Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанскія PR-кампаніі адмываюць рэпутацыі дыктатараў


Цімаці Бэл
Цімаці Бэл

Гадавы абарот PR-індустрыі ў Вялікабрытаніі складае 12,7 мільярдаў даляраў. Дзякуючы адсутнасьці дзяржаўнага рэгуляваньня, галіна імкліва разьвіваецца. Адна з крыніц даходаў брытанскіх паліттэхнолягаў — паляпшэньне іміджу замежных дыктатараў. Адна з самых вядомых зьдзелак такога кшталту — супрацоўніцтва кампаніі Цімаці Бэла Bell Pottinger з Аляксандрам Лукашэнкам.

Журналіст інтэрнэт-выданьня Vice Джэк Гілбэрт паразмаўляў на гэты конт з Тамазінам Кэйвам, кіраўніком арганізацыі Spinwatch, якая вывучае і адсочвае дзейнасьць PR-кампаній.

Vice: Чаму дыктатуры выкарыстоўваюць PR-фірмы?

Урады, якія рэгулярна парушаюць правы чалавека, падаўляюць пратэсты і свабоду слова, будуць укладаць вялікія грошы ў піяр

Кэйв: Усе ўрады турбуюцца аб сваёй рэпутацыі. З гэтага вынікае, што ўрады, якія рэгулярна парушаюць правы чалавека, падаўляюць пратэсты і свабоду слова, будуць укладаць вялікія грошы ў піяр. Кепскі вобраз краіны можа паставіць пад пагрозу інвэстыцыі, гандаль, стасункі зь іншымі дзяржавамі. Дыктатарскія краіны могуць патрапіць пад санкцыі ці яны ўжо знаходзяцца пад санкцыямі і хочуць, каб іх скасавалі.

Таму ўсё больш ўрадаў зьвяртаюцца да PR-груп і лабістаў, каб палепшыць свой імідж. Гэта адмываньне рэпутацыі. Яны купляюць сабе аўтарытэт у палітычных цэнтрах, такіх як Брусель і Вашынгтон, у цэнтрах міжнароднай і фінансавай інфармацыі, сярод інвэстараў. Лёндан — ідэальнае месца, каб знайсьці памочнікаў у гэтай справе. Часткова гэта зьвязана з тым, што брытанская PR-галіна менш празрыстая, чым, скажам, амэрыканская. Амэрыканскія фірмы, якія працуюць на замежныя ўрады, павінны зарэгістраваць сваю дзейнасьць у адпаведнасьці з законам аб замежных агентаў (FARA). Такіх правілаў няма ў Вялікабрытаніі.

Vice: А як гэтыя PR-групы могуць «адмываць» дыктатуры, калі ёсьць паведамленьні аб парушэньнях там правоў чалавека?

Кэйв: Гэта праца PR-кампаніі, каб задобрыць журналістаў і камэнтатараў ці пераканаць іх удзельнічаць ў фармаваньні станоўчага вобразу той ці іншай краіны. Некаторыя PR-агенцтвы маюць велізарную ўладу ў брытанских СМІ, многія журналісты залежаць ад іх інфармацыі. Калі яны не ідуць насустрач піяршчыкам, іх праца робіцца амаль немагчымай.

Існуюць таксама тэхналёгіі падаўленьня нэгатыўнага кантэнту шляхам маніпуляцыі інтэрнэт-прасторай. Гэта прадугледжвае стварэньне пазытыўнага кантэнту, які падманвае пошукавыя сыстэмы і адціскае нэгатыўныя паведамленьні зь першай старонкі вынікаў пошуку

Існуюць таксама тэхналёгіі падаўленьня нэгатыўнага кантэнту шляхам маніпуляцыі інтэрнэт-прасторай. Гэта прадугледжвае стварэньне пазытыўнага кантэнту, які падманвае пошукавыя сыстэмы і адціскае нэгатыўныя паведамленьні зь першай старонкі вынікаў пошуку. Вядома, што адзінкі праглядаюць далей за першую старонку вынікаў пошуку. Мэта палягае ў тым, каб пахаваць дрэнныя навіны пад грудай прапаганды.

Vice: Як дзейнічае мэханізм «адмываньня» дыктатараў?

