіх вытворцаў на рынку Беларусі.

«Беларусы паабяцалі, што яны гатовыя штомесяц купляць у нас у межах 200 тысяч тон малака — або сьвежае малако, або згушчанае малако, або парашковае, гэта значыць у розным выглядзе — каб перапрацаваць яго і прадаць, у тым ліку на расейскім рынку», — цытуе польскага міністра Gazeta wyborcza.

Міністар падкрэсьліў, што беларусы ня хочуць парушаць забароны і ўнутраныя дамовы ў межах мытнага саюзу з Расеяй і Казахстанам. Яны хочуць купляць польскую прадукцыю, прерапрацоўваць і прадаваць у Расію, «так, каб не было ніякіх заяваў, што гэта падман».

У пачатку жніўня Расея абвясьціла, што яна накладае забарону на імпарт садавіны, гародніны, мяса, птушкі, рыбы, малака і малочных прадуктаў з ЗША, Эўразьвязу, Аўстраліі, Канады і Нарвэгіі. Эмбарга дзейнічае на працягу аднаго году. Гэта зьяўляецца адказам на ранейшыя санкцыі, якія наклалі на Расею ЗША і Эўразьвяз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG