Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Невыносная вайна ў Ізраілі — зь першых вуснаў


Радыё Свабода пагутарыла зь беларускай Дар’яй Каткоўскай. Разам зь сямігадовым сынам Алесем яны цяпер жывуць у Ашдодзе, горадзе ў зоне абстрэлу.

Радыё Свабода пагутарыла зь беларускай Дар’яй Каткоўскай. Разам зь сямігадовым сынам Алесем яны цяпер жывуць у Ашдодзе, горадзе ў зоне абстрэлу.

— Наколькі небясьпечна цяпер у Ізраілі?

— Рэальнай небясьпекі жыцьцю асобнага чалавека няма. Можна сказаць жартуючы, што статыстычна звычайнае падарожжа па дарозе ў любой кропцы сьвету нясе ў сабе больш небясьпекі, чым гэта. Асабліва, калі выконваць правілы, якія служба тылу, армія праз мэдыі пастаянна даносяць да грамадзян. Зрэшты, на мой погляд, ёсьць розьніца паміж гарадамі на поўдні краіны (Ашкелон, Ашдод, Сдэрот, Беэр Шэва) і астатняй краінай — падчас абстрэлу ў гэтых гарадах ракеты часьцей падаюць у межах гораду (і гэта пры тым, што сыстэма паветранай абароны Жалезны Купал паказвае фэнамэнальныя вынікі па зьбіцьці ракет — каля 90%, аднак калі за месяц па краіне выпускаецца больш за некалькі тысяч ракет, то небясьпека трапляньня ракеты ў жылыя масівы ёсьць).

Аднойчы ракета разарвалася ў дзюне недалёка ад нашага дому — васьміпавярховік страсянула, як пры землятрусе ў некалькі балаў, грохат быў вельмі гучны

У горадзе, у якім мы жывем, — Ашдодзе, падчас гэтага канфлікту ракеты падалі каля 10 разоў. На шчасьце, ахвяр няма, нягледзячы на тое, што адна ракета нават трапіла ў бэнзазапраўку, аднак усё гэта таму, што жыхары поўдня асабліва выконваюць правілы паводзінаў падчас ракетных абстрэлаў. Аднойчы ракета разарвалася ў дзюне недалёка ад нашага дому — васьміпавярховік страсянула, як пры землятрусе ў некалькі балаў, грохат быў вельмі гучны.

Падсумоўваючы, я б ахарактарызавала сытуацыю з пастаяннымі абстрэламі гарадоў Ізраіля як страшную, але не небясьпечную. Дыскамфортна, вымотвае (калі ўсхопліваесься пасярод ночы і бяжыш у бомбасховішча зь дзіцём на руках — а цяпер такія сыгналы гучаць па начох ня толькі на поўдні, але і па ўсей краіне).

Таксама зьявілася новая небясьпека, якую Ізраіль ня ведаў раней — падземныя тунэлі, якія вядуць з палестынскай тэрыторыі на тэрыторыю Ізраілю. Гіганцкія субсыдаваныя сродкі былі ўбуханыя ў кілямэтры тунэляў, якія выкарыстоўваюцца тэрарыстамі для пранікненьня на тэрыторыю невялікіх паселішчаў недалёка ад мяжы з сэктарам Газа — напрыклад, сёньня такі тунэль быў знойдзены на дзіцячай пляцоўцы аднаго з кібуцаў падчас рамонту пляцоўкі. Каля тыдня таму армія Ізраілю нэўтралізавала 10 узброеных тэрарыстаў, якія праз такі тунэль праніклі ў кібуц і спрабавалі захапіць закладнікаў. Гэтая прыхаваная пагроза для жыхароў памежных паселішчаў зараз шырока абмяркоўваецца — якім чынам забясьпечыць абарону жыхароў, у тым ліку празь нейкія высокатэхналягічныя сродкі адсочваньня падземных зрухаў.

— Як жыць ва ўмовах ваенных дзеяньняў? Якія трэба выконваць правілы?