Кэйв: Першы крок «крызіснага кіраваньня», як яны называюць гэты тып працы высьвятленьне, што людзі кажуць пра кліента. Другі крок — прыдумаць альтэрнатыўны наратыў таго, што кліент хоча прасунуць. Напрыклад, кампанія Bell Pottinger была нанятая Аляксандрам Лукашэнкам, якога ахрысьцілі «апошнім дыктатарам Эўропы», каб дапамагчы краіне забясьпечыць адмену санкцый ЭЗ шляхам прасоўваньня паведамленьня, што «Беларусь прыступае да дэмакратычных пераменаў».

Працэс прадугледжвае працу як з друкам, гэтак і са службовымі асобамі і палітыкамі, каб пасланьне дайшло да ўплывовых людзей ва ўрадзе. Для гэтага вам трэба добрыя сувязі, найлепш тут падыходзяць былыя міністры, былыя паслы, пэнсіянэры зь ліку старэйшых дзяржаўных служачых. Bell Pottinger, напрыклад, праз такіх асобаў, як сэр Дэвід Рычманд — былы высокапастаўлены супрацоўнік міністэрства замежных справаў, змог палепшыць зносіны паміж Беларусьсю і ўладнымі коламі ў Лёндане, Брусэлі і Вашынгтоне.

Vice: Як піяршчыкі апраўдваюць тое, што яны робяць?

Кэйв: Расея ўжо даўно выкарыстоўвае паслугі лёнданскіх PR-агенцтва. Portland Communications зьяўляецца адной з самых запатрабаваных лабісцкіх фірмаў на дадзены момант. Іх адказ у тым, што яны дапамагаюць ўраду Расеі наладжваць зносіны са сьветам. Цім Алан — заснавальнік фірмы і былы дарадца Тоні Блэра — кажа, што гэта не на шкоду дэмакратыі — дапамагчы ўраду Пуціна, які раней быў закрыты для сьвету, пайсьці па шляху большай адкрытасьці. Пэўная рацыя ў гэтым ёсьць. Але гэта не адмяняе таго факту, што яны працуюць з рэжымам, у якога жыхлівая сытуацыя з правамі чалавека.

Цім Бэл, кіраўнік Bell Pottinger, таксама кажа, што перасьледуе мэты дэмакратыі, падштурхоўваючы дыктатараў у адпаведным кірунку. Ён, напрыклад, параіў Лукашэнку вызваліць палітычных вязьняў, каб санкцыі былі зьнятыя. Але потым Беларусь адмовілася ад сваіх абяцаньняў і санкцыі былі адноўленыя.

Vice: Ці былі выпадкі, калі PR-фірмы прыкрывалі генацыд ці злачынствы супраць чалавечнасьці?

Кэйв: Ёсьць вялікі сьпіс PR-фірмаў і лабісцкіх агенцтваў, якія працавалі для некаторых вельмі жорсткіх рэжымаў. Амэрыканская фірма Burson-Marsteller працавала на нігерыйскі ўрад ў 60-х гадах, каб «адмыць» крывавае задушэньне паўстаньня ў Біяфры, у 70-я гады гэтая фірма працавала, каб палепшыць імідж Аргентыны пасьля вайсковага перавароту, падчас якога 30 тысяч чалавек зьніклі бяз вестак. Гэтае агенцтва працавала на ўрад Інданэзіі, калі ён быў абвінавачаны ў генацыдзе ва Ўсходнім Тыморы.

Іншая амэрыканская фірма, Hill & Knowlton, працавала на кітайцаў пасьля бойні на плошчы Цяньаньмынь у 1989 годзе, і з Угандай, каб дапамагчы ёй нэўтралізаваць надзвычай крытычныя даклады праваабарончых арганізацый. Weber Shandwick працавала з калюмбійскім урадам, чыё дасье наконт правоў чалавека робіць жудаснае ўражаньне.

Зусім нядаўна, калі тэлеканал Channel-4 паказаў сваё дасьледаваньне аб ваенных злачынствах у Шры-Ланцы, у інтэрнэце назіралася ўзгодненая кампанія, удзельнікі якой ставілі пад сумнеў аб’ектыўнасьць дасьледаваньня. Арганізаванасьць і маштаб кампаніі сьведчылі пра тое, што за ёй стаялі прафэсіяналы піяру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG