Ранішняя Кузьніца – памежная польская станцыя перад Беларусьсю. Чакаю цягніка ў маленькай кавяраньцы. «Вой, гэта вашая газэта!?» – кабета працягвае мне «Выборчу». «Мая, але глядзіце, калі ласка».
Выпадковая спадарожніца да Горадні толькі прабягае вачыма па першай паласе. Празь некаторы час завязваецца размова. Кузьніцу спарадкавалі, гатэльчык зрабілі, а начаваць ужо няма каму. Праблемы зь візамі абмежавалі прыезд у Польшчу беларускіх дробных гандляроў. «Я па карце паляка толькі на кастрычнік запісалася ў консульства!»
Калі хто ня ведае, карта паляка даецца ня толькі тым, чые бацькі-дзядулі нарадзіліся на тэрыторыі другой Рэчы Паспалітай, хто лічыць польскую мову роднай і ведае польскія звычаі.
Перад атрыманьнем трэба заявіць пра сваю прыналежнасьць да польскага народу. А паколькі большасьць народжаных у Заходняй Беларусі не былі этнічнымі палякамі, то іх унукам трэба сёньня рабіць выбар. Зрабіць унутраную працу. Для многіх ня вельмі цяжкую.
А нюансы можна тут зірнуць: Карта поляка. Махнем легально в Польшу?
Ужо ў Горадні ў чарзе на пашпартны кантроль цётухна зноў апынулася побач са мною. Я трымаў «Газэту Выборчу» разгорнутай на артыкуле пра Ўкраіну.
– А вы знаеце, што ў Польшчы ёсьць канал, які гоніць прапаганду?! – Вочы спадарожніцы акругліліся, і напоўніліся трывожнай энэргіяй. – Яны цьвердзяць, што ва ўсім гэтым Пуцін вінаваты!
У той жа дзень у іншым недалёкім ад беларускай мяжы горадзе – Вільні – адбываўся яшчэ адзін дыялёг.
Вільня, ноч, бар. Маладая літоўка:
– Вы расейцы?
– Мы зь Беларусі. Беларусь – не Расея!!!
– Вы таксама мяркуеце, што Пуцін – ... (вядомае ўжо ўсяму сьвету нецэнзурнае слова. – С.К.)
– Так!
– Калі так, вы клёвыя! :)
Вось дзьве маленькія гісторыі пра інтэрнацыяналы, якія ўтвараюцца тут і цяпер – у нас на вачох.
Я ня ведаю, якая карысьць польскаму народу ад «махнём в Польшу» і прыхільнікаў Пуціна. Першыя збольшага беспрынцыпныя спажыўцы, а вось другія... Калі што – стануць на бок свайго новага народа?
Зь іншага боку – людзі таксама розных нацыянальнасьцяў і грамадзянстваў, якія дбаюць пра свае радзімы, і разумеюць, што Пуцін, дакладней, калектыўны Пуцін – патэнцыйная пагроза іхным дамам.
Той самы выпадак, калі гісторыя застаецца гісторыкам – чыя больш спадчына ВКЛ, і хто больш мае правоў на старадаўнія сымбалі. А сучаснасьць фармуе новую – міжнародную – ідэнтычнасьць.
Пэрыядычна сустракаю заклік у абмеркаваньні розных тэмаў. Ад глябальных да культуралягічных нюансаў: «Давайце не разьядноўвацца! Нас – беларусаў – і так мала! Нашто зноў сварыцца!».
Калі пад «мы – беларусы» маецца на ўвазе пашана да беларускіх гісторыі, культуры і мовы, гэта ўжо не замінае быць супрацьлеглымі ў поглядзе на будучыню краіны.
Была нядаўна такая візія – хто за мову, той за Эўропу.
Не. Рэгулярна бачу ў сацыяльных сетках і на форумах літаратурнай беларускай мовай рэтрансьляцыю расейскай прапаганды што да агрэсіі ва Ўкраіну.
Калі я сяджу за кампом у Літве ці Польшчы і чытаю навіны, я разумею, што ў кожным выпадку існы на гэтых землях сьветагляд і стаўленьне да сваёй краіны застануцца.
Гэтых людзей можна акупаваць, дэпартаваць ці забіць. Але пасьля тыя, хто выжыве, адбудуюць усё нанова, і зробяць лепш.
Калі я чытаю навіны, будучы ў Беларусі, я разумею, што шалі былі і ёсьць вельмі роўнымі, і што яны могуць хіснуцца рэзка. І надоўга.
І тады можа вярнуцца нацыянальнасьць «абшчыньнік», а можа застацца нацыянальнасьць «гаспадар».
Гаспадары між сабою дамовяцца, у тым ліку пра мовы, сымболіку і гісторыю.
А ў абшчыньнікаў ніхто пытацца ня будзе.