Я б сказала: першае правіла — сапраўды выконваць усе правілы

— Я б сказала: першае правіла — сапраўды выконваць усе правілы. Ізраіль падзелены на адмысловыя «зоны» — жыхары гэтых зон ведаюць, колькі ў іх ёсьць часу, каб схавацца падчас абстрэлу ад моманту пачатку сырэны: гэта ад 15 сэкундаў у Сдэроце (гэта вельмі мала, людзі ў Сдэроце вымушаныя шмат часу праводзіць і нават начаваць у сховішчах), 30, 45 (Ашдод знаходзіцца ў 45-сэкунднай зоне), 60 і 90. За гэты час, калі гучыць паветраная трывога (гэта такая вельмі гучная пранізьлівая сырэна, якую чутна адусюль і немагчыма ні з чым зблытаць), трэба схавацца ў бясьпечным месцы. Такім месцам можа быць спэцыяльны пакой, збудаваны ў доме (паводле правілаў будаўніцтва 1992 году, усе жылыя дамы будуюцца з бомбасховішчам-пакоем з узмоцненымі жалезабэтоннымі сьценамі, мэталічнымі аканіцамі), можа быць бомбасховішча ў доме для ўсіх жыхароў, публічнае бомбасховішча. Калі дабегчы да бомбасховішча няма часу (напрыклад мы з 4 паверху за 45 сэкунд не пасьпяваем да бомбасховішча на нулявым паверсе — асабліва, калі сырэна гучыць, а ты ў душы ці сьнедаеш ці заняты побытавымі справамі) — трэба выйсьці на лесьвічную пляцоўку і заставацца на ёй паміж 2 і 4 паверхамі, бо гэта самая ўмацаваная частка жылога будынку, паміж сьцяной дому і вамі шмат жалезабэтонных перакрыцьцяў, якія захоўваюць канструкцыю будынку.

Калі вы ня дома — то ва ўсіх публічных установах ёсьць бомбасховішчы або «абароненыя зоны» — ніжнія паверхі бяз вокнаў. Можна забегчы ў любы пад’езд — на час вайны муніцыпалітэт нашага гораду абавязаў жыхароў адключыць усе кодавыя замкі на пад’ездах, каб даць доступ мінакам у выпадку паветранай трывогі. У бомбасховішчы трэба заставацца яшчэ некалькі хвілін пасьля сканчэньня сырэны і выбуху. Калі няма побач будынкаў — трэба легчы на зямлю і затуліць галаву рукамі. Такія меры патрэбныя, бо небясьпеку ўяўляюць аскепкі зьбітых ракет.

Я на ўласныя вочы бачыла, як шаша спыняецца падчас паветранай трывогі і ўсе кладуцца на зямлю. Такое відовішча шчыра ўражвае

Аналягічна трэба рабіць, калі едзеш на машыне — трэба выйсьці з машыны, адысьці на ўзбочыну і легчы на зямлю, закрыўшы галаву рукамі. Я на ўласныя вочы бачыла, як шаша спыняецца падчас паветранай трывогі і ўсе кладуцца на зямлю. Такое відовішча шчыра ўражвае.

Дзеці могуць хадзіць толькі ў тыя садкі і школкі, дзе ёсьць бомбасховішчы. Абмежаваныя масавыя мерапрыемствы. Небясьпечна знаходзіцца на адкрытай мясцовасьці, асабліва за горадам — бо там не зьбіваюць ракеты, яны проста ўзрываюцца.

— Як ізраільцяне прыстасавалі сваё жыцьцё да ўмоваў пастаяннай небясьпекі?

— З маіх уласных «лайфхакаў» — падчас вайны любое сваё дзеяньне трэба вымяраць пастаянным унутраным алярмам «а што калі зараз сырэна і трэба за 45 сэкундаў дабегчы да сховішча?»: ідзеш у душ і кладзеш побач адзеньне, якое можна імгненна нацягнуць, гэтаксама калі кладземся спаць — побач «хуткае адзеньне», акуляры і тэлефон. У машыне мы возім дыванок для ёгі, каб ня класьціся на гарачы асфальт ці ў бруд, калі трывога застае нас за рулём. Таксама калі едзеш на машыне ці ідзеш па вуліцы, па парку, у краму — кожны раз ацэньваеш — куды я пабягу ў выпадку сырэны, выбіраеш адпаведныя маршруты — напрыклад, маршрут даўжэйшы, але праз вуліцы з дамамі, а не праз прамысловую зону — і часта гэта сапраўды ратавала — пасьпяваем забегчы ў пад’езд ці бомбасховішча.

Шмат жыхароў поўдня, які абстрэльваюць усё ж такі значна часьцей, перабраліся ў цэнтар краіны і на поўнач

Шмат жыхароў поўдня, які абстрэльваюць усё ж такі значна часьцей, перабраліся ў цэнтар краіны і на поўнач. Валанцёры з поўначы пакідаюць свае дадзеныя — каб ахвочыя з поўдня маглі пераехаць да іх на пэўны час — пажыць без бамбёжак.

