Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры спраўдзілі мару загінулага Міхала Жызьнеўскага


Ніна Жызьнеўская і Міхаіл Жызьнеўскі
Ніна Жызьнеўская і Міхаіл Жызьнеўскі

Маці Міхала Жызьнеўскага, які загінуў на Майдане, паведаміла Свабодзе, што на ахвяраваныя грошы ўдалося набыць кватэру.

Адзін з каардынатараў збору ахвяраваньняў для сям’і Жызьнеўскіх, Андрэй Стрыжак, распавёў Радыё Свабода, якім чынам разьмяркоўваліся сродкі для сем’яў загінулых.

— Як зьбіралі грошы? Хто ахвяраваў?

— Дапамогай сям’і Жызьнеўскіх і ў Беларусі, і ва Ўкраіне займаліся валянтэры. Прычым пачалі гэта рабіць зь першага дня пасьля трагічнай гібелі Міхала Жызьнеўскага на Майдане. Акрамя таго, апошнім часам да гэтай справы спрычыніліся ўкраінскія фонды, створаныя спэцыяльна для таго, каб дапамагаць сем’ям загінулых на Майдане. Адзін з гэтых фондаў — гэта фонд Рыната Ахметава, які дапамагае сем’ям як актывістаў «Эўрамайдана», так і сем’ям сілавікоў, якія загінулі на Майдане. Большая частка грошай, за кошт якіх удалося набыць кватэру, была выдзеленая менавіта фондамі, аднак добрую частку сабралі і сярод звычайных беларусаў і ўкраінцаў.

— Чаму Жызьнеўскім вырашылі набываць менавіта кватэру, а ня штосьці іншае? Чаму проста не перадалі грошы?

— Фонд перш за ўсё вызначае, якая патрэба ёсьць у сям’і. Напрыклад, калі ў сям’і загінулага засталіся маленькія дзеці, то тады прымаецца рашэньне пра мэтавую падтрымку гэтых дзяцей, і вялікая сума не аддаецца адразу, а разьмяркоўваецца на ўвесь час да моманту дасягненьня дзецьмі паўналецьця. У сытуацыі з Жызьнеўскімі была патрэба менавіта ў жыльлі, бо і бацька, і маці яго даволі старыя і набыць сваё жыльлё ня могуць. Дый гэта была Мішава мара — зябясьпечыць сваю сям’ю жыльлём. І яна збылася.

— А дзе сям’я жыла да гэтага?

— Да гэтага ўвесь час яны наймалі арэнднае памяшканьне.

— Што гэта за кватэра? Дзе знаходзіцца? Колькі каштавала?

— Гэта двухпакаёвая кватэра. Яна знаходзіцца ў Гомелі. Іншыя дэталі мне невядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG