ПАДЗЕІ ДНЯ
У офісе Таварыства беларускай мовы ў Менску (вул. Румянцава, 13) пройдзе творчая сустрэча з гомельскім пісьменьнікам Сяргеем Балахонавым. Пачатак у 18:00.
У гарадзенскай галерэі «Крыга» (вул. Савецкая 3) адбудзецца канцэрт сьпявачкі Паліны Рэспублікі. Пачатак у 19.00.
ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1227 – Пакінуў гэты сьвет Чынгісхан, заснавальнік і вялікі хан Мангольскай імпэрыі, арганізатар паходаў у краіны Азіі і Эўропы.
1924 – У Менску чэкісты арыштавалі лідэра антысавецкага падпольля Барыса Савінкава. На запрашэньне Юзэфа Пілсудзкага Савінкаў жыў у Польшчы, дзе ўдзельнічаў у падрыхтоўцы атрадаў Булак-Балаховіча да рэйдаў на тэрыторыю БССР. Для таго, каб завабіць Савінкава ў Менск, чэкісты стварылі фіктыўную антысавецкую арганізацыю пад назвай «Лібэральныя дэмакраты». Схоплены Савінкаў быў асуджаны на 10 гадоў і, паводле афіцыйнай вэрсіі, у турме скончыў жыцьцё самагубствам. Аднак гэтую вэрсію абвяргае Аляксандар Салжаніцын, які даказвае, што Барыс Савінкаў насамрэч быў забіты.
1941 – У мястэчку Зэмбін Барысаўскага раёну фашысты расстралялі каля тысячы мясцовых жыхароў-габрэяў. Як заўважае дасьледнік Вольф Рубінчык, пасьля гэтага габрэйскае жыцьцё ў Зэмбіне ўжо не адрадзілася. Між тым, яшчэ да рэвалюцыі гэтае мястэчка было шырока вядомае. Там ствараліся хаўрусныя банчкі – крэдытныя таварыствы, пра якія пісала віленская «Наша Ніва».
1958 – у ЗША выйшаў славуты раман Уладзіміра Набокава «Лаліта».
1968 – кіраўніцтва краін Варшаўскай дамовы ўхваліла ўвод войскаў у Чэхаславаччыну. Войскі СССР, ГДР, Польшчы, Вугоршчыны і Баўгарыі ўвайшлі на тэрыторыю Чэхаславаччыны 21 жніўня 1968 году. Вайсковая апэрацыя запыніла лібэралізацыю палітычна-эканамічнага жыцьця ў краіне і ўзмацніла ўладу Камуністычнай партыі Чэхаславаччыны.
У гэты дзень нарадзіліся:
1891 – Антон Васілеўскі, беларускі пісьменьнік, выдавец сатырычнага часопісу «Авадзень». «Авадзень» выходзіў на беларускай мове 2 разы на месяц у Вільні ў 1924-1933 гады.
1891 – Макар Краўцоў, беларускі пісьменьнік, публіцыст, грамадзка-палітычны дзяяч, аўтар словаў гімну БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».
1933 – Раман Палянскі, польскі кінарэжысэр сусьветнага фармату, які працаваў у Польшчы, ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі. Паставіў такія фільмы як «Нож у вадзе», «Агіда», «Дзіця Розмары», «Бясстрашныя забойцы вампіраў», «Кітайскі квартал», «Тэс».
1936 – амэрыканскі актор Робэрт Рэдфард. Зьнімаўся ў такіх фільмах як «Буч Кэсідзі і Сандэнс Кід», «Вялікі Гэтсбі», «Тры дні Кондара», «Звычайныя людзі», «З Афрыкі».
З КАЛЕНДАРА БАХАРЭВІЧА
Лябірынты безь мінатаўраў. 18 жніўня 1922 нарадзіўся Ален Роб-Грые