Служба хуткай дапамогі, паліцыі і пажарныя зьмянілі свае сыгналы, каб жыхары ня блыталі іх з сырэнай паветранай трывогі і не палохаліся. Па тэлевізіі вельмі спакойна псыхолягі кажуць што і як казаць дзецям, якім чынам бавіць зь імі час, у якія гульні лепш зь імі гуляць, каб яны пачуваліся больш камфортна.

Таксама створана адмысловая мабільная аплікацыя для тэлефонаў «Цэва Адом — Red Alert — чырвоная небясьпека» (гэта назва сыгналу паветранай трывогі ў Ізраілі), якая ў рэжыме рэальнага часу дае гукавы сыгнал там, дзе паветраная трывога зараз. Таксама калі бачыш, што сыгнал трывогі ў суседнім горадзе, ёсьць пару імгненьняў, каб сказаць сабе і блізкім — так, падобна, зараз у нас таксама будзе, пасьпець абуцца ці захапіць у сховішча нейкую забаўлянку для дзіцяці.

Я ня думаю, што стаўленьне да сьмерці неяк зьмянілася. Проста жыцьцё стала больш падпарадкаваным нейкім правілам і ўмовам, якія немагчыма зьмяніць, але яно працягваецца

— Як уплывае вайна на агульную атмасфэру, самаадчуваньне: людзі ўвесь час гатовыя да сьмерці ці перастаюць думаць пра яе наогул?

— Я ня думаю, што стаўленьне да сьмерці неяк зьмянілася. Проста жыцьцё стала больш падпарадкаваным нейкім правілам і ўмовам, якія немагчыма зьмяніць, але яно працягваецца — людзі па-ранейшаму ходзяць у кавярні і гандлёвыя цэнтры, там дзе гэта бясьпечна, далей ад Газы, — купаюцца ў моры, ходзяць на працу, працягваюць свой бізнэс, нягледзячы на эканамічныя страты ў гарадах Поўдня.

Зараз публікуецца шмат здымкаў загінулых салдат — гэта вельмі горка і балюча глядзець на сонечныя здымкі маладых прыгожых хлопчыкаў. Але гэта збліжае. Ёсьць адчуваньне, што мы зараз адна краіна — адна сям’я, усе разам, яны за нас, а мы тут молімся і перажываем за іх.

— Што зьмянілася пасьля таго, як ізраільская армія пачала наземную апэрацыю?

— Зьявілася адчуваньне нейкай надзеі, што ёсьць шанец скончыць гэты тэрор — зьнішчыць ракеты, пускавыя ўстаноўкі, тунэлі, тэрарыстаў. Бо гэта цягнецца гадамі, і асабліва, як я казала раней, пакутуюць жыхары бліжэйшых да мяжы гарадоў: псыхалягічна і фізычна, бо зараз яны амаль што ня могуць выйсьці на вуліцу як з-за ракет, так і з-за мінамётных абстрэлаў. Таксама пасьля пачатку наземнай апэрацыі асабіста ў мяне зьявілася адчуваньне большай абароненасьці — за намі армія, якая нас абароніць і хутка гэтая невыносная вайна скончыцца.

— Пачалі зьяўляцца ахвяры з ізраільскага боку — пераважна сярод вайскоўцаў — як гэта ўспрымаецца людзьмі? Ці паўплывала гэта на падтрымку ўладаў? Якія настроі пануюць у грамадзтве?

— Гібель салдат успрымаецца вельмі балюча. На пахаваньні прыходзяць тысячы людзей. Калі ў Хайфе хавалі салдата-адзіночку, у якога ў Ізраілі няма сваякоў, на пахаваньне прыехала больш за 20 000 чалавек. Пра забітых і параненых шмат кажуць у мэдыях, у сацыяльных сетках — я б сказала, што кажуць з болем і пяшчотай. Я чула інтэрвію бацькі палеглага салдата. Ён перакананы, што ягоны сын загінуў нездарма і ён падтрымлівае ўрад і жадае, каб толькі ў яго хапіла палітычнай волі давесьці справу да канца і каб ахвяры салдат і мірных жыхароў ня сталі б дарэмнымі. Гэта агульная атмасфэра. У Ашдодзе, які бамбяць бесьперапынна, людзі вывешваюць на дамах, бальконах, машынах ізраільскія сьцягі. На суседняй вуліцы нехта павесіў на бальконе аграмадны плякат «Дайце нарэшце Арміі давесьці справу да канца».

