Маці Міхаіла Ніна Жызьнеўская кажа, што 22 ліпеня яны замовілі ў Навабеліцкай царкве Гомеля памінальную малітву — за Міхаіла і за Сяргея Нігаяна. Армянін і беларус сталі першымі ахвярамі ў барацьбе ўкраінцаў супраць рэжыму Януковіча.
Жызьнеўская: «Бацька з Наташай пайшлі ў царкву і замовілі дзьве паніхіды. Паніхіду па Сярожу Нігаяну адслужылі і па Мішу. Дзьве паніхіды было. Сьвечачкі паставілі. Потым прыйшлі дадому, мы выклікалі таксоўку і паехалі на могілкі да Мішы. Кветкі там паставілі, пасядзелі зь ім там. Людзі зь вёскі прыйшлі. Мы там пастаялі, пагутарылі. Вёска Сьцяг Працы ня можа ніяк супакоіцца, што Мішы няма — яна ж яго ведала змалку. Ён рос там».
Ніна Васільеўна апавяла, што на сабраную ўкраінцамі й беларусамі дапамогу ёй нарэшце ўдалося выкупіць маламерную двухпакаёвую кватэру на вуліцы Севастопальскай, якую сям’я доўгі час наймала:
«Тады, калі Міша загінуў, „Наша Беларусь“ дапамогу зьбірала — я адклала грошы. У траўні ўкраінскі фонд Чарнавецкага дапамог і Прыірпінскі фонд. Сабралі грошы, патэлефанавалі гаспадыні кватэры, дамовіліся. Грошы ўжо ў гаспадыні. Яна ўжо аформіла купчую, яе трэба толькі забраць — і ўсё. Так што мы застаёмся тут. Я ўжо крыху супакоілася, бо гэта ўжо кватэра наша. Гаспадыня ўжо ня скажа: зьбірай рэчы і сыходзь».
Жызьнеўская згадала, што калі Міша быў жывы, абяцаў сам дапамагчы сям’і набыць уласнае жыльлё. Ведаў, што пэнсіі ў бацькоў сьціплыя. Сястра Наташа таксама зарабляе мала. Да таго ж пла́ціць за завочнае навучаньне ва ўнівэрсытэце. Ніна Васільеўна кажа, што Міша за тры тыдні да гібелі тэлефанаваў, абяцаў прыехаць у траўні:
«Міша нам думаў сам кватэру купляць, і ён жа назьбіраў ужо 17 тысяч даляраў. Адкуль я ведаю? Мы зь ім па тэлефоне размаўлялі 31 сьнежня ў 10 гадзін вечара, перад самым Новым годам. Казаў: „Мама, я прыеду ў траўні. Дазьбяру грошай, прыеду і куплю вам кватэру. Я ўжо 17 тысяч назьбіраў“. І калі Міша загінуў, гэтыя яго грошы невядома куды падзеліся. Я здагадваюся, хто іх забраў, здагадваюся. Бог ім судзьдзя, яны атрымаюць сваё».
Жанчына паведаміла, што 1600 даляраў дапамогі і спачуваньні яна атрымала са Злучаных Штатаў Амэрыкі, з Каліфорніі. За гэтыя грошы сям’я мае паставіць на магіле агароджу і помнік.
Спачувалі сям’і, дадае Ніна Васільеўна, дасылалі нешта й арганізацыі з розных краінаў сьвету. Не адрэагавалі толькі на забойства Міхаіла ніякім чынам мясцовыя ўлады.
З апошніх навінаў Жызьнеўская даведалася, што ўкраінскія ўлады зьбіраюцца заснаваць адмысловую ўрадавую ўзнагароду — Ордэн герояў «Нябеснай сотні»:
«Узнагароды мне сына, канечне, не заменяць. Але, думаю, ордэн патрэбны як памяць пра іх».
Маці героя Майдана вельмі непакоіць, што ва ўкраінскім Данбасе сэпаратысты пры падтрымцы Расеі разьвязалі вайну. І нават цывільныя самалёты зьнішчаюць:
«Можна было б неяк мірным шляхам усё вырашыць і не чапаць гэтую Ўкраіну — няхай бы яна сама станавілася на ногі. Відаць, камусьці гэта выгадна, бо грошы вялікія. Калі дазнаюцца дакладна, хто самалёт зьбіў, то трэба іх вылавіць, адвезьці ў лес на дзьве бярозы — і распусьціць напапалам. Тады, можа, іншыя пабаяцца такое рабіць. Іначай яны не баяцца, беспакарана забіваюць людзей. І дзяцей, і дарослых — усіх. Так нельга. Героі Майдану загінулі, каб Украіна была адзіная, цэлая і непадзельная. І Міша гэтага хацеў.
А расейцам: вунь Расея вялікая, няхай у Сыбіры разьдзіраюць, і Магадан, і Чукотку. Няхай там дзеляць на кавалкі і разьдзіраюць».