У Ашдодзе, у іншых гарадах краіны масава зьбіраюць пасылкі для салдат (мне гэта нагадвае тую хвалю салідарнасьці і дапамогі, якая была ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году — каб чытачам была зразумелая атмасфэра) — зьбіраюць тое, што спрашчае іх побыт — зьмену бялізны, вільготныя сурвэткі, цыгарэты, нейкія прысмакі, пішуць лісты і паштоўкі, дасылаюць малюнкі. Таксама ў гандлёвых цэнтрах стаяць мабільныя лябараторыі збору крыві для параненых салдат — людзі паміж пакупкамі таксама здаюць кроў. Можна пералічыць сродкі ў розныя фонды падтрымкі салдат — магчымасьцяў шмат і сапраўды ўсе разам падтрымліваюць іх.

Па маіх адчуваньнях, людзі падтрымліваюць урад і вельмі хочуць, каб апэрацыя дзеля разбурэньня тунэляў, пошуку і зьнішчэньня ракет была даведзеная да канца

Па маіх адчуваньнях, людзі падтрымліваюць урад і вельмі хочуць, каб апэрацыя дзеля разбурэньня тунэляў, пошуку і зьнішчэньня ракет была даведзеная да канца, нягледзячы на ціск сусьветнай супольнасьці, пры гэтым людзі гатовыя трываць нязручнасьці і абстрэлы, іншыя ваенныя цяжкасьці, але каб мець надзею, што пастаянныя абстрэлы і напады на Ізраіль будуць скончаныя.

— У сусьветных мэдыях шмат гаворыцца пра ахвяры сярод палестынцаў, што выклікае хвалі салідарнасьці з Газай і антыізраільскія настроі — што б вы сказалі людзям з такой пазыцыяй?

— Я б сказала, што мне шкада, што яны выкарыстоўваюць гэтую «езуіцкую лёгіку»: ХАМАС наўмысна падстаўляе жыхароў пад удар. Пры тым што армія Ізраілю загадзя папярэджвае мірных жыхароў — скідваюць лістоўкі, смскі і па радыё — аб тым, у якім месцы будуць паветраныя ўдары або наземныя і куды трэба кіравацца мясцовым жыхарам, каб быць у бясьпецы. Ізраіль, у адрозьненьне ад ХАМАСа, найбольшай каштоўнасьцю лічыць сваё насельніцтва і кожнага чалавека паасобку (можна прыгадаць як шараговага салдата Гілада Шаліта абмянялі больш чым на тысячу палестынскіх злачынцаў з турмаў Ізраілю) і робіць усё, каб ніхто не пацярпеў. Вельмі небясьпечна прызнаваць рацыю за тым, хто мае больш ахвяр — відавочна, гэта тое, на што разьлічвае ХАМАС. Маўляў дзякуючы высокай колькасьці ахвяр на Ізраіль націсьне міжнародная супольнасьць, і ХАМАС здолее захаваць свае пазыцыі ў Газе, свае ракеты (якія ён, дарэчы, як ужо даказана тройчы за гэтую апэрацыю, захоўвае ў тым ліку ў школах бальніцах і аб’ектах ААН), а таксама атрымае ў будучыні фінансаваньне на «адбудову інфраструктуры» (а як паказвае тое, што адбываецца цяпер у Газе, — насамрэч на адбудову вялікай сеткі тунэляў, у якіх хаваюцца пускавыя ўстаноўкі і якія выкарыстоўваюцца для тэрарыстычных атак на тэрыторыю Ізраілю. І гэта дасьць ХАМАСу магчымасьць празь некалькі гадоў пачаць новы віток эскаляцыі гвалту, акрамя пастаянных кропкавых атак і нападаў на Ізраіль. Наконт ахвяр ёсьць вельмі вядомая ў Ізраілі фраза: «У палестынцаў ня будзе ахвяр, калі яны навучацца любіць сваіх дзяцей больш, чым яны ненавідзяць ізраільцян», і я магу зь ёю згадзіцца.

Дар’я Каткоўская – юрыстка, грамадзкая актывістка, блогерка, у Ізраілі часова па асабістых абставінах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG